weather 4° Маладзечна
weather 4° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 4° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 4° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
04.08.2013 13:47 ,

Беларусь і Германія: погляд праз візавую сцяну

Адлегласць ад Маладзечна да Берліна – тысяча сто кіламетраў. Яе можна пераадолець на цягніку за 18 гадзін. А самалёт з Мінска перанясе вас у нямецкую сталіцу за дзве гадзіны.

Аднак бывае, што гэты час расцягваецца на некалькі тыдняў: столькі можа заняць абавязковы працэс атрымання візы.

Погляд з Беларусі: тыдні ў чаканні візы

Нямецкая амбасада ў Мінску займае трэцяе месца па колькасці выдадзеных віз. За 2012 год яна выдала каля 70 тысяч дазволаў на ўезд у Шэнгенскую прастору.

Беларусы часта наведваюць Германію не толькі з турыстычнымі мэтамі, але для працы і навучання.

Мінімальны набор дакументаў для атрымання візы: пашпарт, запрашэнне ад юрыдычнай ці фізічнай асобы, фотаздымак, візавая анкета, страхоўка, консульскі збор у 60 еўра.

Але нават маючы поўны набор дакументаў, часам беларусам даводзіцца гадзінамі стаяць у чарзе пад будынкам амбасады. Таксама чакае і невялікае сумоўе. Даводзіцца тлумачыць, куды і навошта вы едзеце, што будзеце рабіць за мяжой, як доўга знаёмыя з асобай, якая вас запрашае, і безліч іншых пытанняў.

Без візы беларусы могуць наведаць толькі 21 краіну свету. Акрамя дзяржаў СНД, гэта краіны, якія складана назваць папулярнымі для наведвання: напрыклад, Гандурас, Венесуэла, Кітай, Эквадор і Нікарагуа.

У немцаў выбар больш шырокі – без спецыяльнага дазволу яны могуць выехаць у 60 краін свету.

“У ЕС няма стратэгіі працы з Беларуссю”

Схема спрашчэння і адмены візавага рэжыму паміж краінамі Шэнгена і Беларуссю вядомая ўжо даўно і распісаная па кроках. Пяць этапаў паступовых зменаў могуць разабраць візавую сцяну між краінамі. Аднак на практыцы праблемы ўзнікаюць ужо на першым этапе:

з лютага 2011 года беларускі бок не адказвае на прапанову ЕС пачаць перамовы па візавым пытанні.

– Вядома, ёсць памылкі Еўрапейскага Саюза ў адносінах да Беларусі і іншых краін, дзе дэмакратыя знаходзіцца на пачатковым этапе развіцця, – кажа дэпутат нямецкага парламента Германіі Вольфганг Бёрнсэн. – У нас няма распрацаванай стратэгіі працы з такімі краінамі. Усе тыя дзеянні, якія мы цяпер накіроўваем на Беларусь, падобныя да кідання камянёў у ваду. Мы пускаем невялікія хвалі, але нічога змяніць не можам.

Дэпутат звяртае ўвагу на тое, што часта ЕС засяроджваецца на сваіх унутраных праблемах і забывае пра суседзяў. Тым не менш, ЕС патрэбная дэмакратыя ва ўсходніх краінах-суседках, якая б гарантавала мірныя стасункі ў будучыні.

– Асабіста я выступаю за адмену візавага рэжыму, – адзначае Бёрнсэн. – Мы павінны адкрыць граніцы. Тады беларусы змогуць падарожнічаць і на свае вочы пабачыць Заходнюю Еўропу. Шмат што змогуць пераняць і ўжыць у сябе на радзіме. Вядома, у Еўрапейскім Саюзе ёсць асцярога з-за таго, што пасля адкрыцця граніц з Усходняй Еўропы хлыне хваля эмігрантаў. Такая асцярога была і ў выпадку з Польшчай. Шмат у чым яна надуманая і перабольшаная, тым не менш яна ёсць.

Еўрапейскі Саюз баіцца міграцыі і карупцыі

Пазіцыю Германіі ў адмене візавага рэжыму складана назваць адназначнай. Страх перад эміграцыяй насамрэч вельмі моцны: у Германію, як адну з самых багатых краін ЕС, імкнуцца людзі з больш бедных краін. Берлін ужо сутыкнуўся з праблемай перасяленцаў з Балгарыі і Румыніі. Ёсць меркаванне, што сцэнар можа паўтарыцца ў выпадку з Беларуссю.

Між іншым, перад адкрыццём межаў краіны падпісваюць дамову аб рэадмісіі. Гэта значыць, што пасля падпісання дакумента Беларусь павінна будзе за свае сродкі вывозіць сваіх нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Германіі, а Германія – з тэрыторыі Беларусі.

Яшчэ адна асцярога з боку немцаў: павелічэнне ўзроўню беспрацоўя пасля адкрыцця граніц. Немцы ўпэўненыя, што існуе і небяспека таго, што на краіны ЕС можа перакінуцца высокі ўзровень карупцыі, які, на іх думку, характэрны для Усходняй Еўропы.

Еўрапейская Камісія прытрымліваецца меркавання, што бязвізавы рэжым для Беларусі – амаль цалкам нацыянальнае пытанне, якое павінна ўздымацца і вырашацца ў першую чаргу ўнутры краіны.

ЕС можа толькі даваць рэкамендацыі і садзейнічаць у пэўных кроках, але змяняць сітуацыю на практыцы – не ў яго кампетэнцыі.

Погляд з Германіі: прыехаць у Беларусь проста не для ўсіх

Візавы рэжым дзейнічае ў двух кірунках: грамадзянам Германіі таксама трэба віза, каб наведаць Беларусь.

Праўда, ля беларускай амбасады ў Берліне не відаць чэргаў з ахвотных атрымаць візу.

– Я падаваў дакументы на атрыманне беларускай візы тры разы, – кажа Ян Лейе з Мюнстэра. – Заўсёды дасылаў дакументы поштай у Берлін. Праз тыдзень пашпарт вярталі назад з гатовай візай. Ніякіх праблем не ўзнікала. Думаю, гэта таму, што я – звычайны турыст. Ведаю, што ёсць нямецкія журналісты, якім адмовілі ў беларускіх візах пасля артыкулаў, у якіх яны крытыкавалі сітуацыю ў Беларусі.

Сапраўды, не ўсе нямецкія журналісты могуць працаваць на тэрыторыі нашай дзяржавы. Барбара Аэртэл, журналістка з Берліна, паказвае свой пашпарт з дзвюма пячаткамі “У візе адмоўлена”. Апошнія шэсць гадоў яна не была ў Беларусі.

– Мала таго, што мне не даюць візу, дык да таго ж ніхто ні разу так і не назваў афіцыйнай прычыны, па якой гэта робіцца, – скардзіцца Барбара. – Не вяртаюць назад і консульскі збор: 120 еўра за дзве падачы дакументаў засталіся ў беларускай амбасадзе.

Дакументаў, якія немец мусіць сабраць для амбасады, не так шмат: дзейсны пашпарт, актуальны фотаздымак, запоўненая візавая анкета і чэк з банка аб аплаце консульскага збору ў 60 еўра. Плюс да таго пасля прыбыцця ў Беларусь грамадзянін Германіі павінен аформіць медыцынскую страхоўку.

– Краіна з візавым рэжымам у цэнтры Еўропы – гэта ненармальна, – працягвае Ян. – Вядома, калі б у Беларусь можна было прыехаць без візы, наплыў турыстаў павялічыўся б у разы, і не толькі з Германіі. Я чуў ад беларускіх сяброў, што ў 2011 годзе Беларусь наведала некалькі дзясяткаў тысяч турыстаў. Гэта проста ганебная лічба, фактычна блізкая да нуля! Мінск – вельмі своеасаблівы горад са сваёй спецыфічнай атмасферай, якую варта адчуць самому.

Аляксандра ПАРАХНЯ, Берлін.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце