weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 5° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4078
1 долар 2.0999
100 рас.руб. 3.215
18.08.2013 09:37 ,

“Бачу дом, але як пад’ехаць”?

У рэдакцыю “РГ” з пытаннем звярнуўся малады чалавек: чаму вуліца Віленская пачынаецца з плошчы Старое Места, а некаторыя дамы знаходзяцца недалёка ад завода парашковай металургіі?

Мы вырашылі высветліць, ці ёсць яшчэ такія вуліцы ў Маладзечне.

Найперш мы звярнуліся да тых, хто ведае горад уздоўж і ўпоперак, а дакладней, да таксістаў.

Навошта сціраюць гісторыю, змяняючы назвы вуліц?

Як нам расказалі, таксісты добра ведаюць Маладзечна і таму лёгка даязджаюць у любы пункт горада. Яны кажуць, што ідэальная нумарацыя ва Усходнім мікрараёне. Па адным баку ідуць цотныя дамы, а па другім – няцотныя. Таму ніякіх праблем не ўзнікае. У цэнтры горада блытаніна з тым, што дамы абазначаюцца не толькі лічбамі, але і літарамі. Напрыклад, 2А і 2Б.

Таксама ўзнікаюць праблемы пасля змянення назваў вуліц. Таксісты скардзяцца, што кліенты часта тэлефануюць у службу і выклікаюць машыну па старым адрасе, якога ўжо папросту не існуе. Тыя, хто працуе даўно, могуць хутка зарыентавацца, навічкі ж блытаюцца. А разам з імі і прыезджыя.
Некаторыя з таксістаў здзіўляюцца, чым дрэнныя былі старыя назвы вуліц. Як яны лічаць, гісторыя горада захоўваецца і ў назвах вуліц, чаму тады яе сціраюць? Будуюцца новыя мікрараёны, вось там, на іх думку, і трэба даваць новыя назвы.

Спачатку “В”, усярэдзіне – “А”, а пасля ўжо “Б”
Блытаніны дадаюць і некаторыя заезды да пэўных дамоў. Напрыклад, два дамы №40 на Францыска Скарыны і Багдана Хмяльніцкага знаходзяцца амаль побач. Але заезд на Скарыны – з Багдана Хмяльніцкага, на Хмяльніцкага – наадварот. Тыя, хто гэтага не ведае, могуць доўга блукаць у пошуках патрэбнага дома.

– Часам даводзіцца ездзіць на таксі, – кажа жыхарка аднаго з гэтых дамоў Анастасія. – І ўжо цягам сямі год даводзіцца нагадваць кожнаму другому кіроўцу, як да нас пад’ехаць. А калі ўзгадаць, што адбывалася адразу, як пабудавалі дом, то можна ўвогуле схапіцца за галаву! Тады шмат гасцей прыязджалі паглядзець нашу новую кватэру, дык кожнага даводзілася сустракаць, бо гадзінамі круціліся непадалёк і казалі: “Бачым ваш дом, а як пад’ехаць, не ведаем”.

Сталыя жыхары дамоў па вуліцы Вялікі Гасцінец 72А, 74А, 74Б, 74В кажуць, што для іх гэта нумарацыя звыклая. Яна  ўжо даўно існуе. “Хуткая” знаходзіць іх, а на таксі не ездзяць – дорага, ды і няма куды.
Узнікаюць цяжкасці, калі трэба трапіць у дамы № 74А, 74Б, 74В. Спачатку ідзе дом з літарай В, усярэдзіне — А, а ўжо пасля Б.

Ці магчыма змяніць адрас для дома?

Намеснік  маладзечанскага філіяла “Мінскага абласнога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” Раман Жаўняровіч патлумачыў, як змяняюць “прапіску” дома.

Гэта не так проста, як здаецца на першы погляд. Трэба змяніць рэгістрацыю, перарабіць дакументы на пабудову. Асаблівыя цяжкасці ўзнікаюць са шматкватэрнымі дамамі, бо неабходна згода ўсіх жыхароў дома.

Усе правілы змянення назвы прапісаныя ў “Пастанове дзяржаўнага камітэту па маёмасці Рэспублікі Беларусь” ад 15 жніўня 2012 года.

Адрас лічаць замацаваным, змененым, зніклым, калі яго ўнеслі у запіс рэестру адрасоў.

Гэтую працэдуру ажыццяўляюць супрацоўнікі арганізацый па дзяржаўнай рэгістрацыі.

Аб чым сведчыць пастанова

Паводле “Пастановы дзяржаўнага камітэта”, абгрунтаваннем для змены адраса з’яўляюцца:

–  Перанумарацыя ці нармалізацыя адрасоў.

– Раздзел, зліццё элементаў дарожна-транспартнай сеткі.

– Змяняюцца адрасы і ў сувязі з раздзелам, зліццём пабудоў і з’яўленнем надбудоўкі.

Нармалізацыя адрасоў ажыццяўляецца пры звароце зацікаўленай асобы, пры рашэнні органа мясцовага кіравання і самакіравання, пры ўказанні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь.

Галіна СІНІЦА.

Фота atlantic.net.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце