weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 5° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4078
1 долар 2.0999
100 рас.руб. 3.215
25.08.2013 10:59 ,

Вераніка Шчаўлік:"Хачу папоўніць калекцыю лялек розных эпох"

Прыгожыя лялькі ў старадаўніх строях, забаўныя казачныя персанажы, мініяцюрныя фігуркі дзетак – усе гэтыя вырабы стварыла кіраўнік гуртка Крывіцкага цэнтра народных рамёстваў Вераніка Шчаўлік.

Зробленыя яны з палімернай гліны.

– Яна быццам пластылін адразу, – расказвае Вераніка. – Робіш скульптурку, запякаеш у духоўцы пры тэмпературы 130 градусаў. У выніку атрымліваецца як сапраўдная пластмаса.

– Дзе ўбачылі такую тэхніку?

– У нашу бібліятэку завезлі кнігу “Палімерная гліна”. Пачытала, спадабалася. Пацікавілася таксама ў інтэрнэце. Займаюся мастацкай керамікай, то не вельмі цяжка было асвоіць. Зрабіла першую ляльку – такога амерыканскага працаголіка Боба. Мне вельмі спадабалася. І падумала: “Чаму б не зрабіць калекцыю?”

Пачала працаваць з палімернай глінай Вераніка менш за год таму, але захапілася гэтай справай сур’ёзна: ужо каля двух дзясяткаў маленькіх скульптур зрабіла. Кожная нечым адметная, але ж асаблівую цікавасць выклікаюць лялькі.

– Яны доўга робяцца, дзесьці месяц кожная, – тлумачыць майстрыха. – Усярэдзіне каркас, зроблены з дроту. Яшчэ дабаўляецца каменьчык, каб лялька стаяла. Абпальваецца. Шыецца касцюм – і гэта самае складанае,  тыдні два займае. Потым ляльку трэба размаляваецць. Працаёмкі занятак – зрабіць валасы. Ёсць штучныя, ёсць натуральныя. Увогуле, працэс вельмі доўгі, затое прыгажосць якая!

– Чаму захапіліся вырабамі з такога матэрыялу?

– Са звычайнай гліны не зробіш такі твар. А з палімернай ён атрымліваецца як жывы.

– Ці распаўсюджаная гэтая тэхніка ў Беларусі?

– У нас толькі ўваходзіць у моду. Калі рабіць прафесійныя вырабы, то не кожны кераміст здолее, трэба быць мастаком ці скульптарам. Да таго ж,  матэрыял дарагаваты.

Захапленне гэта не з танных: матэрыял амерыканскай вытворчасці, купляе Вераніка яго ў сталічных крамах.

– Бачу, шмат фігурак маленькіх дзетак зрабілі…

– У мяне маленькая дачка. Гляджу на яе – так шкада, што яна расце, мяняецца. Хочацца, каб заўсёды былі дзеткі маленькія. Вось і раблю такіх.

Працы Веранікі захоўваюцца дома, можна пабачыць іх і на выставе ў цэнтры рамёстваў. 

– Буду працягваць гэту справу. Спадзяюся, у мяне такіх твораў будзе вельмі шмат.

– Што хочацца зрабіць?

– Шмат планаў ёсць. Хочацца зрабіць больш казачных персанажаў: троляў, эльфаў, гномаў, герояў казкі “Маша і мядзведзь”. І калекцыю лялек розных эпох папоўніць.

Алесь Высоцкі.

Фота Алеся Высоцкага.

Даведка «РГ». Палімерная гліна – пластычны матэрыял для лепкі невялікіх вырабаў.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце