weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
24.08.2013 21:09 ,

Як улетку 1914 года “Паўлінку” ставілі на Астравеччыне

У час працы настаўнікам Клюшчанскай школы з верасня 1952 па чэрвень 1953 года быў на кватэры ў Хадорскіх у вёсцы Казаноўшчына Свірскага раёна (цяпер Астравецкі).

Гаспадары – Эмілія Францаўна і Франц Іосіфавіч расказвалі мне пра спектакль, які ладзілі госці з Вільні і мясцовая моладзь. Эмілія Францаўна ўспамінала, што прыязджалі са спектаклем «перад самюсенькай вайной».

Вядома, што першая сусветная вайна пачалася 1-га жніўня 1914 года. Па тых сведчаннях, што спектакль ставілі ў разгар сенакосу, што гасцей частавалі пазёмкамі з чарніцамі, залітымі малаком, што мясцовыя дзяўчаты і госці хадзілі кідаць вянкі ў рэчку Баранка, можна меркаваць, што было гэта на Купалле, ці на Яна, як гавораць на Клюшчаншчыне.

Вестка, што ў Клюшчанах будзе паказ, лунала яшчэ з вясны. Моладзь і дарослыя рыхтаваліся: як і дзе сустракаць, чым частаваць гасцей. Нарэшце, настаў гэты дзень. Сустракаць артыстаў паехалі да чыгункі ў Гелядню на лепшых конях, запрэжаных у брычкі і карафажкі. У грывы коням уплялі каляровыя стужкі, на шыі павесілі шаргуны, даматканымі перабіранымі посцілкамі заслалі сядзенні.

Людзі сабраліся на пляцы перад касцёлам. Ладзіць спектакль дазволіў у сваім гумне знакаміты ў наваколлі садавод Смаленскі, бо клуба ці вялікай хаты ў мястэчку не было, а на дварэ стаяла спёка. Гумно размяшчалася амаль у цэнтры мястэчка, пры ім было прасторнае гумнішча. У канцы тока зрабілі з дошак сцэну для выступаючых, расставілі лаўкі.

У паказе прымала ўдзел мясцовая моладзь: браты Стаповічы, Эля Мядзвецкая ды іншыя, а таксама віленская моладзь. Сярод іх быў Янка Купала і Паўліна Мядзёлка. Ставілі ўрывак з камедыі «Паўлінка», дэкламавалі вершы, спявалі беларускія песні.
Абедалі ў Казаноўшчыне (вёска ў паўкіламетры ад Клюшчан). Рыхтавала пачастунак Эмілія Хадорская, якая мела ў наваколлі рэпутацыю выдатнай кухаркі. «Чысты» канец хаты Хадорскіх даволі прасторны, толькі не хапала мэблі, і Франц Іосіфавіч прынёс ад суседзяў некалькі сталоў і зэдлікаў, каб зручна размясціць «пожондную кампанію».

Пазней іх сын Казюк Хадорскі пры нагодзе любіў падкрэсліць:

– Я добра памятаю Альбіна і Кастуся Стаповічаў, ды і саміх Янку Купалу і Паўліну Мядзёлку. Яны ў нас у хаце былі. Частаваліся.

У другой палове дня ладзілі прадстаўленне ў роднай вёсцы Стаповічаў Баранях. Аб гэтым мне расказваў жыхар вёскі Барані Веська.

На палянцы ў канцы вёскі (сасновы бор падступаў тады да самых агародаў) зрабілі ўзвышэнне для артыстаў, для гэтага выкарысталі дзверы ад гумнаў, навокал абставілі бярозкамі. Падлеткі знеслі з усёй вёскі зэдлікі.

Перад пачаткам канцэрта выступіў Альбін Стаповіч, які прадставіў аднавяскоўцам гасцей. Усё дзейства вялося па-беларуску і вельмі спадабалася гледачам.

Вячэра на палянцы

Вялікай хаты, каб умясціць усіх, не было, а вячэраць вырашылі ўсе разам: госці і вяскоўцы, то тут жа на палянцы зрабілі доўгі стол з дошак. На складанку баранцы прынеслі з хаты ўсё самае лепшае, хто што меў: сыры, масла, булкі, кілбасы, паляндвіцы, салёныя баравічкі, яечню, ягады, залітыя малаком, мужчыны зварылі баранскую юшку са свежай рыбы.
Стаяла на стале самагонка, медавуха, раўгеня, квас на журавінах. Мядзёлцы былі вельмі даспадобы залітыя малаком чарніцы з пазёмкамі, за што яна падзякавала гаспадыням.

За вячэрай баранская моладзь паказала і сваё майстэрства. Яна больш месяца рыхтавалася да сустрэчы. Спявалі розныя беларускія песні.

 

Вечарынка

Пасля вячэры тут жа на палянцы пачаліся танцы, якія доўжыліся аж да раніцы. Гралі мясцовыя музыканты на гармоніку, цымбалах, бубне і дзвюх скрыпках. Адным са скрыпачоў быў мой бацька Пётр Іванавіч, тады 14-гадовы юнак, навучэнец Свянцянскай гімназіі. Граў няўпэўнена, бо толькі яшчэ вучыўся, дык мясцовы «дырыжор» прызначыў яго толькі «падцінаць», гэта значыць у польцы рах-цях-цях на тонкіх струнах рэзка агучваць апошнія акорды.

Гарманіст не толькі іграў, але па ходу складаў прыпеўкі і тут жа іх выконваў пад такт танцаў. Полька рах-цях-цях была вельмі тэмпераментная, заахвочвала да танцаў усіх. І калі Іван Дамінікавіч запрасіў на танец Паўліну Вінцэнтаўну, і яны сталі вёртка, з прытопам, скакаць-танцаваць, музыкант заспяваў:

Янка ў танец схапіў Польцю-
Яна ж крэхча ох і ах,
А ўсё роўна месіць польку,
Нашу польку рах-цях-цях.

Гэты дасціп так рассмяшыў Паўліну Мядзёлку, што яны не змаглі станцаваць польку да канца і з Янкам Купалам селі ля музыкаў. Калі музыка закончылася, Мядзёлка таксама выдала экспромт (можа, тэкст ёй Купала пашаптаў):

Доўга-доўга помніць будзем,
Нават сніцца будзе ў снах,
Як ў Баранях на паляне
Танцавалі рах-цях-цях.

Скрыпка, на якой бацька падыгрываў на вечарынцы ў Баранях, у мяне захавалася.

Заключэнне

Калі запісваў гэтыя ўспаміны, закралася думка: а ці было гэта, можа проста прыгожая легенда-выдумка? Няўжо маглі такія знакамітасці, як Янка Купала, Паўліна Мядзёлка, трапіць у такую глухамань? Пакорпаўся ў адпаведнай літаратуры і прыйшоў да высновы: маглі.

Янка Купала ў гэты час працаваў у Вільні адказным рэдактарам газеты «Наша Ніва». Паўліна Мядзёлка, з якой Янка Купала пазнаёміўся ў час яе побыту ў Вільні ў жаночай гімназіі (1909-1912), таксама была ў Вільні, адбывала курсавую практыку, а мясцовая моладзь, якая вучылася, была на вакацыях.

Іван Драўніцкі,
вёска Камарова
Мядзельскага раёна.

Фота Ягора ГАРАЯ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце