weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
26.08.2013 22:05 ,

Прайшоў пленэр мастакоў па месцах Першай сусветнай

Грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж” ажыццяўляе міжнародны культурна-асветніцкі праект “Пераклічка стагоддзяў: Першая сусветная вайна і свет сёння”.

Прысвячаецца ён 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны.

– Гэта ўжо другая часць праекта “Пераклічка стагоддзяў”. Першы праходзіў у 2012 годзе і прысвячаўся падзеям вайны 1812 года, – расказала каардынатар праекта Наталля Святкіна. 

Уключае праект міжнародныя летнія творчыя майстэрні і грамадска-навуковыя чытанні, конкурс эсэ, серыі перасоўных выставаў і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў у музеях і бібліятэках, літаратурныя чытанні.

У рамках праекта з 29 ліпеня па 15 жніўня праходзіў пленэр мастакоў. У ім удзельнічалі студэнты і выкладчыкі ўстаноў мастацкага профілю з Беларусі, Расіі, Украіны. Прыехалі яны з Гомеля, Магілёва, Мінска, Навасібірска, Чалябінска, Тулы, Ленінградскай вобласці, Кіева. Усяго – 37 чалавек.

Удзельнікі пленэру пабывалі ў Магілёве, Мінску. На экскурсіі па сталіцы суправаджаў іх старшыня праўлення дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” Вячаслаў Бандарэнка.

Чатыры дні мастакі правялі ў нашым рэгіёне. Наведалі Вілейку, Смаргонь і мясцовыя музеі, Заброддзе, Баруны, Солы, Крэва, Залессе, Гальшаны, Наваспаск, узбярэжжа возера Мядзел і іншыя мясціны, звязаныя з гісторыяй Першай сусветнай вайны. Там жа працавалі над эскізамі будучых карцін.

– Удзельнікі пленэру наведалі рускія і нямецкія могілкі, нешматлікія, на жаль, помнікі героям Першай сусветнай Вайны, – расказвае Наталля Святкіна. – Агледзелі руіны замка і храма, якія былі практычна знішчаны гэтай вайной, нямецкія доты і рускія акопы, змаглі зірнуць на дарогу, што падзяляла дзве арміі і з боку рускіх пазіцый, і з боку нямецкіх.

Пра ўражанні ад пленэру запытаў у выкладчыка Тульскага каледжа мастацтваў Міхаіла Блейхера.

– Уражанні цудоўныя. Другі раз з гэтай арганізацыяй прыязджаю ў Беларусь. Мне тут падабаецца, адчуваю сябе як у сваёй сям’і. Гэтак бывае, калі прыязджаеш да далейшых сваякоў (далейшых – у сэнсе адлегласці) і адчуваеш сябе вельмі ўтульна. Мы тут шмат чаго пабачылі, пазнаёміліся з Беларуссю.

– Якія мясціны найбольш уразілі?

– Не хацеў бы вылучаць, бо многія маюць трагічную гісторыю. Зараз прыехалі з Крэва – вельмі прыгожа. Уразіла Крывая Горка – там спалучаецца незвычайная прыгажосць месца і горыч трагедыі.

 Магчыма, удзельнікі пленэру прыедуць сюды яшчэ раз увосень – маляваць крэўскія краявіды.

Што стане вынікам праекту? – пытаю ў Наталлі Святкінай.

– Выстава, якая пройдзе ў 2014 годзе ў Мінску. Калі музеі тых мясцін, дзе праходзіў пленэр, будуць зацікаўлены ў ёй, таксама змогуць паказаць гэту выставу.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Сямёна ШАЎЦОВА.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце