weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 11° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 11° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
14.04.2013 08:33 ,

Аштрафавалі вілейскую сортавыпрабавальную станцыю

Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю знайшоў шмат парушэнняў на Вілейскай сортавыпрабавальнай станцыі.

Сярод іх парушэнні бюджэтнага, бухгалтарскага заканадаўства, Закона РБ “Аб насенні”, несвоечасовай выплаце заробкаў і правілаў водакарыстання.

Незаконна выкарыстоўвалі бюджэтныя сродкі

Так, у жніўні 2011 года прадпрыемства незаконна атрымала больш за тры мільёны рублёў з бюджэту і зрабіла таннейшым амаль 10 тысяч кілаграмаў насення збожжавых культур. Потым яго прадалі камерцыйным структурам, якія займаюцца гандлёва-пасрэдніцкай дзейнасцю. Грошы ж выдзяляліся для таго, каб зрабіць насенне больш танным для сельскагаспадарчых арганізацый.

Парушылі правілы вядзення бухгалтарскага ўліку

Калі станцыя прадавала летась буйную рагатую жывёлу “Мінскаму мясакамбінату”, то завысіла яе валавыя прывагі больш чым на 10 працэнтаў – калі параўноўваць з дадзенымі, што былі ў справаздачы.

Больш за тое, на прадпрыемстве зношаныя асноўныя машыны і абсталяванне, звязанае з вытворчасцю насення. А гэта ў выніку паўплывала на яго якасць.

Летась 150 тон насення сапсавалася

Трэба адзначыць, што прымаецца недастаткова мер з боку прадпрыемства і мясцовых уладаў для продажу насення суб’ектам гаспадарання.

Такім чынам, летась засталося больш за 150 тон насення. У выніку яно папросту страціла свае пасяўныя якасці і было пераведзенае ў фураж.

Дарэчы, не лепшая сітуацыя складваецца і сёлета.

Рагатая жывёла ўтрымліваецца ў гразі

У рамках правядзення мадэрнізацыі на 2013 год прадпрыемствам запланавана выкарыстоўваць 850 мільёнаў рублёў. За гэтыя сродкі плануецца абнавіць і машынна-трактарны парк.

Але буйная рагатая жывёла ўтрымліваецца ў гразі, бо жывёлагадоўчы будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Там трэба адрамантаваць дах, бо ён увесь “свеціцца”, і падлогу, бо месцамі яе папросту няма.

Таксама трэба зрабіць дах над павеццю, дзе захоўваецца сельскагаспадарчая тэхніка, і завяршыць будаўніцтва крытай стаянкі.

Разам з тым, ад 5 верасня 2011 года на складзе ёсць 83 лісты шыферу, што набылі за кошт бюджэту. Яны дагэтуль нявыкарыстаныя і каштавалі больш за два мільёны. Гэта гаворыць пра няправільнае выкарыстоўванне бюджэтных сродкаў.

Затрымалі заработную плату

Праверкай устаноўлена, што за снежань 2012 года затрымалі выплату заработнай платы.

Акрамя гэтага, здабывалі ваду з артэзіянскай свідравіны без дазволу на спецыяльнае водакарыстанне.

Прадпрыемства выплаціць штраф

Па выніках праверкі за дапушчаныя парушэнні прадпрыемства прыцягнутае да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу больш чым у сем мільёнаў рублёў. Тры службовыя асобы аштрафаваныя амаль на два мільёны рублёў, а яшчэ чатыры прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.

Па матэрыялах Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.

Фота common.regnum.ru

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце