weather 25° Маладзечна
weather 25° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 25° Ашмяны
weather 22° Валожын
weather 25° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
15.08.2013 13:00 ,

Брусніцы прадаюць нягледзячы на забарону

На маладзечанскім рынку райспажыўтаварыства і каля яго брусніцы  пачалі прадаваць у аўторак, 13 жніўня. На чатыры дні раней, чым дазволена збіраць гэтыя ягады.

У аўторак, 13 жніўня, карэспандэнты “РГ” заўважылі сем гандляроў брусніцамі, у сераду – больш за дзесяць.

Відаць, што не ва ўсіх ягады аднолькавыя. У кагосьці амаль усе чырвоныя і ёсць нават барвовыя, у іншых шмат ружовых, а ў некаторых нямала зусім белых брусніц.

Адна гандлярка за пяцілітровае просіць 80 тысяч рублёў:

 Тут ягадка ў ягадку. Я ўчора з лесу ў Татаршчызне сабрала, перабрала. Няспеяныя, бо ў некаторых гандляроў тыднямі ляжаць і паспяваюць. Тут белых няма: якія зверху ягады, такія і знізу.

Ягады прадаюць і слоікамі…

… і вёдрамі.

Ягады з вёскі Самалі прадаюць па 90 тысяч за пяць літраў, 70 – за тры. Брусніцы з Чарчонава Вілейскага раёна прадаюць па 65 тысяч рублёў за тры літры, а з-пад Мядзела – па 60 тысяч.

Літровыя слоікі з-пад Сасновага Бору прапануюць за 18 тысяч рублёў.

На Гродзеншчыне можна збіраць раней

Дакладныя тэрміны збору журавін і брусніц штогод устанаўліваюць абласныя выканаўчыя камітэты.

Паводле інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сёлета збор брусніц у Гродзенскай вобласці пачаўся 15 жніўня, а ў Мінскай – 17 жніўня.

Журавіны у Гродзенскай вобласці можна пачынаць збіраць 10 верасня, у Мінскай – 21 верасня.

На Ашмяншчыне брусніц не назбіраеш

Не ўсе мясціны нашага рэгіёна аднолькава ўраджайныя на брусніцы. У Ашмянскім лясніцтве расказалі, што жыхарам даводзіцца ехаць па ягаду ў суседнія раёны.

– У нас брусніц вельмі мала, – кажа Людміла Буйноўская, бухгалтар Ашмянскага лясніцтва. – Крыху назбіраць можна, але каб на продаж – гэтага няма. Нават журавіны на Ашмяншчыне збіраюць толькі ў адной лясной гаспадарцы. А па чарніцы мы самі ездзім у суседні Смаргонскі раён. Затое на маліны да нас – калі ласка, запрашаем! Яе многа расце.

На Смаргоншчыне аштрафавалі чатырох парушальнікаў

Кожны год знаходзяцца ахвотнікі збіраць ягады раней вызначанага тэрміна. Парушальнікаў чакае штраф да 20 базавых велічынь (два мільёны рублёў). 

Такі самы штраф атрымаюць і тыя, хто будзе збіраць ягады пры дапамозе механічных прыладаў. Імі забаронена карыстацца цягам усяго сезона.

– Сёлета аштрафавалі чатырох чалавек – некаторых за ранні збор, іншых за прылады, – кажа Юры Мускі, вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Смаргонскага доследнага лясгасу. – Вось ад 15 жніўня на Гродзеншчыне – усе ў лес! Збіраць рукамі дазволена паўсюль, дзе бачыце ягады, акрамя спецыяльна пазначаных тэрыторый – напрыклад, пашкоджаных радыяцыяй.

Вобласці Беларусі знаходзяцца ў розных кліматычных падзонах, ягады ў іх спеюць з рознай хуткасцю. Дзень, з якога можна збіраць брусніцы, можа пераносіцца на 5-10 дзён у залежнасці ад раёна. 

– Лясгас рэгулярна праводзіць рэйды па мясцовых рынках, каб сачыць, ці не прадаюць ягады раней вызначанага тэрміну, – дадае Юры Мускі. – Пакуль такіх выпадкаў у нас не было. Выяўленнем парушалнікаў займаюцца таксама мясцовыя інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.  

Аляксандра ПАРАХНЯ, Зоя ХРУЦКАЯ, Настасся РОЎДА.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце