weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
22.02.2013 08:29 ,

Дзяржкантроль выявіў парушэнні на “Дыліс Касметык”

У той час, калі прадпрыемства брала крэдыты ў банках, перад ім раслі значныя даўгі старонніх арганізацый.

Гэтыя недахопы, а таксама прамыя парушэнні заканадаўства выявіла нядаўняя праверка Маладзечанскім міжрайкамітэтам дзяржкантролю аднаго з буйнейшых вытворцаў парфумы ў Беларусі.

Праверка прадпрыемства ўстанавіла шэраг фактараў, якія адмоўна адбіваюцца на яго фінансавым становішчы.

ЗАТ “Дыліс Касметык”, пашыраючы сваю вытворчасць, накіроўвала значныя сродкі ў інвестыцыі – пашырэнне ўласнай вытворчай базы.

Набыўшы ва ўласнасць незавершаныя будаўнічыя аб’екты пад будучыя склады, адміністрацыйныя і санітарна-бытавыя памяшканні, далейшыя будаўнічыя работы праводзіліся без праектна-каштарыснай дакументацыі, якая б прайшла абавязковую дзяржэкспертызу. А эксплуатацыя такіх памяшканняў на працягу 2012 года вялася без акту прыёмкі аб’екта ў эксплуатацыю і без заключэння дзяржорганаў аб надзейнасці і бяспецы аб’екта, яго адпаведнасці патрабаванням выбухова-пажарнай бяспекі, вытворчай санітарыі і інш.

Таварыства на працягу 2011–2012 гадоў перыядычна парушала нарматывы тэрмінаў паступлення валютнай выручкі – долараў ЗША. Пры ўстаноўленым заканадаўствам максімальным тэрміне паступлення доларавай выручкі за прададзеную прадукцыю ў 90 дзён у некаторых выпадках ён складаў ад 91 да 134 дзён. Гэта таксама не спрыяла фінансавай устойлівасці прадпрыемства.

На “Дыліс Касметык” значна расла дэбіторская запазычанасць старонніх арганізацый. Толькі са студзеня па кастрычнік мінулага года яна павялічылася на 2,5 мільярда рублёў. Пры гэтым раслі запасы гатовай прадукцыі – парфума і туалетная вада – на складах. Гэты рост склаў 7,9 мільярда рублёў.

Кантралёры знайшлі парушэнні ў бухгалтарскім уліку. У першую чаргу гэта тычыцца няправільнага ўліку арандаванай маёмасці, іншых абавязацельстваў, у тым ліку залогаў, якія павінны былі адлюстроўвацца і не адлюстроўваліся на забалансавых рахунках прадпрыемства. У выніку праверкі на гэтыя рахункі былі аднесены маёмасць і абавязацельствы на суму больш чым на 34 мільярды рублёў.

Як негатыўны паказчык праверка адзначыла павелічэнне фінансавых абавязацельстваў – крэдыторская запазычанасць, у тым ліку доўгатэрміновых банкаўскіх крэдытаў і займаў – на 2,4 мільярда рублёў.

У 2011–2012 гадах перавышаны дапушчальны каэфіцыент суадносін сярэдняй зарплаты кіраўніка і сярэдняй зарплаты па арганізацыі ў цэлым. Міжрайкамітэт выдаў ЗАТ “Дыліс Касметык” прадпісанне аб ухіленні парушэнняў памеру і ўмоў аплаты працы на прадпрыемстве і праінфармаваў аб гэтым райвыканкам.

Не было правільнага ўліку адходаў бою шкла – бою тары для парфумернай прадукцыі. Недахоп гэтых адходаў склаў 1 тону 251 кілаграм.

У выніку праверкі ад ЗАТ “Дыліс Касметык” і службовых асоб спагнаныя 82 мільёны рублёў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 14 работнікаў.

Па матэрыялах Дзяржкантролю.

Фота hq-kartinki.ru.

Даведка “РГ”. Сумесная беларуска-французская кампанія закрытае акцыянернае таварыства “Дыліс Касметык” (гандлёвая марка Dylis Parfum) з’яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў парфумернай прадукцыі на тэрыторыі Беларусі. Кампанія заснаваная ў 1991 годзе. Знаходзіцца ў Маладзечне.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце