weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.312
1 долар 1.9886
100 рас.руб. 3.1609
17.08.2013 20:01 ,

Юры Герасімовіч: “Я не люблю мазню”

У выставачнай зале імя Сілівановіча краязнаўчага музея праходзіць выстава карцін Юрыя Герасімовіча. Жыве ён у Вільні, а карані – з Вілейшчыны.

Асоба цікавая: ён не толькі мастак, але і дэсантнік, цяпер у Вільні кіруе аддзяленнем дэсантнікаў дабрачыннага фонду ветэранаў вайны у Афганістане.

У інтэрв’ю нашаму выданню Юры расказаў, як атрымалася спалучаць вайсковую службу з мастацтвам. Прыгадаў, як дзіцем на Вілейшчыне пасвіў кароў і спаборнічаў у збіранні баравікоў. З сумам распавёў, як знікла яго лепшая праца.

– Дэсантнік і мастак – такое спалучэнне нетыповае…

– Рэдкі выпадак. Але дэсантныя войскі – адны з самых рамантычных: столькі рамантыкі, прыгажосці і сілы волі. Каб вы бачылі, як дэсантнікі на парашутах у небе ляцяць – бы дзьмухаўцы! Гэта прыгажосць душы, смеласць, гэта сапраўднае баявое брацтва.

– Дык як жа так атрымалася, што мастацтва і ваенная служба ў вас перапляліся?

– У дзяцінстве закончыў чатырохгадовую мастацкую школу ў Вільні, падлеткам трохі закінуў маляванне. У 1973 пайшоў у войска і застаўся на звыштэрміновую службу. Служыў у Каўнаскай сёмай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі.

Адначасова завочна вучыўся шэсць год у мастацкім універсітэце. Атрымаў спецыяльнасць “выкладчык малявання ў сярэдняй школе”. У войску быў інструктарам палітаддзела па культурна-асветніцкай рабоце. Займаўся скульптурай, афармленнем памяшканняў, графікай, керамікай, жывапісам, у тым ліку манументальным. Ствараў музей баявой славы дывізіі: ад праекта і да акцэнтаў дэкаратыўных.

– У войску не толькі выяўленчым мастацтвам займаліся?

– Не. Усё рабіў, што належыць ваеннаму: і ў камандзіроўкі лятаў, і з парашутам скакаў.

– Юры, што звязвае вас з Вілейшчынай?

– Мае карані адсюль, бацькі нарадзілася ў Крывым Сяле. Я ўжо нарадзіўся ў Вільні, бо бацькі ў 1952 годзе пераехалі туды. Але ж я ў бабулі рос у Крывым Сял. І мая жонка Рая таксама з Вілейшчыны.

Тут на танцах і пазнаёміліся. Прыязджаў у адпачынак у ваеннай форме. Неяк збіраўся на танцы. Бабка параіла звярнуць ўвагу на адну дзяўчыну. Прыйшоў, а яе не ведаю. У хлопцаў спытаў, як выглядае. “Вось гэтая, з валасамі па пояс”, – адказалі. Танцавалі.

Да Качанкоў праводзіў, знайшлі агульную тэму для размовы, завязалася сяброўства. Настолькі яна мне спадабалася,  так перажываў, каб толькі адказвала на мае лісты з арміі. Амаль кожны дзень пісаў. І па сёння жонка захоўвае тыя лісты – 211 іх было. Там і вершамі напісана.

– А дзіцячыя ўспаміны з Вілейшчыны якія засталіся?

— Помніцца, як пасвіў кароў. Раніцай падымаўся, бабка торбачку з лустай хлеба дасць – і наперад. Прыгадваю табуны коней, як на выгане разам з пастухамі бульбу пяклі. Як у грыбы з дзецьмі хадзілі, спаборнічалі, хто больш баравікоў прынясе. Прынясеш, а бабуля рада: “Слухай, унучак, яшчэ схадзі”.

Памятаю, як яйкі краў, каб цукерку ці сайку купіць. Год шэсць-сем было. Выходжу, у мяне поўная пазуха яек, а тут бабка ідзе. Венікам па мяккім месцы надавала – і ўсё, больш гэтага не было.

– Самая дарагая для вас праца?

– Для музея баявой славы дывізіі стварыў дзве вялікія дыярамы: адна – 45 квадратных метраў, другая – 28. Гэта “Штурм рэйхстага”. Яна найбольш мне дарагая: столькі душы ў яе ўкладзена! Ездзіў у камандзіроўкі, глядзеў дыярамы Барадзінскай бітвы, “Узяцце Ізмаіла”. Даводзілася шукаць дакументы ў архівах, у фільмах глядзець, як рэйхстаг выглядаў.

Дыярама атрымалася – такое адчуванне быццам знаходзішся ў баі. На жаль, калі выводзілі войскі з Каўнаса, пры транспарціроўцы дыяраму разламалі. Я плакаў: столькі працы, столькі сіл, эмоцый з ёй звязана.

– Пасля вываду дывізіі вы засталіся ў Літве…
Вырашылі застацца, бо адслужыў 20 год, надыходзіў час выходзіць на пенсію. Пераехалі жыць ў Вільню. Нічым ушчымлены я не быў, літоўскай мовай валодаю.

Проста сама абстаноўка была цяжкая. Сябры ўсе паехалі, потым ваявалі, гінулі: пасля першай чачэнскай вайны ад майго палка засталося працэнтаў 20. Калі трохі супакоіўся пасля гэтага перыяду, стаў часцей ездзіць у Беларусь да сваякоў.

– І як вам тут?

— Магу сумленна сказаць: калі перасякаеш мяжу з Беларуссю, то і паветра змяняецца. Тут адусюль павявае цяплом і дабрынёй. Тут усё натуральнае, няма сінтэтыкі – я яе не люблю. У вёсцы ўсё па-іншаму адчуваеш. Праўда, цяпер дачнікаў шмат, ужо не тое.

Бывае, пытаюцца: “Як там у вас у Літве?” Ну як? Як у Еўропе, і што там асаблівага? А самае каштоўнае, калі прыязджаеш у вёску і бачыш гэта спрадвечнае. Трэба гэта берагчы, няхай нават у карцінах. Каб прыйшлі дзеці, паглядзелі, вось гэта было такое.

Я на адной карціне напісаў качанкоўскі лес. Людзі пазнаюць: “Вось сюды ў грыбы хаджу”. Таксама пішу абразы. Два абразы знаходзяцца ў Касуцкай царкве. Напісаў іх па блаславенні айца Яфрэма са Свята-Духава манастыра ў Вільні. Часта прывозіў яго дадому, ён падказваў. Абразы асвяцілі, прынёс у дар царкве. Тут мае продкі вянчаліся і хрысціліся: не мог упусціць выпадак зрабіць штосьці добрае для сваёй царквы. Побач каплічка старадаўняя стаіць, для яе рыхтую абраз Іаана Хрысціцеля.

– Як з’явілася ідэя зладзіць выставу ў Вілейцы?

– Вырашыў, чаму б і не выставіць свае працы на роднай зямлі? Ёсць некалькі твораў, якія напісаў тут: Касуцкая царква, вясковыя пейзажы… Бывае, задумаешся: Вілейка і Вільня, карані абодвух слоў – “Віл”, а рака наша Вілія ці Нярыс – злучнае звяно.

–  Якія карціны на выставе выстаўленыя?

– Нацюрморты, пейзажы: і гарадскі – Вільні, і наш вясковы  – з Качанкоў, Крывога Сяла.

— Ваша мэта як мастака …

– Разумееце, хачу ўзнавіць тое, што ў мяне страчана за пасляперабудовачны перыяд. Тады быў у пэўнай дэпрэсіі, рука не ўзнімалася маляваць. Думаў: “Ці не развучыўся ўжо?”. Потым паспрабаваў, раз, другі – уцягнуўся. І цяпер  хачу штосьці пакінуць пасля сябе.

– Якія ёсць задумы?

– Была задума такая глабальная. Ведаю, што ў Мінску будуецца музей Вялікай Айчыннай вайны. Вось бы скааперавацца з кім, стварыць групу, якая занялася б дыярамамі, бо досвед працы ёсць. Кожнаму наведніку было б цікава: дзесьці зямлянкі, дзесьці акопы зрабіць – у залежнасці ад тэматыкі. Але гэта проста мары.

– А ў Вілейцы не прапаноўвалі штосьці такое?

– Хачу больш цесна пакантактаваць з дырэктарам краязнаўчага музея Сяргеем Ганчаром. Можа, у перспектыве штосьці прыдумалі б. Таму што поле дзейнасці шырокае.

– А ў бліжэйшых планах як мастака што стварыць?

–  Адразу хачу паглядзець, як беларуская публіка прыме, ці спадабаюцца работы – усё ад іх успрымання залежыць. Бо калі не спадабаюцца, то што мне тут рабіць? Але, мяркую, спадабаюцца. У мяне стыль працы больш акадэмічны.

– А ў Літве ці выстаўляецеся?

– Раней выстаўляўся, а цяпер не. Там сучаснае бачанне ўсяго прыгожага ідзе ўразрэз з маімі ўяўленнямі. Я не люблю мазню.
Разумею, што ёсць розныя накірункі і стылі. Але можна тую самую працу зрабіць у класічным стылі, каб чалавеку было зразумела. Я разлічваю на людзей сярэдняга ўзросту. Каб чалавек прыйшоў, паглядзеў, каб ён перажываў з гэтай працай, каб нейкія думкі з’яўляліся.

– І на заканчэнне нашай размовы спытаю: “Чым жа ганарыцеся ў жыцці?”

– Ёсць гонар за дзяцей. Што сталі дарослымі, нечага дасягаюць: Андрэй – у сваім накірунку, Ксенія – у сваім. Яна спявачка, у 2004 годзе прадстаўляла Літву на “Славянскім базары”. Цяпер у Мінску жыве, працавала ў аркестры Фінберга. Дарэчы, нядаўна спявала ў Вілейцы на святкаванні Дня Незалежнасці.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце