weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4365
1 долар 2.1066
100 рас.руб. 3.221
13.08.2013 09:21 ,

Колькі грошай вы гатовыя аддаць за кнігу?

Аддасце 60 тысяч за 4 старонкі? Ці 150 тысяч за 10? Дарагавата? І папера ў іх без пазалоты, за што ж тады трэба плаціць такія грошы…

“Кніга агучана вядомымі акцёрамі”, чытаю на адной з самых дарагіх у маладзечанскай кніжнай краме. Адкрываю, і прыемны голас пачынае чытаць казку, а я магу не напружвацца і не ўглядацца ў літары, а сканцэнтравацца на карцінках. Дарэчы, кніга гэтая за 300 тысяч увогуле адна суцэльная карцінка.

Побач ёсць музычныя кнігі ўжо з іншымі наваротамі. Напрыклад, з фірменнымі фразамі галоўных герояў. Думаю, калі праслухаць іх разоў сто, сапраўды загаворыш як Дональд Дак ці яшчэ хто-небудзь.

Перада мной паліца з “3D-кнігамі”. Візуальнага эфекту выпукласці герояў са старонак у іх пакуль няма. Затое да кнігі прыкладаюцца мадэлі караблёў, піратаў і ўсяго таго, пра што расказваецца ў кніжцы.

І, галоўнае, надпіс: “Збяры мадэль і разыграй казку альбо прыдумай сваю ўласную”. Прачытала і ўжо адчуваю сябе казачніцай ды геніяльнай фантазёркай. Нічога не скажаш, добра прыдумалі, самой захацелася пагуляць і паказаць аўтару, як выдумляць трэба.

Позірк мой трапляе на “старонкі можна выціскаць”, і я ўжо спрабую ціскаць кнігу. Думаю, ну няўжо можна з ёй у ванну залезці і пад вадой чытаць! Але мае мары разбіваюцца ўшчэнт.

Я разумею, што тут усяго толькі можна дастаць са старонкі фрукт. Ён па форме выразаны, яго можна выкалупаць, а потым уставіць назад. Аднак пасля музычных эфектаў і 3D мне гэта падаецца занадта простым.

Заўважаю нешта больш цікавае. Стаю, разглядаю падушку. Думаю, ну што ў кніжнай краме робіць падушка? Бяру ў рукі і разумею, што яе можна гартаць. Усяго 4 лісты, затое што можна з імі вырабляць: пад галаву падкласці, паспаць на іх, пасядзець.

Вось дык універсальная кніга, вось дык дзіва-падушка!

Тут жа ляжыць яшчэ адна кніга-гібрыд. Да яе прымацаваная мяккая галава мядзведзя. Ён, відавочна, яе галоўны герой, бо на кожнай старонцы ў розных позах ды уборах. Правільна, галава адна, прымацаваная яна да апошняй старонкі, і з месца яе не зварухнеш.

Я ўжо не ўзгадваю кнігі з наклейкамі і рознымі ўкладышамі.

Побач з кнігамі ў краме ляжаць размалёўкі. Не магла не зазірнуць і туды і знайшла даволі цікавую рэч. Мабыць, зробленую спецыяльна для самых лянівых.

Называецца неяк накшталт “Адчуй сябе чараўніком”. Размалёўваць нічога не трэба, бо ўсё размалюецца само, трэба толькі намачыць пэндзаль і правесці па паперы.

Але вяртаюся да кніг. Дарэчы, іх можна знайсці не толькі ў кніжнай краме. Іх прапаноўваюць і інтэрнэт-крамы, і асобныя гандляры.

Так я пабачыла кнігі-тэатр. Такую разгортваеш, а адтуль высоўваецца пашча кракадзіла. Прычым на кожным развароце што-небудзь іншае.

Знайшла і цікавыя кнігі, дзе можна гуляць з колерамі карцінак. Ён можа знікаць і зноў з’яўляцца, але як гэта працуе, вельмі складана патлумачыць на пальцах.

Карацей, выбар ёсць.

Дзіця хоча нешта, што будзе мільгаць, гаварыць, здзіўляць, пець?

У кніжнай краме можна знайсці тое, што яму спадабаецца, трэба толькі грошы. Можа, гэта і ёсць выйсце, калі трэба навучыць дзіця любіць кнігі.

Аднак ці палюбіць яно потым штосьці больш простае? На жаль, гэта мы ўбачым, толькі калі падрасце пакаленне, якому дастаўся такі багаты выбар.

Настасся РОЎДА.

Фота blackfridayshoponline2012.com, kroxa.info, oz.by.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце