weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
24.08.2013 13:09 ,

Адпачынак у Крыме: танна і якасна?

Фота: Зоя Хруцкая.

Часта кажуць, што адпачынак у Крыме самы танны. Ці праўда гэта? Ці значыць гэта, што за невялікія грошы вам прапануюць адпачыць якасна? Давайце лічыць разам!

Рыхтавалася я сёлета да адпачынку паводле прынцыпу жарту з КВЗ: не назбіраў грошы, дык хоць у Крым. Набыўшы квіткі ў плацкартны вагон (абавязкова недзе за 45 дзён да паездкі – іначай іх проста ўжо не будзе ў продажу), я пачала чакаць адпачынку.

Квіткі ў плацкартны вагон на цягнік да Сімферопаля абыдуцца прыкладна ў адзін мільён рублёў у два бакі з чалавека.

Думкі ў дарозе

25 гадзін на цягніку, і вось за вокнамі краявіды Крыма: сланечнікавыя палі, горы, мора… Дзякуючы таму, што вольнага часу ў цягніку  шмат, можна з курортным месцам вызначыцца тут. Мой выбар у гэты раз быў на карысць горада Алушта, што на паўднёвым беразе Крыма. Як толькі мы пакінулі цягнік, да нас, як мухі на мёд, зляцеліся таксісты з усяго паўвострава. Адсюль можна даехаць ва ўсе гарады і мястэчкі старога добрага Крыма.

 

Таксі да Алушты вам станецца ў суму прыкладна 300 тысяч рублёў, але тут – як дамовішся з таксістам.

Лішніх грошай у нас не было, таму, адмовіўшыся ад хуткасці і камфорту, рушылі  на аўтавакзал. Дарэчы, ён тут зусім побач.

Квіток на аўтобус каштуе  20 тысяч рублёў. Кошты, вядома, ва ўкраінскіх грыўнях, але курс можна лічыць як 1:1, таму да кошту ў грыўнях я проста дадаю тры нулі.

Калі зусім шкада грошай, можна паехаць да месца на тралейбусе. Кошт 9 тысяч рублёў. Але і часу гэта займае больш. Прынамсі, дарога да Алушты зойме гадзіны дзве.

Я ў бабулі жыву

Варыянтаў жылля ў Крыме не проста шмат, а занадта шмат. Жыллё прапануюць усе: і бабулі-гаспадыні, і прадпрымальныя рыэлтары, і таксісты, і шыльды розных гатэляў і пансіянатаў на кожным кроку… Выбірай на любы густ!

Хочаш дом, хочаш пакой, кватэру. Каля мора, у цэнтры горада… Кошты ад 50 тысяч рублёў на суткі з чалавека за пакой. За асобную кватэру гэту суму адразу трэба памножыць на тры.

Зразумела, што чым  бліжэй да мора і да камфорту, тым даражэй. Дарэчы, пансіянаты, пры наяўнасці вольных месцаў,  цешаць прымальнымі коштамі.

Абед па раскладзе

Калі ваш выбар, як і мой,  – гэта адпачынак без харчавання, то вам давядзецца шукаць варыянты дзе смачна і, што тут хаваць, танна паесці.

Крымскія сталовыя, якіх шмат на кожнай вуліцы, комплексны абед прапануюць  за 30-40 тысяч. Прычым першыя стравы (супы, салянкі) зусім недарагія (7-10 тысяч).

Калі бюджэт дазваляе, можна харчавацца ў кавярнях, барах. Там абед абыдзецца ненашмат даражэй, але трэба мець на ўвазе, што амаль ва ўсіх такіх установах вам у рахунак уключаць 10 % ад сумы замовы.

І яшчэ адно. Тое, што ў меню напісана: “Падзяка афіцыянту вітаецца”, можа значыць, што рэшту вы так і не дачакаецеся. Праверана на ўласным досведзе.

Не хлебам адзіным…

Галоўная перавага адпачынку ў Крыме, на мой погляд, гэта багатая гісторыя гэтага паўвострава  і безліч маршрутаў для экскурсій.

Экскурсіі прапануюць шматлікія турыстычныя фірмы.  Пад’ём у горы ці марскія вандроўкі на цеплаходзе, палацы, у якіх да сённяшняга дня адчуваецца энергетыка іх уладальнікаў, ці прыродныя дзівы: пячоры ды вадаспады.

На аўтобусе ці джыпах, на конях ці на роварах. Выбірайце на свой густ. Экскурсія абыдзецца вам у суму ад  200 да 350 тысячаў рублёў. Але гэта таго каштуе. Бахчысарай, Балаклава, Севастопаль, Херсанэс, Джур-Джур, Гурзуф…Ад адных назваў сэрца замірае ў прадчуванні!

“Прывязі мне магніцік!”

Першае, што чуеш, калі паведамляеш сваім знаёмым, што едзеш адпачываць, гэта словы:  “Прывязі мне што-небудзь”.
Самыя папулярныя гасцінцы – магніты на лядоўню і бірулькі для ключоў. Падобны гасцінец абыдзецца вам ад 5 да 25 тысяч рублёў.

Калі вашы сябры больш патрабавальныя, раю звярнуць увагу на касметыку (гліну, солі, мыла ручной работы і г.д.), варэнне з кізілу, пялёсткаў  руж, горны мёд і, вядома, спіртныя напоі (знакамітыя крымскі каньяк ды віно).

Увага: па нормах можна перавозіць не больш за тры літры спіртных напояў на чалавека.

Лыжка дзёгцю

Магчыма, вы запытаецеся: а дзе мора? Чаму ва ўсім артыкуле ні слова пра пляжы і мора? Таму што для мяне тое, дзеля чаго мы цэлы год збіраем грошы і едзем за тысячы кіламетраў, і апынулася самым непрыемным ва ўсёй гісторыі.
Не, з морам усё ў парадку: і цёплае, і чыстае…

А справа ў тым, што амаль усе пляжы ў Крыме перададзены ў прыватную ўласнасць.

І каб дзянёк папесціцца на такім пляжы, вам давядзецца аддаць 30 тысяч рублёў.

Калі ж выбіраць пляж агульнага доступу, то проста слёзы падступаюць! 1-2 пляжы на 100 000 насельніцтва! Прыйшоў на гадзіну пазней – і месца пад сонцам можна проста не знайсці!

Якое выйсце з гэтага становішча? Для мяне толькі адно: вядома, адпачываць у Крыме варта, але трэба выбіраць для гэтага месцы, дзе ў кошт пуцёўкі абавязкова ўключаны ўваход на пляж!

Падбіваючы касу, магу сказаць: два тыдні крымскага сонца і мора абышліся мне ў суму 4 500 тыс. беларускіх рублёў! Прычым, 50 даляраў яшчэ засталося. Пачатак адпачынку — 2014 пакладзены!

Наталля ТУР.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце