weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
02.11.2013 11:03 ,

Вёска Мільча, якую назваў кароль Баторы

Фота: Наталля Тур.

Мільча – невялікая, на першы погляд, нічым непрыкметная вёска ў Вілейскім раёне.  Хто б мог падумаць, што з яе пачнецца цікавае падарожжа па Даўгінаўскіх наваколлях.

Вандалы не дачакаліся натуральнай смерці

Так атрымалася, што наша вандроўка супала са святам Раства Багародзіцы. А ў такія святы жыхароў вёскі, як вядома, можна сустрэць ля царквы.

На доўгай лаве ля яе размясцілася амаль палова вёскі. Нехта з прысутных распачынае гаворку:

− Ці памятаеце вы, як нашу царкву зачынялі ў 64-м?

− Як не помніць? 9 чэрвеня 1964 года стаў чорным днём для мільчанскай царквы, − уступае ў гаворку мясцовая жыхарка. − Нас тады, усіх дзяўчат, пагналі ў калгас на буракі, каб не бачылі, як крыжы і званы з царквы здымаць будуць. Мы, калі даведаліся пра гэта, пахапалі матыкі і бягом у вёску, сталі кідаць камяні ў тых, хто бурыў царкву, ды толькі нічога зрабіць не маглі.   

− Але што цікава, ніхто з тых, хто бурыў царкву, сваёй смерцю не памёр. Вось і не вер, што Бог пакараў за злачынствы, − дадае Пётр Цыгалка, мясцовы жыхар. Толькі 21 верасня 1993 года царква была адкрытая зноў.

Мільчанская царква сёння

Яна за доўгі час (а гісторыю вядзе аж з 1687 года) свайго існавання перажыла шмат чаго. Да сённяшняга дня захаваліся іконы, сведкі адной жудаснай гісторыі.

Пакінулі злачынца сабакам

Калі была апошняя вайна, то недалёка ад Мільчы знаходзілася партызанская брыгада “Жалязняк”. Былі ў ёй і нашы мясцовыя жыхары. У той жудасны дзень трое з іх − Баландзін, Кузьмін, Шаранговіч – прыйшлі ў вёску ў разведку. Рыхтавалася наступленне на Даўгінава. Уварваліся яны ў царкву і пачалі буяніць.

З аўтамата стралялі па двух абразах, нарабілі іншай бяды. Назаўтра прыйшоў камандзір з атрадам у 30 чалавек, прывялі вінаватых. Нас усіх, жыхароў вёскі, сабралі вось тут у доме ля царквы. Баландзін і Шаранговіч былі нашы мясцовыя, за іх заступіліся жыхары вёскі. А Кузьмін быў прыезджы. Яму злачынствы яго ніхто дараваць і не збіраўся.

Мільчанская школа

Камандзір сказаў: “Расстраляць гада!” Я добра памятаю, як толькі адзін чалавек з атрада пагадзіўся гэта зрабіць, усе адмаўляліся. Страляў у патыліцу, потым камандзір даў загад разыходзіцца, а цела так і пакінуць, каб разарвалі сабакі. “Сабаку і сабачая смерць!” − сказаў камандзір, і атрад пакінуў вёску. Ноччу адвезлі цела ў вёску Саланое і там пахавалі на могілках.

Вядомая вёска яшчэ адным чалавекам. Расціслаў Лапіцкі жыў і вучыўся ў Мільчы, калі яго бацька, Аляксандр Лапіцкі, быў прызначаны ў мільчанскаю царкву святаром. Да сённяшняга дня захаваўся будынак школы, у якой вучыўся Расціслаў.

Нам пашчасціла, бо адным з нашых спадарожнікаў быў аднакласнік Расціслава Аркадзь Кур’яновіч.

− Я добра памятаю Расціслава. Памятаю, як хлопцамі бегалі да іх у госці. Чамусьці запомнілася, што ў зале стаяў раяль − нябачаная раскоша!

Развітаўшыся з Мільчай, мы рушылі далей, на Вардамічы.

«Баабабы» у Мільчанскіх наваколлях. Зараснікі баршчэўніка.

Не дажыла да 30, але атрымала прызнанне

На самым краі вёскі стаіць вялікі драўляны дом. Калі вы вырашыце наведаць Вардамічы, вы ніколі яго не праміняце. А нам пашчасціла не толькі ўбачыць гэты дом, але і пазнаёміцца з яго цудоўнымі гаспадарамі.

Але спачатку пра дом. Як гавораць пра людзей, што знешнасць можа быць падманнай, так і гэты дом. Ну ці скажаш, што пад драўляным домам можа знаходзіцца вялізны цагельны склеп, зроблены па ўсіх канонах будавання палацаў? Тут і невялічкія байнічкі пад самым дахам, і шмат хадоў, якія, праўда, цяпер закрытыя, але і сам гаспадар Іосіф Мацко не ведае, куды гэтыя хады могуць прывесці.

А яшчэ ў гэтай самай хаце ў 1866 годзе нарадзілася Марыя Віткоўская, якую тут, у Вардамічах, называюць сваёй першай святой. Марыя Віткоўская пражыла нядоўгае жыццё, усяго 29 гадоў, прысвяціла сябе служэнню Богу. У 1996 годзе каталіцкай царквой пачаўся працэс яе  беатыфікацыі (абрад прылічэння памерлага да ліку блаславёных у каталіцкай царкве), які зараз працягваецца ў Рыме.

А ў месцы нараджэння памятаюць пра яе. У гаспадароў у пакоі вісіць партрэт Марыі Віткоўскай. Яны з задавальненнем паказваюць яго сваім гасцям і кажуць, што яна іх аберагае.

Саланое − вёска з самымі салодкімі грушамі

Нягледзячы на такую “салёную” назву вёскі, я з усёй адказнасцю магу сказаць, што самыя салодкія грушы растуць тут. Ласуючыся салодкімі і сакавітымі грушамі, вядзём размову з Пятром Цыгалкам, мясцовым краязнаўцам.

Пётр Міхайлавіч, адкуль у вёскі такая “салёная” назва?

Назву гэтым мясцінам даў Стэфан Баторы. Калі верыць легендам, якія ўпершыню запісаў Ігнат Ходзька, Стэфан Баторы, прыехаўшы ў гэтыя месцы, частаваўся яешняй, якую яму прыгатавалі мясцовыя жыхары. А яна аказалася салёнай. Адсюль і назва. І Мільча таксама абавязаная сваёй назвай таму ж Стэфану Баторыю. “Маўчаць!” − сказаў камусьці Стэфан Баторы, а на польскай мове гэта гучала, як слова “мільч”. Так што з лёгкай рукі караля гэтыя мясціны набылі свае трапныя назвы.

Але ўсё рана ці позна заканчваецца: грушы з’едзеныя, тэмы для размоў вычарпаныя, але падарожжа, пакуль існуе дарога, не спыняецца. І хто ведае, куды яна прывядзе нас у наступны раз…

 Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце