weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 23° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 23° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 23° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
25.08.2013 11:00 ,

Вучыцца даглядаць за зубамі ніколі не позна!

Шырокую ўсмешку мы ўспрымаем як абавязковы атрыбут шчаслівага чалавека. Ніводны з нас не адмовіцца быць уладальнікам белых здаровых зубоў.

Як захаваць свае зубы здаровымі на доўгія гады? І як правільна даглядаць за імі? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да доктара-стаматолага з Маладзечна Вольгі Унучак.

Дзіця павінна разумець, што стаматолаг – сябра сям’і

– Калі ўпершыню трэба весці дзіця да стаматолага?

– Да года візіт да стаматолага абавязковы. Ідэальна так: прарэзаўся першы зуб, купілі сярэбраную лыжачку, стукнулі па зубе. Мама з татам на пазітыве: у нас першы зуб! Мы прыгожа апранаемся і ідзем да стаматолага. Доктар агледзеў, дзіцяці падарылі сюрпрыз – першая сустрэча атрымалася. І з’яўляецца правільная ўстаноўка, што стаматолаг – гэта сябар сям’і.

Для кожнага ўзросту ёсць пэўныя шчоткі і пасты. Шчоткі адпавядаюць узросту: ад нуля да трох год з аднаго боку шчацінкі, з другога шырокая ручка, якую можна грызці. Ад трох да пяці шчотка мае прыгожы малюнак, у ручцы пацеркі. Тады дзіцяці цікава чысціць зубы.
Пасту таксама трэба падбіраць па ўзросце, бо мяняецца мінеральны склад зубоў.

Два разы на год да стаматолага – абавязкова! Жавальныя зубы маюць натуральныя выгібы, фісуркі. Ёсць працэдура герметызацыі фісурак: наносім спецыяльны гель, падсвечваем – усё, шчылінка закрытая. Гэта прафілактыка на ўсе 100%.

– Як навучыць дзіця чысціць зубы?

– Найлепш дзеці вучацца ў групе. Выдатна, калі б ўсе пасля сняданка ў садку ішлі ў ванны пакой, дзе стаяць прыгожыя рознакаляровыя стаканчыкі са шчоткамі і пастамі, і дзеці замацоўваюць, што гэта неабходна. Так робіць мама, тата, дзеці ў садку – усе даглядаюць зубы, значыць, гэта неабходна.

– Як вы лечыце зубы малым дзецям?

– Залячыць канал ці выканаць іншую працаёмкую задачу няпроста. Выседзець 20 хвілін дзіцяці цяжка. Некаторым я раблю складаны зуб у тры этапы па дзесяць хвілін. Важна, каб паход да доктара не быў стрэсам для дзіцяці. У Мінску ёсць клініка, у якой можна залячыць зубкі пад агульным наркозам. Так робяць, калі трэба залячыць адразу чатыры-шэсць зубоў.

– Дзецям часта ставяць пласцінкі і брэкеты. А ці можна выправіць прыкус у дарослым узросце?

– Прыкус – гэта суадносіны верхняй сківіцы да ніжняй. У яго фарміраванні ролю граюць мышцы твару, шыі, спіны. Калі мышцы парушаныя ў выніку скаліёза, няправільнай асанкі, то праблемы будуць і з прыкусам. У дарослага чалавека ўсе мышцы ўжо сфарміраваныя. Можна рухаць зубы як заўгодна, але карані праблемы мы ўсё роўна не зменім. Можа быць так, што пасля выпраўлення прыкуса ўсё вернецца назад праз пару гадоў.
Таму дарослы чалавек можа выправіць адзін-два зубы. Напрыклад, пасля траўмы. Але выправіць сам прыкус і замацваць эфект вельмі складана.
“Многіх дарослых трэба вучыць даглядаць за зубамі”

– Што трэба рабіць штодзень, каб захаваць зубы здаровымі?

– Неабходна карыстацца шчоткай, зубной пастай і апалосквальнікам. Многія пытаюцца:  чысціць трэба да сняданка ці пасля?
Чым часцей, тым лепш. Мне камфортна пачысціць зубы, як толькі прачнуся, пасля сняданку і перад сном. Пасля таго, як я днём паем, я карыстаюся апалосквальнікам – на працягу хвіліны.

– Ці ўсім рэкамендуецца зубная нітка?

– Калі пасля чысткі зубоў ты адчуваеш, што штосьці засталося, вядома, трэба карыстацца. Але лепш пагаварыць са стаматолагам.
Доктар яшчэ і навучыць правільна карыстацца флосам (зубной ніткай). Галоўнае – не траўмаваць зуб, заходзіць у шчылінку акуратна і гэтак жа выйсці.

– На што звяртаць увагу пры выбары зубной пасты?

– Набывайце ў аптэках пасты прэміум-класа. У іх не павінна быць аддушак. Паста павінна мець нізкую абразіўнасць, ці шаршавасць.
Абразіўнасць мае абрэвіятуру RDA, яна пазначана на ўпакоўцы. Калі паказчык да 70 – гэта норма. Болей – ужо надта высокі. Гэта будзе тое ж самае, што ўзяць каляную шчотку для мыцця патэльні і церці ёй багемскае шкло.

– Калі зубы хворыя, ці будзе гэта адбівацца на ўсім арганізме?

– Так. Запалёны зуб – крыніца хранічнай інфекцыі. Ад здароўя рота залежыць здароўе органаў страўнікава-кішачнага тракту.
Да таго ж, калі ў цябе вялізная дзірку, наўрад ці ты будзеш усім шчыра ўсміхацца і свяціцца радасцю. Гэта таксама збівае настрой.

– Якое адбельванне рэкамендуеце вы?

– Я раю натуральнае. Мне больш імпануе працэдура кальцынацыі. Перад тым, як адбельваць, зубы трэба насыціць кальцыем. Доктар рыхтуе індывідуальную капу, у якую кладзем кальцый. За месяц зубы настолькі бялеюць, што некаторыя кліенты кажуць, што іншыя прэпараты не трэба.
“Калі вы добра чысціце зубы – можаце хоць аб’ядацца булкамі”

– Ці праўда, што электрычныя зубныя шчоткі больш эфектыўныя, чым звычайныя?

– І электрычная, і звычайная шчотка эфектыўныя, калі імі правільна карыстацца. Тут пытанне больш не ў эфектыўнасці, а ў зручнасці. Некаму зручна чысціць самому, каб усё адчуваць. Нехта больш любіць аўтаматыку.
Калі ў вас з’явілася электрычная – цудоўна! Але яна мае свае асаблівасці. Нельга паставіць шчотку да аднаго зуба і чакаць, пакуль ён натрэцца да бляску.

Лепей за ўсё прыйсці з канкрэтнай шчоткай да стаматолага і папрасіць, каб ён канкрэтна вас навучыў ёй карыстацца. Яго інструктаж будзе індывідуальны: ведаючы вашы зубы, доктар скажа, якім зубам трэба больш увагі, якім наадварот.

– Чаму некаторыя дактары раяць піць газаваныя напоі праз саломінку?

– Бо хімічныя фарбавальнікі і араматызатары могуць быць шкоднымі для эмалі зубоў. Як і для многіх органаў арганізма. Мы можам выпіць колу і адразу прапаласкаць рот вадой. А можам з’есці булку з сокам і пайсці на вуліцу. У такім выпадку шкода ад булкі будзе большай.
Вядома, усе мы чулі, што калі апусціць зуб у колу, то праз нейкі час ён стане крохкім, як шкарлупіна. Але асабіста я такія даследаванні не праводзіла.

– Якія прадукты найбольш шкодныя і найбольш карысныя для зубоў?

– Часцей за іншыя карыес выклікаюць мучныя вырабы і слодычы. Яны лёгка чапляюцца за няроўнасці зубоў.
Вакол іх хутка збіраюцца мікраарганізмы, задача якіх – перапрацваць “смецце”. Але прадукт іх жыццядзейнасці – кіслата, якая дрэнна ўздзейнічае на эмаль. Калі гэтых кіслот выдзяляецца зашмат, на зубе з’яўляецца бляшка. Таму той, хто своечасова і правільна чысціць зубы, можа хоць аб’ядацца булкамі.

Карыснае для зубоў мяса, багатае на бялкі. Таксама рыба, яблыкі, ягады, кісламалочныя прадукты. Але ўсё роўна харчаванне павінна быць збалансаваным: калі з ранку да ночы есці тварог, то зубы ад гэтага не стануць лепшыя.

– А чаму самая галівудская ўсмешка Беларусі – ў спевака Аляксандра Саладухі?

– А што такое ўсмешка? Гэта сімвал шчасця. Мы запамінаем чалавека па ўсмешцы, а не па адзенні. Магчыма, у дзяцінстве ў яго не было добрых зубоў.

Ён працаваў, працаваў, і вырашыў зрабіць сабе ўсмешку. Верагодна, у яго цудоўнае жыццё, жонка, ранішнія кактэйлі, прабежка. І ён проста хоча паказаць, што жыццё чароўнае.

Магчыма, і Саладуха сваёй усмешкай нясе пэўную ідэю: хоча, каб усе беларусы ўсміхаліся.

Якія тыповыя памылкі робяць беларусы ў доглядзе за зубамі

1.    Карыстаюцца калянымі зубнымі шчоткамі

Да 21 года ідзе актыўная мінералізацыя зубоў. Эмаль фарміруецца, яе лёгка пашкодзіць, калі церці жорскім шчаціннем. Таму да 21 года лепей карыстацца мяккімі зубнымі шчоткамі.

2.    Набываюць адну пасту на ўсю сям’ю

Калі ў сям’і ёсць малыя дзеці, бабуля з пратэзамі, тата з высокай адчувальнасцю зубоў і мама з хворымі дзёснамі, то кожны мусіць мець сваю пасту. Ёсць агульнапрафілактычныя пасты з кальцыем, фторам, а ёсць лячэбныя, якімі карыстаюцца па рэкамендацыі доктара вызначаны тэрмін.

3.    Да стаматолага ідуць толькі калі баліць

На прафілактычны агляд да стаматолага трэба хадзіць мінімум раз на год.

4. Не спяшаюцца залечваць карыес у малочных зубах

Ад нараджэння  чалавека ўжо ёсць 32 зачаткі пастаянных зубоў і 20 малочных. Спачатку выходзіць малочны зуб, потым яго корань рассмоктваецца і ўжо відаць галоўка пастаяннага. Калі будзе хварэць малочны зуб, праблемы перакінуцца і на пастаянны.

5.    Адцягваюць лячэнне зубоў да апошняга

Ісці да доктара трэба адразу, як вас пачало нешта турбаваць. І пачынаць лячэнне таксама адразу – знаходзіць на гэта і час, і сродкі. Адна дзірка за некалькі месяцаў можа стаць прычынай для вырывання зуба. Тады можа змясціцца зубны рад, трэба будзе ставіць пратэз.

Зоя ХРУЦКАЯ, Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота забяспечана Вольгай УНУЧАК, yangl.ru.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце