weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
09.08.2013 12:22 ,

Варварская высечка лесу недалёка ад мемарыяла «Боркі»

Даўно збіраўся напісаць, выказаць сваю думку пра набалелае, але ўвесь час адкладваў, бо жыву ў спадзяванні, што штосьці, магчыма, зменіцца да лепшага. Гаворку хачу пачаць пра, як на мой погляд, бязглуздае знішчэнне лесу, менавіта знішчэнне, а не запланаванае і размеркаванае яго высяканне.

Возьмем для прыкладу лясны квадрат, прыкладна  10 на 5 кіламетраў, які размяшчаецца паміж вёскамі Малявічы-Сакалоўка-Новая Гута-мемарыялам “Боркі”.

Дык вось, калі высечы па перыметры гэтага квадрата нешырокую паласу лесу, пакінутую лесапрамыслоўцамі хутчэй за ўсё для маскіроўкі сваёй “дзейнасці”, то з Сакалоўкі Малявічы будуць бачныя як на далоні, а жыхары Новай Гуты ад сваіх хат змаглі б нават без узброенага вока назіраць, як праз пагост у Борках лесавозы вывозяць апошні лес. Бо ў сярэдзіне гэтага квадрата – дзялянка на дзялянцы ды дзялянкай паганяе.

Высечку такую спіхваюць больш на нейкага жучка, які быццам бы завёўся ў хвоях. А чаму тады ляжаць вялізныя штабялі дрэва ў сотні, тысячы кубаметраў?! І апошнім часам пераважна з бярозы, асіны і нават вольхі. Мне здаецца, што гэта не жучок падштурхоўвае да такой “санітарнай” высечкі лесу, а прага нажывы людзей, у якіх толькі адна мэта – грошы, грошы і грошы.  

Ці існуе ў нашай краіне хоць якая-небудзь распрацаваная  тэхналогія па лесанарыхтоўцы? Гледзячы на варварскія адносіны да прыроды гэтых “прамыслоўцаў”, думаецца, што не. А калі ёсць нешта падобнае, то чаму тады кантралюючыя арганізацыі не заўважаюць і не бачаць у гэтым праяву злачынства. Дзе наша ахова прыродных рэсурсаў? Кантралююць, мабыць, толькі бабак з лісічкамі, чарніцамі, брусніцамі, назваўшы дзейнасць іх варварскай!

Чаму ж гэтыя кантралюючыя арганізацыі заплюшчваюць вочы на тое, як магутная сучасная тэхніка разам з лесам знішчае напавал усе ягаднікі і грыбныя мясціны? Дарэчы, грыбы цяпер можна збіраць пераважна на ўскрайку лесу і на запушчаных і кінутых сельскай гаспадаркай землях, якія зараслі драбналессем. У такіх мясцінах добра растуць чашчавікі і падасінавікі, трапляюцца і лісічкі. Але гэта так, як падказка грыбнікам.

А цяпер прадоўжым пра галоўнае, пра “гаспадароў” лесу, якія  пасля сябе пакідаюць на лясных дарогах не проста каляіны, а глыбачэзныя траншэі, як пасля танкавых манеўраў. Ушчэнт разбіваюць дарогі з гравійным пакрыццём мясцовага значэння, у тым ліку і вясковыя вуліцы.

Ды што тут можна казаць пра звычайныя дарогі, калі без малога сораму і сумлення цягаюць лес прама праз мемарыял “Боркі”, на якім пахаваныя ахвяры мінулай вайны. Ездзяць яны прама праз падмуркі былых хат, спаленых фашыстамі. Як ім не даходзіць, што гэта яны не падмуркі рэжуць коламі, а душы нявінна загінулых  людзей! І нават не задумваюцца, што здзяйсняюць не толькі кашчунства і вандалізм, а нешта большае, за што ім усё адно прыйдзецца разлічвацца.

Які ўжо год запар жыхары Новай Гуты шукаюць паратунку ад саракатонных лесавозаў, якія цэлымі днямі вывозяць дрэва з дзялянак менавіта па іх вузенькай вясковай вуліцы, на якой двум легкавікам размінуцца немагчыма. А тут гэтыя монстры сваімі здаравеннымі коламі праціснулі гравійнае пакрыццё аж да польскай брукаванкі.

Дык вось, не атрымаўшы станоўчага адказу на зварот у мясцовы выканкам, вяскоўцы, сабраўшыся усе разам у сераду, 31 ліпеня,  на параду, што рабіць далей, перакрылі  пад “гарачую” руку шлях лесавозу, які якраз у гэты момант рухаўся, нагружаны дрэвам, па вясковай вуліцы. У справу ўмяшалася вілейская міліцыя, кімсьці выкліканая.

Пытанне разглядалася камісійна і ўсебакова. У склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі грамадства, міліцыя, мясцовая ўлада і, канешне ж, лесанарыхтоўшчыкі. Акрамя пратакольных спраў былі зробленыя і фотаздымкі мясцовасці.

Міліцыя да ўзнікшага канфлікту аднеслася на поўным сур’ёзе і з вялікім паразуменнем да людзей, за што жыхары Новай Гуты засталіся задаволеныя і ўдзячныя яе прадстаўнікам. Міліцыя сваю справу зрабіла, а вось якія высновы і рашэнне прыме выканаўчая ўлада, невядома?

Будзем спадзявацца на тое, што ўрэшце знойдзецца нейкая дзяржаўная сіла, якая здолее затрымаць гэты працэс знішчэння лесу.

Алесь РАТКЕВІЧ.

Фота забяспечана Алесем РАТКЕВІЧАМ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце