weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
29.08.2013 16:03 ,

Як японцы выказваюць пачуцці праз посуд (ФОТА, ВІДЭА)

А вы ведалі, што посуд, у якім гаспадыня падае чай, можа расказаць пра яе стаўленне да вас? Гэтым і іншымі сакрэтамі сапраўднай чайнай цырымоніі па-японску падзяліліся з маладзечанцамі госці з краіны ўзыходзячага сонца.

У сераду, 28 жніўня, у цэнтральнай раённай бібліятэцы яны ў невялікай інсцэніроўцы паказалі ўсім ахвотным традыцыі піцця чаю.

У Маладзечна завітала Масако Тацумі, дырэктар інфармацыйнага цэнтра японскай культуры ў Мінску. Разам з ёй прыехалі бацькі – Казука і Ясуакі Тацумі, а таксама дачка Юйэ. Паколькі мама Юйэ японка, а тата – беларус, яе імя у перакладзе з японскай значыць “чалавек, які яднае Беларусь і Японію”.

Спачатку Масако Тацумі перадала бібліятэцы кнігі і часопісы на японскай мове і падарожны дапаможнік, які расказвае пра гісторыю і культуру краіны па-руску.

Невялікія сувеніры для бібліятэкі: філін, выкананы ў тэхніцы арыгамі…

… а таксама «японская матрошка», якая прыносіць у дом спакой і дабрабыт.

П’юць з адной піялкі па чарзе

Японцы падчас цырымоніі п’юць чай, седзячы на каленях на спецыяльным дыванку, які называецца татамі. Перад тым, як на яго зайсці, трэба абавязкова зняць абутак.

Такі незвычайны абутак носяць японскія мужчыны.

Масако Тацумі расказала, што ў паўсядзённым жыцці японцы п’юць такі ж зялёны і чорны чай, як і беларусы. А вось для чайнай цырымоніі выкарыстоўваюць чайны парашок: яго заліваюць кіпнем і ўзбіваюць бамбукавым венчыкам.

Для вырабу чайнага парашку выкарыстоўваюць самыя маладыя лісточкі чаю. Іх высушваюць не на сонцы, каб захаваць зялёны колер, а потым здрабняюць.

Перад тым, як разліваць чай, гаспадыня працірае ўвесь посуд шаўковай хусткай.

Першы госць просіць прабачэння ў астатніх, што ім даводзіцца чакаць. Гаспадыня заварвае ў піялцы чай і падае яму. Ён выпівае ўвесь напой, выцірае рукой месца, адкуль піў і аддае посуд гаспадыні.

Тая мые піялку і заварвае новую порцыю ў ёй жа для другога госця. Так працягваецца, пакуль чай не пакаштуюць усе госці.

– Часам прыходзіць многа гасцей: можа і 20, і 30, на Новы год, напрыклад. Вядома, што цырымонія тады расцягваецца надоўга, – адзначыла Масако Тацумі.

Тры пакаленні сям’і Тацумі.

Маладзечанцы паўдзельнічалі ў японскай цырымоніі

Спачатку японская сям’я прадэманстравала цырымонію самастойна, а пасля запрасіла далучыцца ўсіх прысутных. На татамі прыселі і мужчыны, і жанчыны, і дзеці. Ахвотных пакаштаваць японскі чай не бракавала. Падчас чаяпіцця у гасцей з’яўляліся і пытанні да гаспадароў цырымоніі.

– Цяпер дзяцей вучаць гэтым традыцыям альбо ў спецыяльных установах, альбо ў гуртках пры звычайных школах, – адзначыла спадарыня Масако.

Да чаю падаюць невялікія слодычы, зробленыя з рысавай мукі і чырвоных бабоў. Іх трэба браць драўлянымі палачкамі.

Не ва ўсіх маладзечанцаў гэта атрымлівалася: некаторыя ўсё ж парушалі традыцыю і бралі слодычы рукамі.

– Слодычы вельмі-вельмі салодкія, а чай нібы канцэнтраваны, але смачны, – падзялілася ўражаннем Тамара Дудзіч, загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама.

У канцы цырымоніі госці дзякуюць гаспадыні і просяць дазволу разгледзець яе посуд.

Скрыначку для чаю і чайную лапатку, якой парашок насыпаюць у піялкі, госці асцярожна перадаюць адзін аднаму.

– Вядома, традыцыя разглядання посуду мае схаваны сэнс, – тлумачыць Масако Тацумі. – Звычайна японская гаспадыня мае шмат посуду. Тое, якія менавіта піялкі яна выбірае для гасцей, шмат гаворыць пра стаўленне да іх. Уважлівыя госці абавязкова звернуць на гэта ўвагу.

Японку ўразіла беларуская вышыванка

Карэспандэнтка “РГ” звярнулася з пытаннем да Тацумі.

Вы ўжо шмат гадоў жывяце ў Беларусі. Ці было штосьці, што здзівіла вас у беларускай культуры ?

– Так, мяне ўражваюць беларускія вышыўкі. Калі я першы раз пабачыла іх, то падумала, што гэта проста ручная работа. Пасля мне расказалі, што кожны ўзор мае схаваны сэнс, сваю гісторыю. Часам ўзор можа выкарыстоўвацца як абярэг. Таму сваім сябрам у Японію я адвезла ўжо вельмі шмат вышываных рэчаў, і ўсім тлумачу, што яны значаць.

Нацыянальны японскі танец надыходу вясны.

Японская чайная цырымонія (цалкам).

Аляксандра ПАРАХНЯ, Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.

Відэа Зоі ХРУЦКАЙ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце