weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4365
1 долар 2.1066
100 рас.руб. 3.221
20.08.2013 15:44 ,

Грашыма ў спорце можна і нашкодзіць

У рамках праекта «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі для Беларусі» мы гутарым з галоўным рэдактарам газеты «Прессбол» Уладзімірам Беражковым пра тое, якія змены патрэбныя беларускаму спорту.

Уладзімір Беражкоў – фігура без перабольшання легендарная. Цяжка нават падлічыць, колькі кіраўнікоў беларускага спорту змянілася за той час, пакуль Беражкоў ўзначальвае самую папулярную спартыўную газету краіны. І ўвесь гэты час ён застаецца адным з самых аўтарытэтных спецыялістаў у гэтай сферы.

– Ці патрэбныя беларускаму спорту рэформы, ці гэта не зусім тое слова, якое варта ўжываць, калі мы разважаем пра змены ў спартыўнай галіне?

– Часта кажуць, што спорт – па-за палітыкай, але ўнутры эканомікі. А паколькі сёння многія заяўляюць прама супрацьлеглае, што спорт і ёсць палітыка, то яму на родзе напісана быць звязаным і з палітыкай, і з эканомікай. Якая мадэль эканомікі выкарыстоўваецца дзяржавай, такім будзе і спорт. У нас эканоміка дзяржаўнага рэгулявання з элементамі рынку. Так і беларускі спорт – месцамі рынак, але ў асноўным – дзяржаўнае рэгуляванне.

Таму галоўная рэформа, якая тут патрэбна – навесці парадак менавіта ў гэтым рэгуляванні. Я маю на ўвазе, што павінен быць рэальны цэнтр у асобе Міністэрства спорту, якое ў нас часам «саромеецца» патурбаваць таго ці іншага старшыню федэрацыі з вялікімі адміністрацыйнымі паўнамоцтвамі. Чыноўнік з Міністэрства спорту разумее: калі ён закране сур’ёзнага начальніка, які сумяшчае грамадскія і дзяржаўныя пасады, то яму не паздаровіцца. А ўсіх астатніх біць можна. У гэтым і заключаецца адно з сур’ёзных супярэчнасцяў і нестыковак ў сістэме кіравання беларускага спорту.

– Прынята лічыць, што грошы вырашаюць усё. Гэты быццам бы універсальны тэзіс, як аказваецца, не працуе ў беларускім спорце. Напрыклад, у нашым хакеі ў апошнія гады – чым больш грошай, тым менш поспехаў. Як гэта можна растлумачыць?

– Без грошай чагосьці дамагчыся ў спорце вельмі складана. Але і аднымі грашыма таксама немагчыма. Больш за тое, фінансамі можна нашкодзіць, калі яны выкарыстоўваюцца нерацыянальна і не па прызначэнні. Хакей тут сапраўды яскравы прыклад. На мяжы стагоддзяў туды прыйшлі вялікія грошы, і кіравалі яны, а не людзі і тэхналогіі. У выніку многія спецыялісты былі вымушаны сысці. А Міністэрства спорту не магло нічога запярэчыць, бо хакеем кіраваў цэлы міністр унутраных спраў.

Хакеем пачалі кіраваць грашыма і адміністрацыйным рэсурсам. І ў выніку менскае «Дынама» стала непадкантрольным жаралом, куды скідаліся каласальныя рэсурсы. Сёння, я спадзяюся, сітуацыя выпраўляецца – мне здаецца, тут яшчэ не ўсё да канца запушчана.

– Што больш важна: спорт вышэйшых дасягненняў або масавы спорт, для здароўя грамадзян? Логіка падказвае: здароўе людзей павінна быць на першым месцы, але дзяржава усімі сваімі дзеяннямі паказвае – медалі на Алімпіядах ёй важней …

– Масавы спорт і спорт вышэйшых дасягненняў – зусім розныя рэчы. Сёння ідзе рэформа і скарачэнне дзяржаўнага апарату. Яно ўжо ўдарыла па мясцовых спортупраўленнях, у раёнах скараціліся пасады спартыўных кіраўнікоў (гэтыя пытанні аддалі ў аддзелы адукацыі), мне здаецца, ні да чаго добрага гэта не прывядзе.

Для таго каб рыхтаваць спартсменаў вышэйшых дасягненняў, патрэбныя цалкам адмысловыя метадалогіі, падыходы і сродкі. Нельга змешваць масавы спорт і падрыхтоўку чэмпіёнаў.

– Ваша газета «Прессбол» нямала піша аб карупцыі ў беларускім спорце. Ці можна сказаць, што гэта з’ява падрывае перспектывы і поспехі беларускага спорту?

– Карупцыю ў спорце цалкам перамагчы немагчыма. Карупцыя ў яе дробных праявах (залічэнне па блаце ў каманды сваіх знаёмых і сваякоў, дробны крадзеж сутачных і г.д.) набыла масавы характар. Але ў той жа час ёсць значна больш сур’ёзныя рэчы, наверсе квітнее, так бы мовіць, узаконеная карупцыя.

Нядаўна выйшаў указ аб дзяржаўнай падтрымцы спорту, і там дакладна прапісана, што за сродкі, якія накіроўваюцца на развіццё спорту дзяржаўнымі прадпрыемствамі, ня трэба даваць справаздачу. І некаторыя буйныя чыноўнікі, кіруючыя федэрацыямі, сёння прымудраюцца за кошт хітрасцяў падаткаабкладання адводзіць гэтыя сумы, адбіраць з падатковага абароту як чыста спонсарскія грошы. І яны выводзяцца з бюджэтнага абароту.

Трэба ўсталяваць парадак, стварыць дакладную сістэму кіравання спортам. Каб і ўнізе, і наверсе былі людзі, якія маюць усю паўнату ўлады. А пакуль – «гэтага можам чапаць, а гэты занадта буйны для нас» … Такія падвойныя стандарты забіваюць наш спорт.

Віталь АСІПОВІЧ, www.sn-plus.com

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце