weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
02.10.2013 10:15 ,

Беларусь застаецца за бортам Балонскай сістэмы адукацыі

Ад Маладзечна да Вільні – нейкія паўтары гадзіны на цягніку. Але 120 кіламетраў паміж гэтымі гарадамі могуць падацца прорвай. Менавіта такую прорву можна пабачыць, калі параўнаць свет адукацыі: беларускі і літоўскі.

Да прыкладу, невялічкая задачка:

у Беларусі пражывае крыху менш за 10 мільёнаў чалавек, у Літве – каля трох. За год 70 беларускіх студэнтаў паехала на два семестры ў замежныя ўніверсітэты па праграме мабільнасці. Літоўскіх студэнтаў па той жа праграме паехала 3,5 тысячы.

Пытанне: чаму студэнтаў у нас выехала ў 50 разоў менш, калі насельніцтва ў тры разы больш?

Заслону ў балонскі свет навукі і асветы прыўзнімае сябра Выканаўчага камітэта Еўрапейскага саюза студэнтаў (ЕСС) Максім Мілто.

Беларусь – адна з чатырох краін Еўропы, разам з Манака, Косава і Сан-Марына, якая не далучылася да Балонскага працэсу. Наша краіна стала першай, якой адмовілі ва ўступленні.

Нацыянальная арганізацыя Саюз студэнтаў Літвы прадстаўляе інтарэсы 120 тысяч студэнтаў краіны.

Усяго ў Літве 160 тысяч студэнтаў, таму інтарэсы астатніх прадстаўленыя ў саюзе праз лакальныя студэнцкія самакіраванні ці прадстаўніцтвы. Яны ёсць у кожнай з 47 вышэйшых школ краіны.

Аднак у Еўропе вышэйшая адукацыя рэгламентуецца і міжнароднымі нормамі, закладзенымі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Таму ўжо больш за  30 гадоў існуе Еўрапейскі саюз студэнтаў. Ён аб’ядноўвае 47 нацыянальных саюзаў з 39 краін.

Стаўленне да адукацыі

Вільня. Ужупіс.

У Літве, як і ў Беларусі, студэнты досыць маладыя. Сярэдні ўзрост – каля 22 гадоў. У некаторых краінах, напрыклад, як Нарвегія, сярэдні ўзрост студэнтаў – 26 гадоў, а ў пэўных універсітэтах − 29 гадоў.

Чаму так адбываецца?

– Стаўленне да вышэйшай адукацыі такое, што, калі ты скончыў школу і не пайшоў ва ўніверсітэт ці калегію, “нешта не так”, – разважае Максім Мілто. – Я вельмі радуюся таму, што ў Літве гэта пачынае мяняцца. Некаторыя выпускнікі школ бяруць “вольны год”, але гэта пакуль не так папулярна. Практычна арыентаваная адукацыя, напрыклад, у калегіях, вельмі прыстасаваная да рынку працы. Але большая частка адразу ідзе атрымліваць універсітэцкую адукацыю, навукова арыентаваную.

Што робіць адукацыю якаснай:

1. Ацэнка навучальных праграм

Калі ўніверсітэт плануе запусціць новую навучальную праграму, неабходна, каб Цэнтр забеспячэння якасці ў вышэйшай адукацыі ці адно з акрэдытацыйных агенцтваў яе ацанілі і акрэдытавалі на поўны ці скарочаны цыкл.

Праграмы могуць акрэдытаваць і замежныя агенцтвы. Дзякуючы гэтаму працэс акрэдытацыі  становіцца больш празрыстым. Дарэчы, у ім заўжды ўдзельнічаюць студэнты.

2. Акрэдытацыя вышэйшых школ

Віленскі ўніверсітэт.

ЕСС дамогся таго, што адным з асноўных крытэрыяў для ацэнкі вышэйшых школ па ўсёй Еўропе будзе “вучоба, арыентаваная на студэнта”. Гэта значыць, што менавіта студэнт арганізоўвае навучальны працэс. Такі падыход патрабуе іншага фармату як практычных заняткаў, так і самога выкладання.

Для акрэдытацыі ўстановы ствараюць камісію, у якую ўваходзяць студэнты. Калі вышэйшая школа задавальняе ўсе патрабаванні, яе акрэдытоўваюць на шэсць год. Калі ёсць заўвагі − на тры.

3. Акрэдытацыя агенцтваў

Агенцтвы, якія акрэдытуюць навучальныя праграмы і вышэйшыя школы, таксама павінны пацвердзіць якасць сваёй працы.

Гэта значыць, існуе вельмі збалансаваная сістэма кантролю кожнага.

У Беларусі акрэдытацыі праводзіць Міністэрства адукацыі. Гэта сістэма падаецца некарэктнай хаця б з-за таго, што ў ёй няма ніводнага незалежнага агенцтва, якое б магло незаангажавана ацаніць праграмы і ўстановы адукацыі і з фінансавага боку, і з боку прыняцця рашэнняў.

Калі рэктару за 65 гадоў

Калі ў вышэйшай школе на вакансію прэтэндуе выкладчык, узрост якога большы за 65 гадоў, у многіх краінах яго прымаюць на працу са згоды лакальнага студэнцкага самакіравання. Гэта тычыцца і педагогаў, якія мяркуюць заняць кіруючую пасаду.

Аднойчы ў Літве рэктар праігнараваў гэта, і студэнцкае прадстаўніцтва пайшло ў суд супраць універсітэта і выйграла справу.

Рэктар мусіў пайсці ў адстаўку.

Балючае пытанне: дыскрымінацыя

Еўрапейскі саюз студэўнтаў працуе па трох асноўных накірунках.

Накірунак першы: студэнты ў кіраванні адукацыяй

У краінах Балонскага працэсу студэнты ўдзельнічаюць не толькі ў кіраванні ўніверсітэтаў, але і ў прыняцці рашэнняў міністэрстваў, парламенцкіх камітэтаў і самога парламента.

Да міністэрскіх канферэнцый ЕСС рыхтуе справаздачу “Балонскі працэс вачыма студэнтаў”. У ёй сабраныя дадзеныя ад 47 нацыянальных Саюзаў студэнтаў наконт таго, ці рэалізаваны Балонскі працэс у кожнай з краін.

Калі міністры ў справаздачы бачаць, што іх краіна пазначаная чырвоным колерам, яны мусяць варушыцца і штосьці мяняць.

Накірунак другі: мабільнасць і празрыстасць

Балонскі працэс грунтуецца на трох ступенях:

1. Сістэма трох цыклаў: бакалаўр, магістр, доктар.

У Беларусі паміж магістратурай і дактаранту-рай ёсць дадатковае звяно − аспірантура.

2. “Крэдытная” сістэма адукацыі.

Яна прадугледжвае, што студэнты не здаюць агульнапрынятую сесію, а атрымліваюць “крэдыты” па выніках сваёй працы за навучальны год. Крытэрыямі ацэнкі для выкладчыкаў з’яўляюцца колькасць наведаных лекцыйных і практычных гадзін па прадмеце, а таксама час самападрыхтоўкі студэнта.

3. Мабільнасць

У Літве ў праграме мабільнасці летась паўдзельнічалі 3,5 тысячы студэнтаў.

– І гэта добра, – лічыць Максім. – Бо, па-першае, выкладчыкам трэба павышаць уласную кампетэнцыю. Па-другое, студэнт можа параўнаць уласны ўніверсітэт з замежным. Па-трэцяе, развіваюцца міжкультурныя камунікацыі. І чацвертае, павышаюцца здольнасці студэнтаў да адаптацыі ў межах рынку працы.

Праграма існуе ўжо 25 гадоў. Больш за тры мільёны студэнтаў Еўропы ўжо скарысталіся такой магчымасцю. Гэта каля 120 тысяч чалавек за год.

Студэнтка ЕГУ пра праграму мабільнасці «Эразмус:
“Стыпендыя большая, чым заробак у маці”

Дарэчы, існуюць праграмы мабільнасці і для выкладчыкаў.

Што мы бачым у Беларусі: мабільнасць замаруджаная. Так, беларусы ўдзельнічаюць у праграме “Эразмус-Мундус”, створанай для краін нееўрапейскага саюза, але выязджае каля 70 студэнтаў у год. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, летась у краіне вышэйшую адукацыю атрымлівала амаль 430 тысяч студэнтаў.

У Вільні толькі ў ЕГУ, дзе дзве тысячы студэнтаў, у праграме мабільнасці за год паўдзельнічалі тыя ж 70 чалавек.

Затое ў Беларусь прыязджаюць студэнты з іншых краін, – звяртае ўвагу Максім Мілто. – Што добра, бо гэта робіць адукацыю больш разнастайнай і адкрытай. Аднак, пакуль разам з гэтым не павышаецца якасць адукацыі, не ўдасканальваюцца формы навучання, іншымі словамі, пакуль працягваецца стагнацыя, значных змен у беларускай адукацыі нельга чакаць.

Маладзечанскі школьнік паехаў на год у нямецкую гімназію

Накірунак трэці: дыскрымінацыя

ЕСС ад часу стварэння працуе над тым, каб гендэрныя, фізічныя, сэксуальныя і іншыя адрозненні не былі бар’ерам для доступу да вышэйшай адукацыі.

Саюз студэнтаў Літвы – адзіная арганізацыя ў суседняй краіне, якая займаецца даследаваннем становішча студэнтаў са спецыяльнымі патрэбнасцямі ў вышэйшай адукацыі.

Летась са 160 тысяч студэнтаў Літвы усяго 1,2 тысячы былі са спецпатрэбнасцямі.

Палова з іх вучыцца ў чатырох вышэйшых школах, хаця ў краіне іх 47. Гэта значыць, што толькі яны стварылі дастатковыя ўмовы для таго, каб студэнты са спецпатрэбнасцямі маглі атрымліваць вышэйшую адукацыю. Гэта вельмі балючае пытанне, якое ігнаруецца медыямі і самімі міністэрствамі.

Беларусь: студэнтаў ігнаруюць з-за іх позіркаў

Фота websmi.by.

– На жаль, у Беларусі студэнтаў часта выключаюць з вышэйшых навучальных устаноў з-за іх палітычных позіркаў ці за ўдзел у грамадскіх арганізацыях, – адзначае Максім.

Гэта была адна з асноўных прычын, чаму заяўку Беларусі на ўступленне ў Балонскі працэс скасавалі падчас пасяджэння працоўнай групы па Балонскім працэсе ў Капенгагене летась.

ЕСС удзельнічаў у тым пасяджэнні, і яго пазіцыя была такая: да таго часу, пакуль студэнты пераследуюцца з-за іх палітычных меркаваннях і за ўдзел у грамадскіх арганізацыях, Беларусь не можа стаць часткай Балонскага працэсу.

Другая прычына, па якой заяўку скасавалі, была ў тым, што Беларусь не рэгламентуе ўдзел студэнтаў у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

Трэцяя − у краіне няма празрыстасці ў акрэдытацыі навучальных праграм.

– Але гэта не значыць, што краіна не можа падаць заяўку паўторна, – адзначае Максім. – Тады яна будзе разглядацца падчас міністэрскай канферэнцыі 2015 года ў Ерэване. Гэта балючае пытанне, якое трэба вырашыць. Балонскі працэс створаны для таго, каб зрабіць вышэйшую адукацыю гарманізаванай. Ігнараванне пэўнай краіны супярэчыць мэце Балонскага працэсу. Але, з іншага боку, калі краіна не выконвае пэўныя базавыя патрабаванні, яе немагчыма ўключыць. Вось дылема, якую трэба вырашыць.

Ігнараванне неперспектыўнае

Фота planeta.moy.su.

Калі пэўныя краіны ігнаруюць тое, што адбываецца навокал ці спрабуюць сябе абасобіць, не думаю, што ў гэтым ёсць перспектыва як для грамадства, так і ўвогуле для прагрэсу краіны, – мяркуе Максім Мілто. – У Беларусі трэба нешта мяняць у вышэйшай адукацыі, і гэта не можа абмяжоўвацца прыняццем кодэкса аб адукацыі ці яго зменамі. Гэта фармальнасці, і толькі.

Я не прымаю тое, што ў Беларусі вышэйшая адукацыя разглядаецца ўладамі ды і самімі ўніверсітэтамі як штосьці, што не патрабуе значных высілкаў і змен. Мноства выклікаў сучаснасці проста ігнаруюць і таму не развіваюцца.

Максім Мілто

Фота забяспечана Максімам Мілто.

Нарадзіўся ў Вільні ў літоўскай сям’і. Бацькі пераехалі ў Мінск, дзе Максім скончыў архітэктурна-мастацкую гімназію №75.

Пасля вярнуўся на радзіму і скончыў бакалаўрскую праграму па культурнай спадчыне і турызме ў ЕГУ з чырвоным дыпломам.

Быў прэзідэнтам студэнцкага прадстаўніцтва ва ўніверсітэце да лютага 2012 года.

Да ліпеня 2013 года − віцэ-прэзідэнт у Саюзе студэнтаў Літвы, працаваў з міжнародным прадстаўніцтвам. Пасля яго абралі адным з сябраў Выканаўчага камітэта ЕСС.

Ад верасня пачаў вучобу ў магістратуры Інстытута міжнародных адносін і палітычных навук у Віленскім універсітэце па праграме “Даследаванне ўсходняй Еўропы і Расіі”.

Даведка “РГ”.

Выканаўчы камітэт ЕСС. Дзесяць абраных сяброў, якія прадстаўляюць інтарэсы арганізацыі цягам года. Потым іх пераабіраюць.

Балонскі працэс. Працэс збліжэння і гарманізацыі сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. У краінах Балонскага працэсу яе можна атрымаць пасля заканчэння ўніверсітэта, акадэміі, семінарыі ці калегіі. Калегія – гэта практычна арыентаваная вышэйшая неўніверсітэцкая адукацыя.

Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце