weather -2° Маладзечна
weather -2° Вілейка
weather -1° Смаргонь
weather -2° Ашмяны
weather -2° Валожын
weather -2° Мядзел
weather -1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
30.06.2013 08:08 ,

Зарабіць самому на “горнік” – рэальна!

Прачынаюся ад назойлівага гуку будзільніка, на дысплеі тэлефона 7 гадзін раніцы.

“Сёння ж мой першы працоўны дзень!” – з энтузіязмам успамінаю я. Хутка сабраўшыся, перакусіўшы, крочу на рынак.

Усю дарогу мяне мучаць сумненні: ці атрымаецца прадаць хоць адну пару акуляраў, а раптам мой першы працоўны дзень стане апошнім? Мяне супакойвае толькі тое, што я там буду не адна – побач дзяўчына, якая не першы год гандлюе на рынку.

На гадзінніку палова дзясятай, а мы не прадалі пакуль нічога, хаця ў іншых гандаль ідзе ўжо поўным ходам.

– Нічога, – супакойвае мяне напарніца, – усяму свой час.

І яна мела рацыю – пасля адзінаццаці гадзін пакупнікоў, як кажуць, хоць адбаўляй.

Паўтара месяца па выхадных я спрабавала сябе ў ролі прадаўца, адчуўшы на сабе ўвесь цяжар гэтай працы. Паўдня стаіш на пякучым сонцы, а схавацца няма дзе.

У першы ж дзень твар і рукі сталі чырвонымі, як памідор. Ногі ныюць, а не прысядзеш, бо трэба прапаноўваць тавар,  гутарыць з пакупнікамі. А яны таксама розныя трапляюцца! Занадта прыдзірлівыя могуць сапсаваць настрой з самай раніцы.

Сябры і знаёмыя адпачываюць, гуляюць па горадзе, выязджаюць на пікнікі, купаюцца, загараюць, а ты ўсё стаіш і стаіш. Цяпер разумею, як нялёгка дастаюцца грошы. Затое з кожнай прададзенай пары акуляраў атрымліваеш пяць тысяч рублёў, і больш не даводзіцца прасіць у бацькоў на кішэнныя расходы! Я пачала адчуваць сябе дарослай і больш самастойнай.

І іншыя варыянты зарабіць

Цяпер акуляры попытам амаль не карыстаюцца, і я зноў шукаю працу. Чула, што некаторыя ўладкоўваюцца на лета паштальёнамі, а хлопчыкі – грузчыкамі. Даведалася, што можна падпрацаваць прадаўцом квасу і азеляняльнікам (саджаць ў горадзе кветкі, паліваць клумбы). За гэта абяцалі заробак у 1,5-2 мільёны.

А вось мая знаёмая Каця працуе летам у прыватнай краме дзіцячых тавараў. Яна прайшла курсы і атрымала пасведчанне касіра. Кажа, што работа ёй вельмі падабаецца. У краму часцей за ўсё заходзяць бацькі з малымі, якія сваёй усмешкай падымаюць настрой. А ў перыяд зацішша можна пасядзець у сацыяльных сетках. У дзень яна атрымлівае 10 даляраў і збіраецца сама сабраць грошы на горны веласіпед.

Ёсць яшчэ адзін спосаб крыху зарабіць. Да прыкладу, у гімназіі №6 арганізаваны працоўны летнік. У цэнтры занятасці юнакоў і дзяўчат залічылі ў рамонтную брыгаду ў якасці падсобных рабочых і нават завялі працоўныя кніжкі. Моладзь фарбуе вокны, падлогу, добраўпарадкоўвае тэрыторыю. Выгада з усіх бакоў: і дапамагаеш роднай школе, і атрымліваеш за гэта грошы.

Так што зарабіць падлеткам цалкам рэальна. Галоўнае – не сядзі на месцы, а дзейнічай!

Дар’я ЦАУНЯ, школа журналістыкі “Маладзік”.

Фота zurnal24.si

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце