weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3176
1 долар 1.996
100 рас.руб. 3.1527
12.08.2013 12:56 ,

“Дзяржаўная граніца”: працяг будзе. На Смаргоншчыне здымаюць працяг савецкага серыяла

На мяжы з Літвой нас не затрымалі. Ніхто нават не глянуў на наш легкавічок, памежнікі збіліся ў кутку пад застрэшкам старога млыну і адаграваліся гарачай кавай: дождж ліў як з вядра, на дварэ – золка і няўтульна.

Але не дождж стаў прычынай таго, што на мяжы нас не затрымалі, хоць вялізны плакат і заклікаў да ўвагі: тут, маўляў, мяжа.

Проста дзяржаўная мяжа ў аграгарадку Жодзішкі на Смаргоншчыне – не сапраўдная, а, так бы мовіць, кіношная, і існавала яна ўсяго пяць дзён – з 22 па 26 ліпеня. У гэты час Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” здымала ў Жодзішках эпізоды чарговага фільма з тэлецыкла “Дзяржаўная граніца”. Рабочая назва фільма – “Апошні шпіён”, а канчатковы варыянт назвы, як паведаміла дырэктар здымачнай групы Таццяна Пятрова, хутчэй за ўсё, будзе “Новы час”.

– Але назва пакуль не зацверджаная, – удакладніла Таццяна Пятрова.

Рэжысёр новай двухсерыйнай кінастужкі – Ігар Чацверыкоў.

Даведка “РГ”. Ваенна-гістарычны серыял “Дзяржаўная граніца” быў зняты цягам 1980-1988 гадоў у Савецкім Саюзе. Ён складаецца з васьмі двухсерыйных фільмаў, якія расказваюць аб станаўленні і развіцці памежнай аховы былога Савецкага Саюза. Новы фільм з рабочай назвай “Апошні шпіён” – дзявяты з гэтага цыкла.

Дзеянне першага фільма серыяла – ён называецца “Мы наш, мы новы…” –  пераносіць нас у 1917-1918 гады. Тады толькі ствараецца памежная служба маладой савецкай дзяржавы.

Падзеі другога фільма “Мірнае лета 21-га года” адбываюцца летам 1921 года на савецка-польскай мяжы, дзе памежнікам давядзецца сутыкнуцца з бандамі белапалякаў.

У трэцім фільме “Усходні рубеж” глядач апынаецца ў 1929 годзе на Далёкім Усходзе.

Чацверты – “Чырвоны пясок” – апавядае пра падзеі 30-х гадоў на мяжы дзяржавы ў Сярэдняй Азіі.

Пяты фільм “Год сорак першы” пераносіць нас у пачатак Вялікай Айчыннай вайны. І першы ўдар фашыстаў прымаюць на сябе памежнікі.

Шосты фільм “За парогам перамогі” – пра падзеі 1946 года на Львоўшчыне.

Сёмы фільм “Салёны вецер” нагадвае пра падзеі ў Прыбалтыйскіх рэспубліках ў канцы 1950-х гадоў. Восьмы фільм “На дальнім паграніччы” – аповед пра тое, як на адной з паўднёвых застаў памежнікі перахопліваюць агента заходняй разведкі.

Пра што ж будзе дзявяты фільм з гэтага цыкла, зняты праз 25 гадоў пасля таго, як выйшла на экраны апошняя серыя асноўнага серыяла?

Пра гэта мы і спрабавалі даведацца, пабываўшы на здымачнай пляцоўцы ў Жодзішках.

Як рагуля з Жодзішак стала кінаактрысай

Дзеянне фільма адбываецца на пачатку 1990-х гадоў. Толькі што разваліўся “вялікі і магутны” Савецкі Саюз. На постсавецкай прасторы – неразбярыха і развал. Краіна распадаецца на кавалкі, узнікаюць новыя дзяржавы. Як мяжа паміж Літвой і Беларуссю прайшлася па лёсах людзей, з якімі цяжкасцямі сутыкнулася незалежная Беларусь пры дэмаркацыі мяжы з Літвой – пра гэта новы фільм, які цяпер здымаецца па заказу Міністэрства культуры РБ.

– Ідэя зняць працяг серыяла належыць дырэктару нашай кінастудыі Алегу Сільвановічу, – расказвае дырэктар здымачнай групы фільма Таццяна Пятрова. – Ён доўга выношваў гэту ідэю, і нарэшце праект пачаў ўвасабляцца ў жыццё. Спадзяёмся, што наш фільм гледачу спадабаецца. – Здымкі праходзяць няпроста – заўсёды на здымачнай пляцоўцы шмат рэквізіту і тэхнікі, вельмі шмат масавых сцэн.

Галоўны герой фільма Антон Пякарскі, адслужыўшы дзесяць гадоў на мяжы ў Сярэдняй Азіі, вяртаецца на сваю радзіму ў Беларусь. Менавіта яму даводзіцца ствараць памежную службу ў Беларусі.

– Здымкі пачаліся 14 чэрвеня і закончацца 14 жніўня, – нагадвае Таццяна Пятрова. – За два месяцы мусім адзняць дзве серыі – такі ў нас графік. Не шмат часу адведзена і для мантажу адзнятага матэрыялу.

Большая частка здымак праходзіла ў Мінску. Там мы здымалі сцэны ў кватэры і ў памежным камітэце. На вакзале ў Мінску здымалі ўзбекскі вакзал, з якога ад’язджае на радзіму наш герой. Стараліся стварыць сапраўдную ўсходнюю атмасферу. У Маладзечне ўжо здымалі сцэны на аэрадроме і на чыгуначным вакзале.

Зараз пяць дзён здымаем у Жодзішках. Тут мы здымаем дзеянні, якія адбываюцца на памежным беларуска-літоўскім пасту. Па сцэнарыі трэба было, каб пост абавязкова быў на мосце праз раку і каб мост быў у вёсцы. Захоўвалі гістарычную праўду. Ведаем, што ёсць у Беларусі вёска, якую мяжа падзяліла надвое – палова апынулася на беларускай тэрыторыі, палова – на літоўскай. Вось такую вёску мы і здымаем у Жодзішках – мяжа праходзіць па рацэ, і пост памежны якраз пасярэдзіне вёскі, на мосце. Натуру для здымак шукалі доўга, праехалі шмат мясцін. Напачатку шукалі ля Міра, уздоўж ракі. А знайшлі вось тут, на Смаргоншчыне. Апошні здымачны дзень у Жодзішках – 26 ліпеня. Наперадзе – адзін здымачны дзень у Мікашэвічах. Там у кар’еры будзем здымаць Узбекістан. Паехаць на натуру ў Сярэднюю Азію – дорага, бюджэт фільма не дазваляе. Знайшлі нешта падобнае ў Мікашэвічах.
Да шостага жніўня прадоўжацца здымкі ў мястэчку Нача на Воранаўшчыне. Там здымаем падзеі на памежнай заставе.

– А на сапраўдных памежных заставах не здымалі?

– Не, там сакрэтныя аб’екты, да таго ж, яны мала нагадваюць тыя заставы, што былі ў 90-я гады. Першы здымачны дзень на Смаргоншчыне прайшоў насычана і па плане. Мы многа здымалі, а неба, хоць і было пахмурным, ды на дождж так і не нацягнула. А вось 23-га… Дождж ліў з самага ранку. Праўда, мы не надта хваляваліся, у нас былі запланаваныя начныя здымкі – пасля шасці гадзін вечара. Нягледзячы на тое, што сіноптыкі абяцалі пераменную воблачнасць, над Жодзішкамі хмары так і не разышліся і дождж не супыніўся. Але здымкі адмяняць не сталі – графік напружаны, дэкарацыі расстаўленыя. Вось апоўначы на пляцоўку павінен прыехаць Павел Харланчук-Южакоў. А Андрэй Фралоў – ён у нас у галоўнай ролі здымаецца – і літоўскі акцёр Томас Жайбус ужо ў гатэлі.

Сёння ў масавых сцэнах занятыя 50 чалавек, іх мы прывезлі з сабой. Шукаць патрэбныя тыпажы сярод мясцовых жыхароў – справа доўгая і не заўсёды заканчваецца поспехам. Да таго ж, людзі, занятыя ў масавых сцэнах, – таксама акцёры, хоць і не прафесійныя. Але яны павінныя ведаць сваю маленькую ролю. Таму мы прывозім удзельнікам масоўкі з сабой з Мінска.

Прынамсі, адна мясцовая “актрыса” ў нас ёсць. Гэта жодзішкаўская рагуля. Справа ў тым, што адна і тая ж карова павінна з’явіцца ў кадры пры здымках у трох розных месцах. Але вазіць яе – турботна і неапраўдана. Таму падбіраем падобных рагуль там, дзе здымаем або будзем здымаць.

З расійскім кінаакцёрам Андрэем Фраловым, які заняты ў галоўнай ролі, мы сустрэліся ў гатэлі ў Смаргоні.
Андрэй Фралоў:

“Беларусь асацыюецца ў мяне з домам”

– Як вам наша лета? – іранізую.

– Надвор’е заўсёды непрадказальнае, – усміхаецца ён. – Але гэта не падстава для песімізму.

На студыі “Беларусьфільм” Андрэй здымаецца другі раз. Першы раз зняўся ў фільме “Смяротны танец” рэжысёра Ігара Чацверыкова у галоўнай ролі агента ФСБ Мікіты Крахіна ў 2012 годзе. Цяпер Ігар Чацверыкоў зноў запрасіў яго ў свой фільм.

Па маёй просьбе Андрэй распавёў аб сваёй творчай біяграфіі.

– Нарадзіўся я ў Калузе. Бацька быў ваенным лётчыкам, і нам давялося часта пераязджаць. Жылі ў Падмаскоўі, у Харкаве, у Чэхаславакіі. Пасля распаду Саюза вярнуліся ў Калугу, на радзіму маці і, уласна, на маю радзіму. Артыстам я хацеў стаць даўно, яшчэ з дзяцінства ў мяне быў чалавек, якога я спрабаваў пераймаць. Памятаеце Палуніна з яго “асісяй”? З дзяцінства я яго мініяцюры спрабаваў адлюстраваць у жыцці. Бацька купіў мне вялікі надзіманы тэлефон. Добра атрымлівалася, усе смяяліся.

Пасля школы хацеў стаць артыстам і сказаў пра гэта сваім, але бацька быў супраць. Сказаў: “Не, будзеш лётчыкам”. І я паступіў у Калужскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча. Але лётчыкам не стаў, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка самалётных і верталётных рухавікоў і раптам зразумеў, што па гэтай спецыяльнасці працаваць не буду. Паехаў у Маскву паступаць у Баўманскае, але душа да прафесіі не ляжала, і я наўмысна здаваў экзамены горш, чым мог, і недабраў балаў. Пайшоў працаваць вадзіцелем. Два гады вазіў прэзідэнта калужскага банка, быў яго асабістым кіроўцам, атрымліваў вельмі добрую зарплату, часам большую за бацьку, чым і ганарыўся. Тады я зразумеў, што фінансава незалежны, пачалося дарослае жыццё. І я сказаў цвёрда: “Прабачце, бацькі, я хачу паспрабаваць стаць акцёрам”. І з’ехаў у Маскву. Нікуды не спрабаваў, толькі ў ВГІК. Паступіў з першага разу на бюджэт, і на трэцім курсе – так ужо пашчасціла – стаў здымацца ў кіно.

– Колькі роляў сыгралі за дзесяць гадоў?

– Спецыяльна не лічыў, але прыкладна больш за сорак.

Даведка “РГ”. Расійскі акцёр Андрэй Фралоў зняўся у 43 фільмах і серыялах i ў 23 з іх сыграў галоўныя ролі.

– Тое, чым вы займаліся да таго, як сталі акцёрам, дапамагло вам у працэсе пераўвасаблення ў сваіх герояў?

– Несумненна. У адным з фільмаў я выконваў ролю вадзіцеля аўтобуса, і мне спатрэбілася мая вадзіцельская практыка. Або часам у фільме трэба “пакапацца ў маторы”. Мне кажуць: “Падымі капот і нешта там рабі”. Нешта рабіць – глядач не паверыць. Трэба ведаць, што рабіць.

– А тэлесерыял “Дзяржаўная граніца” глядзелі?

– Не, не давялося. Але здымацца ўсё адно цікава. Тым больш, што 1992 год памятаю добра. Мы ў 1991-м з сям’ёй якраз вярнуліся з Чэхаславакіі. Гэты час, дзевяностыя, асабліва застаўся ў памяці. Памятаю, што рабілася тады ў Расіі, ды і ў Беларусі таксама. Таму пры рабоце над роляй у гэтай карціне імкнуся ўвасобіць і асабістае ўспрыманне. Калі ў тэксце сустракаюцца жаргонныя сучасныя словы, імкнуся іх паправіць, у манеры 90-х. Я ўспамінаю той час і пачынаю казаць так, як казалі ў 90-я.

– Вы ігралі і паліцэйскіх, і агента ФСБ, і вайскоўцаў. А памежнікаў не даводзілася?

– Не, гэта першая роля такога плана. Але вайскоўцы – яны заўсёды ваенныя, служаць ці на мяжы або ў іншых войсках. А ваенных карцін у мяне ў жыцці было дастаткова, ды і ёсць успаміны дзяцінства, таму лёгка ўвайшоў у вобраз фізічна. Натуральна, калі падыходзіць да працы над новай роляй, у любой з іх ёсць нюансы, і заўсёды працуеш над сабой, пытаеш у спецыялістаў, што можна і што нельга, што і як рабіць. Складанасці – як і ў працы над любой роляй.

– Што звязвае вас з Беларуссю?

– Вы хочаце спытаць, ці няма ў мяне беларускіх каранёў? Няма. Усе беларускія сувязі – гэта мая праца. На “Беларусьфільме” я здымаюся ў другой карціне, але ў кінакампаніі “Фабула” ў Беларусі я ўжо зняўся ў трох фільмах – усюды ў галоўных ролях. У мяне тут вельмі шмат сяброў, беларускіх акцёраў, з якімі я падтрымліваю адносіны ўвесь час, нават з Масквы тэлефаную. Вельмі падабаецца тутэйшая прырода. Падчас здымак аб’ездзіў шмат якія месцы ў Беларусі. Хлопцы мне раяць з’ездзіць на Браслаўскія азёры – кажуць, месцы прыгожыя. Напэўна, выеду сям’ёй. У мяне сын расце, яму цяпер год і дзевяць месяцаў. Можа, у верасні-кастрычніку прыедзем туды проста адпачыць у ціхім, спакойным месцы, на лодцы пакатацца, парыбачыць. Ніякае замежжа з гэтым не параўнаецца – у вас ціха, спакойна.

– Беларусь для вас замежжа?

– Не. Паколькі я жыў і вырас у Савецкім Саюзе, якое тут замежжа? Беларусь для мяне – гэта парадак, чысціня, утульнасць, нават гэта можна назваць домам у нейкім сэнсе. Калі прыязджаеш за мяжу, адчуваеш, што гэта не тое, хоць і чысціня, і ўсе ўсміхаюцца, але адчуваеш, што тут ты чужы. А ў Беларусі нешта роднае пад’язджае да душы, цёплае. Малайцы, што захоўваеце стары трошачкі стыль. У Жодзішкі прыехалі, у мяне радасць у вачах – бачу гэтыя дамкі, траўку, сена стаіць у стагах, дроўцы акуратна складзеныя. Гэта тое старое, з чым я вырас. Нагадвае пра дзяцінства.

– Іншыя называюць саўком?

– Мне не вельмі падабаецца слова савок, таму я ўсё называю домам. Бацька мой з вёскі, і я таксама лічу сябе вясковым, для мяне гэта блізка, у вас тут добра. На Смаргоншчыне я ўпершыню, але адчуваю сябе тут камфортна.

– З беларускімі пагранічнікамі ўжо даводзілася мець зносіны?

– У Мінску ў нас былі здымкі ў пагранічным камітэце. Памежнікі давалі парады, што няправільнага ў форме, як сябе паводзіць. Доўга разбіраліся, хто галоўны на заставе – камандзір або начальнік. Як правільна называлася гэтая пасада ў 90-я гады?

Не заўсёды маленькія нюансы ў фільме важныя. Людзі ўлюбляюцца ў персанажаў. Нядаўна мы здымалі фільм пра ваенных маракоў “Міны ў фарватары”. Мае севастопальскія сябры – у гэтым горадзе я таксама часта бываю на здымках – часам пішуць, што нешта я зрабіў няправільна. Але ж карціна людзям падабаецца, галоўнае, каб палюбілі персанаж.

Томас Жайбус: “У фільме размаўляю па-руску, але думаю па-літоўску”

– Тут вечарына? – з’яўляецца на парозе гасцінічнага нумара літоўскі акцёр Томас Жайбус. – Ці можна паўдзельнічаць? Калі, вядома, мой рускі дазволіць.

У “Дзяржаўнай граніцы” ў Томаса эпізадычная роля – ён іграе капітана літоўскай памежнай службы Грышкявічуса. На здымках ён задзейнічаны ўсяго тры дні, толькі ў Жодзішках.

– У фільме размаўляць даводзіцца па-руску, але вельмі спатрэбіўся мой літоўскі акцэнт і ўвесь літоўскі менталітэт.

Эпізадычная роля акцёра з Літвы не бянтэжыць і ані не засмучае:

– Для мяне прапанова здымацца ў беларускім фільме была нечаканай. Але любая такая прапанова – гэта свята, а для літоўскіх акцёраў – свята ўдвайне, таму што ў нас здымаецца мала фільмаў. Такія прапановы не часта паступаюць. У асноўным я тэатральны акцёр, здымаюся цяпер у літоўскім серыяле, а тут – пракатны фільм! Тым больш, што лета, у тэатры цяпер мала спектакляў, таму змог знайсці ў сваім графіку час для здымак.

У Беларусь прыехаў цягніком, адразу ў Смаргонь, гэта 70 кіламетраў, блізка. І хоць жыву недалёка, але ў Беларусі бываю не часта. Раз у год на фестывалях тэатральнага мастацтва “Панарама” – абавязкова. У вас асаблівы тэатральны глядач – ўспрымае пастаноўкі цёпла, з душой. У беларускім фільме здымаюся ўпершыню, да гэтага здымаўся на тэрыторыі Беларусі, праўда, у расійскім фільме.

– У вобраз пагранічніка ўжо ўжыліся?

– Цяжка: кожны дзень апранаю форму, але яшчэ ў здымках не ўдзельнічаў. Сёння павінны былі пачаць, але з-за дажджу адклалі. Я бачыў фатаграфіі, як выглядалі нашы памежнікі ў 1992 годзе. Думаю, што роля мне ўдасца.

А тое, што зараз здымаецца, гледачы ўбачаць ужо хутка: выхад новых серый “Дзяржаўнай граніцы” запланаваны на канец гэтага года.

Наталія ВАЛЫНЕЦ.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце