weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.312
1 долар 1.9886
100 рас.руб. 3.1609
27.08.2013 15:44 ,

Маладзечанка выступіць на Чэмпіянаце Еўропы па пляжным валейболе

Ад 28 да 31 жніўня горад сустракае спартсменаў з 26 краін Еўропы – менавіта ў гэтыя дні на стадыёне для пляжнага валейбола пройдзе Чэмпіянат Еўропы.

Гэты від спорту новы для Беларусі. Арганізатары спадзяюцца, што спаборніцтвы такога ўзроўню прыцягнуць да яго ўвагу.

Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец адзначыў, што горад гатовы да міжнародных спаборніцтваў.

– Адзінае, чаго бракуе – гэта гасцініц, – дадаў ён. – Сёлета ўсе спартсмены будуць жыць у Маладзечне, а вось тыя, хто іх суправаджае, – часткова ў Вілейцы. Спадзяемся, што ў наступным годзе з’явіцца другая гасцініца і праблема будзе вырашаная. Ва ўсім іншым горад падрыхтаваны.

Дапамагаць гасцям будуць мясцовыя валанцёры.

– Дэлегацыю з кожнай краіны будзе суправаджаць па два валанцёры-перакладчыкі, – кажа Мікалай Шрымф, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму. ­– Гэта навучэнцы і студэнты нашых навучальных устаноў, усяго іх каля 60-і. Столькі ж валанцёраў дапаможа з абслугоўваннем матчаў.

Стадыён прыдатны таксама і для правядзення матчаў па пляжным футболе. Але сёлетні сезон ужо завяршаецца, таму футбол гледачы пабачаць толькі праз год.

Усе этапы спаборніцтваў пройдуць на стадыёне для пляжнага валейбола, што месціцца ў парку Перамогі. Уваход на іх вольны.

Матчы пройдуць у любое надвор’е, перанесці іх зможа хіба што навальніца, адзначылі арганізатары.

За Беларусь гуляе маладзечанка

Кожная каманда па пляжным валейболе складаецца з двух спартсменаў. Нашу краіну ў жаночых спаборніцтвах прадставяць чатыры дзяўчыны. Яна Мілеўская прыехала з Мінска, Настасся Казачэнка – з Мінскай вобласці.

Валерыя Бабенка з Баранавічаў і маладзечанка Вікторыя Шалаеўская (на фота справа) ўваходзяць у другую каманду.

Наша зямлячка Вікторыя вучыцца ў маладзечанскай СШ №2, сёлета скончыла дзевяты клас. Нягледзячы на тое, што дзяўчыне 15 гадоў, яна выступае ў чэмпіянаце 18-гадовых.

– Я займаюся валейболам ужо шэсць гадоў, трэніраваў мяне Валерый Шумілаў, – кажа спартсменка. – Сам ён з Лебедзева, але ездзіць на трэніроўкі ў Маладзечна. Мне больш даспадобы валейбол менавіта на пляжы, а не ў зале. Спадзяюся, што ў родным горадзе выступаць будзе лёгка. Да таго ж, на трыбунах будуць бацькі і сябры. 

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце