weather 8° Маладзечна
weather 8° Вілейка
weather 7° Смаргонь
weather 8° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 8° Мядзел
weather 7° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
16.08.2013 09:16 ,

Сабраць у школу старшакласніцу на 1,5 мільёна даражэй, чым першакласніцу

Напрыканцы лета ў бацькоў пачынаецца сезон не толькі школьных пакупак, але і галаўнога болю.

Няўжо, каб адправіць дзіця “грызці граніт навукі”, трэба аддаць больш, чым зарабляеш?

– Сёлета я ездзіла ў Гродна, і там купляла ўсё самае неабходнае для сваіх дзяцей, – падзялілася досведам маці двух школьнікаў Наталля Гарошка.

– Мне здаецца, што рэчы там таннейшыя. Малодшы сын пойдзе ў шосты клас гімназіі-каледжа мастацтваў. Для яго трэба набываць дадатковую форму для заняткаў харэаграфіяй. І белыя шкарпэткі, і белую маечку, і адпаведны абутак. Толькі на канцылярскія тавары для дваіх дзяцей за адзін раз патраціла 400 тысяч рублёў.  І гэта не ўлічваючы тое, што я раней яшчэ патроху ўсяго купляла. Школьную форму для сваёй дачкі, якая вучыцца ў дзявятым класе школы №12,  збіраем разам з ёй. Асобна набывам штаны, спадніцы і кашулі. Сабраць дзяцей ў школу сапраўды складана, толькі на адзенне сёлета патраціла каля чатырох мільёнаў рублёў.

Выбірам школьную форму

Па-першае, трэба набыць школьную форму. Сёння выбар формы досыць вялікі.
Для дзяўчынак прапануюць розныя віды адзення: спадніцы, сарафаны, жакеты, блузкі, штаны.
Для хлопчыкаў вытворцы звычайна выпускаюць касцюмы-тройкі: камізэлька, кашуля і пінжак. Вытрымліваюцца пераважна традыцыйныя колеры формы: сіні, зялёны, бардовы, шэры і чорны.

Кошт школьнага касцюма для дзяўчынак пачатковых класаў прыкладна 900-1150 тысяч, для хлопчыкаў – ад 950 тысяч рублёў.
Што тычыцца старэйшых вучняў, то на іх адзенне трэба выдаткаваць больш, чым на першакласнікаў. І спадніцы, і штаны, і абутак амаль у два разы даражэй.

Купляем абутак
У крамах дзіцячы абутак каштуе ад 300 тысяч да 800 тысяч рублёў. Абутак для малодшых школьнікаў можа абысціся крыху танней.
Можна купіць і танней чым трыста тысяч рублёў, але са скуразамяняльніка. На восень такі варыянт не самы практычны.

Спартыўная форма

Дзіцяці для ўрокаў фізкультуры спатрэбіцца спартыўная форма і абутак – красоўкі ці кеды.
За пару добрага абутку для фізкультуры давядзецца аддаць прыкладна 300 тысяч рублёў. А за спартыўны касцюм – ад 300 да 500 тысяч рублёў.

Выбіраем заплечнік
Асартымент і кошты заплечнікаў, як і на ўсе школьныя тавары, для хлопчыкаў і дзяўчынак вельмі разнастайныя.
На маладзечанскім рынку райспажыўтаварыства заплечнік для пачатковых класаў каштуе ад 180 да 200 тысяч рублёў, а для старэйшых вучняў – ад 380 тысяч і вышэй.

Напаўняем сумку канцылярскімі таварамі

Каб сшыткі не былі раскіданыя па заплечніку, варта набыць папку. Ёсць аднатонныя, з малюнкамі з вядомых мульцікаў, з шчыльнага кардону і з пластыку. Кошт вагаецца ў межах 30-50 тысяч рублёў.
Неад’емнай часткай школьных прыналежнасцяў, без чаго нават могуць не пусціць на ўрок, з’яўляецца дзённік. Дзённікі бываюць у цвёрдых і мяккіх вокладках. Кошт – ад шасці да 20 тысяч рублёў.

У экіпіроўцы школьніка важную ролю адыгрывае пенал. “Ручкасховішчы” бываюць мяккія і цвёрдыя, аднатонныя і каляровыя, пластыкавыя і металічныя, з разнастайнымі кішэнькамі і простыя.
Самы звычайны пенал можна купіць за 12 тысяч рублёў, больш прывабныя каштуюць каля 90 тысяч. Купіўшы такі, не трэба перабіраць ручкі, алоўкі, фламастэры і тачылкі, каб знайсці патрэбную рэч.

Неабходна памятаць і пра сшыткі і вокладкі для іх. Калі ў пачатковай школе сшыткаў трэба няшмат, то старшакласнікам давядзецца спісаць не адзін. Старэйшым вучням прыйдзецца набываць сшыткі на 48 аркушаў і больш, бо яны зручней для многіх прадметаў.

Цяпер адзін паўагульны сшытак каштуе ў межах шасці тысяч рублёў. Толькі за 12 асобнікаў давядзецца аддаць каля 70 тысяч рублёў.
Для вучняў пачатковых класаў дадатковыя выдаткі: неабходна набыць каляровую паперу, пласцілін, альбом для малявання, касу літар і складоў.
Таксама для ўвасаблення творчых фантазій дзіцяці трэба набыць фарбы (гуаш або акварэль), у якую могуць ўваходзіць ад шасці да 12 і больш баначак.

 

Сабраць дзіця ў школу для многіх бацькоў – даволі цяжкая задача. Нават калі неабходныя рэчы будуць даволі танныя, па сярэдніх коштах, выдаткі будуць адчувальныя для бюджэту многіх беларускіх сем’яў.

Сабраць дзіця ў пачатковую школу ў сярэднім каштуе каля двух мільёнаў рублёў, а ў старэйшыя класы – каля трох мільёнаў. Гэта сярэдняя сума, якая залежыць ад таго, дзе купляць рэчы – на рынку ці ў краме.

Вольга ЮРКЕВІЧ

Калаж Настассі РОЎДЫ

Фота pic.fotico.ru.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце