weather 23° Маладзечна
weather 23° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 23° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 23° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
19.08.2013 09:10 ,

“Не баяцца лячыць – галоўнае для доктара", – лічыць малады спецыяліст Павел Ганчар

Ад першага жніўня ў бальніцы нашага рэгіёну прыйшлі маладыя дактары.

Аб умовах працы, атмасферы ў калектыве мы вырашылі даведацца ў Валожынскай раённай бальніцы. Пра гэта нам распавёў педыятр Павел Ганчар.

– Павел, чаму вы абралі менавіта прафесію доктара?
– Напэўна, да дзясятага класа не задумваўся над сваёй будучай спецыяльнасцю. Пасля ж захацеў абраць прафесію, якая была б карысная для людзей. На мой погляд, самая карысная спецыяльнасць – доктар. Яна дапамагае людзям, часам выратоўвае. Ды і ўвогуле, што можа быць больш важным за жыццё? 

– Чаму педыятр, а не іншая спецыяльнасць?
– Ва ўніверсітэце, на другім курсе, супрацоўнічаў з “Чырвоным крыжам”, дзіцячымі арганізацыямі, дапамагаў дзіцячым дамам. Таму вызначыўся са спецыяльнасцю адразу. Дзеці – гэта наша будучыня, а таму трэба клапаціцца пра іх жыццё.

– Як трапілі ў Валожынскую цэнтральную раённую бальніцу?
– Па размеркаванні мне прапанавалі некалькі месцаў: Астравец, Валожын і Смаргонь. Я выбраў Валожын. Не паехаў у свой родны горад (Смаргонь), бо там многа сяброў, знаёмых. Мне здаецца, там бы мяне ацэньвалі б не як доктара, а як чалавека.

– Самі вы не мясцовы. Ці прадаставіла бальніца жыллё? Або здымаеце кватэру?
– Жыву ў інтэрнаце, які дала бальніца. Умовы мяне цалкам задавальняюць. Ды і бальніца, як з’яўляюцца сродкі, імкнецца палепшыць умовы.

– З якімі цяжкасцямі сустрэліся, калі прыйшлі працаваць?
– Не было цяжкасцяў, якія немагчыма было б вырашыць. Я аптыміст па жыцці, таму ў любой сітуацыі шукаю і добры бок.

– Ці задавальняюць умовы працы?
– У прынцыпе, усё задавальняе. Нядаўна налічылі заробак – прыемна здзівіўся. Калектыў вельмі добры. Ніхто не адмаўляецца дапамагчы, даюць парады. Як і ў кожнага доктара, у мяне свой кабінет, што не можа не радаваць.

– Якая парада найбольш запомнілася?
– Не бойся лячыць. Гэтую параду дала мне загадчыца аддзялення. Калі ў медыка шмат боязі, хваляванняў, ён забываецца усё, што ведае. Трэба заўсёды быць сабраным. Але ў той жа час, баяцца ў медыцыне – гэта нармальна. Вось і два бакі медалю.

– А самі прытрымліваецеся здаровага ладу жыцця?
– Імкнуся прытрымлівацца, на жаль, не заўсёды атрымліваецца. Раніцай раблю зарадку, правільна харчуюся, ў адзін і той жа час стараюся класціся спаць.

– Якім павінен быць добры доктар?
– Мне падаецца, у першую чаргу — добрым псіхолагам, каб мець падыход да кожнага з пацыентаў. Паміж доктарам і пацыентам павінны быць давяральныя адносіны. Толькі ў гэтым выпадку можна вылечыць хваробу, знайсці яе корань. Ну і, канечне ж, кваліфікаваным спецыялістам.

– Ці здаралася ў вашай практыцы такая сітуацыя, якая запомнілася на ўсё жыццё?
– Была, у інтэрнатуры. Я тады назіраў за хлопчыкам, які захварэў на бранхіт. Пасля чарговага агляду ў яго раптам пачалі з’яўляцца сімптомы іншых, яшчэ не вызначаных намі хвароб.
У гэты час побач са мной ніякага іншага спецыяліста не знайшлося і прымаць рашэнне, як дапамагчы дзіцяці, прышлося самому. Тады хутка ўзяў сябе ў рукі, пачаў супакойваць дзіця, якое ўжо пачало плакаць, імкнуўся дапамагчы. І гэта мне ўдалося.

– Як вы ставіцеся да самалячэння, нетрадыцыйнай медыцыны?
– Адмоўна. Раздражняюць і праграмы па тэлебачанні медыцынскага характару. Дыягназ павінен вызначаць спецыяліст, пасля прызначаць лячэнне. Бываюць выпадкі, калі і хваробы няма. Людзі ж упэўніваюць сябе ў адваротным.

– Вы ўдасканальваеце свае веды ці спыніліся на дасягнутым?
– Калі ёсць вольны час, чытаю медыцынскую літаратуру. Дактары заўсёды ўдасканальваюць сябе, паўтараюць раней вывучанае. Часам кансультуюцца са сваімі калегамі, ад іх атрымліваюць веды ў іншай галіне медыцыны. 

– Якія парады вы можаце даць нашым чытачам у апошні месяц лета?
– Канешне, весці здаровы лад жыцця, выпрацаваць для сябе рэжым дня. Есці больш садавіны і гародніны, бо тыя вітаміны з прадуктаў, якія атрымаеце зараз, будуць падтрымліваць здароўе восенню і зімой. Параю менш хвалявацца, бо, як кажуць у народзе, усе хваробы ад нерваў. А ў выпадку чаго заўсёды звяртацца да спецыялістаў, яны дапамогуць.

Галіна СІНІЦА.

Фота забяспечана Паўлам ГАНЧАРОМ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце