weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
17.12.2013 10:48 ,

Мастак Уладзіслаў Страмінскі: лёс, творчасць і Вілейка

Фота: Александр.

Уладзіслаў Страмінскі – сусветна вядомы мастак-авангардыст, частка жыцця і творчасці якога звязана з Вілейшчынай. Гэта быў асаблівы чалавек, адораны воляй і талентам. Усё яго жыццё – гэта выпрабаванне, але ён ніколі не здрадзіў мастацтву і сваім уласным прынцыпам.

У лістападзе Страмінскаму споўнілася 120 гадоў.

Чакала ваенная будучыня

Нарадзіўся Уладзіслаў 21 лістапада 1893 года ў Мінску. Яго бацька ўсё жыццё служыў у рускай арміі, не бачыў ён іншай будучыні і для старэйшага сына. У 11 гадоў Уладзіслаў стаў вучнем Кадэцкага корпуса імя імператара Аляксандра II у Маскве. Потым у 1911-1914 гадах вучыўся ў Пецярбургскім Вышэйшым вайсковым інжынерным вучылішчы імя імператара Мікалая II. Атрымаўшы выдатную адукацыю і, напэўна, пагадзіўшыся з прадугледжанай для яго бацькамі кар’ерай вайскоўца, тады ён амаль не цікавіўся жывапісам.

14 снежня ў Вілейцы прайшла вечарына памяці мастака і тэарэтыка мастацтва Уладзіслава Страмінскага.

Не прайшло і месяца пасля заканчэння вучылішча, як выбухнула Першая сусветная вайна. У 1916 годзе падраздзяленне, якім камандаваў Уладзіслаў Страмінскі знаходзілася непадалёку ад мястэчка Пяршаі (цяпер у Валожынскім раёне).

Хоць на той час на ўсходнім фронце панаваў адносны спакой, але ў выніку няшчаснага выпадку Уладзіслаў быў цяжка паранены выбухам гранаты. Дваццацітрохгадовы Уладзіслаў трапіў у маскоўскі шпіталь, дзе ў яго часткова ампутавалі левую руку і правую нагу. На адно вока ён амаль страціў зрок.

Мастацтвам зацікавіла будучая жонка

Дапамагла не скарыцца з незайздросным будучым інваліда маладая санітарка Кацярына Кобра. Яна сама марыла стаць скульптарам-авангардыстам, была знаёма з творчасцю куба-футурыстаў, не абмінала іх сенсацыйныя выставы, сваімі ўражаннямі дзялілася з Уладзіславам падчас наведвання яго ў шпіталі. Менавіта тады і ён зацікавіўся мастацтвам.

У шпіталі Уладзіслаў правёў амаль два гады. Выпісаўшыся ў кастрычніку 1918 года, ён наведвае Першыя Дзяржаўныя Свабодныя Майстэрні ў Маскве, дзе блізка сыходзіцца з Казімірам Малевічам.

Уладзіслаў Страмінскі надзіва актыўна ўключаецца ў мастацкае жыццё, удзельнічае ў авангардных выставах у Маскве, Разані, Віцебску. Ніхто не мог вытлумачыць, як Страмінскі, толькі з’явіўшыся ў мастацкім асяроддзі, стаў прафесійным творцам і адразу набыў незвычайную вядомасць. Ніка Страмінская, дачка мастака ў сваёй кнізе «Miłość, sztuka i nienawiść» («Каханне, мастацтва і нянавісць», аб Кацярыне Кобра і Уладзіславе Страмінскім, надрукавана ў Варшаве ў 1991 годзе), адзначае «… у маім бацьку павінен быў тоіцца магутны мастацкі зарад, які нечакана ўзарваўся. Магчыма, быў бы згублены, каб не той няшчасны выпадак і калецтва. Бо быў надзвычай настойлівы ў імкненні да вызначанай мэты, амбітны, патрабавальны і бескампрамісны да сябе і іншых, і здолеў дасягнуць так шмат на працягу вельмі кароткага часу…»

Мінск, Смаленск, Вільня

На пачатку 1919 года Уладзіслаў Страмінскі, натхнёны вялікімі мастацкімі ідэямі, вяртаецца ў родны Мінск і пачынае працаваць у Аддзеле выяўленчага мастацтва народнага камісарыята асветы. Тут раскрываецца яго талент як арганізатара авангарднага афармлення горада. Ён аздабляе Мінск усё новымі нязвыклымі формамі.

Восенню 1919 года Страмінскі ўжо ў Смаленску, куды быў запрошаны працаваць у якасці кіраўніка сектара мастацтва ў Аддзеле асветы, а летам 1920 года сюды з Масквы перасялілася і Кацярына Кобра. Тут яны разам выкладаюць у мастацкай майстэрні сярэдняй школы для таленавітай моладзі, тут разам утварылі філію УНОВІСа (суполка бескампрамісных сцвярджальнікаў новага мастацтва), якой у Віцебску кіраваў Казімір Малевіч.

Новы этап у сумесным творчым і асабістым жыцці Страмінскіх пачынаецца ў сярэдзіне 1922 года, калі яны вырашылі пераехаць у Вільню да родных Уладзіслава. Тут мастак ладзіць сваю першую выставу, шукае свайго творчага, ні з чым непараўнальнага адкрыцця. І знаходзіць!

У 1928 годзе выдаецца яго брашура «Унізм у жывапісу», дзе ён выкладае асновы плоскаснага разумення прынцыпаў сучаснага жывапісу. Адсюль – і сама назва. Уладзіслаў Страмінскі быў і першым мастаком-уністам. Яго жывапісныя, графічныя, архітэктурныя кампазіцыі-праекты далі доказ слушнасці і дасканаласці яго тэарэтычных канцэпцый.

Уладзіслаў Страмінскі і Вілейка

Мы ганарымся тым, што частка жыцця і творчасці Уладзіслава Страмінскага звязана і з Вілейшчынай. У 1923-1924 гадах ён жыве і працуе ў Вілейцы. Выкладае малюнак у мясцовай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча (будынак захаваўся да нашага часу, ён знаходзіцца па вуліцы Савецкай, 54, зараз тут раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі). Менавіта тут Страмінскі пачаў маляваць сінтэтызаваныя вобразы, гэта было станаўленне першага этапа мастацкай рэалізацыі ў творчасці тэорыі унізма.

Увосень 1931 года Страмінскія пераехалі ў Лодзь, стварылі ў гэтым горадзе музей сучаснага мастацтва, аб’яднаўшы вакол сябе аднадумцаў. Тут, у 1936 годзе нарадзілася іх дачка Ніка. Клопатаў прыбавілася, але б неяк усё склалася, калі б не вайна.

Шукаючы паратунку, 10 верасня 1939 года Страмінскі зноў вяртаецца ў Вілейку. Тут жыў яго брат Валер’ян з сям’ёй. У Вілейцы мастак спадзяваўся на працяг сваёй творчай дзейнасці і адносна спакойнае жыццё. Ён зноў выкладае ў мясцовай гімназіі, актыўна ўключаецца ў культурнае жыццё горада, стварае свой слынны графічны цыкл малюнкаў «Заходняя Беларусь», дзе лёгкай контурнай уністычнай лініяй адлюстроўвае сінтэтызаваныя ўражанні ад вясковай архітэктуры, вобразаў людзей.

Мастак нібы аднаўляе тыя тонкія повязі, што злучалі яго з гэтым куточкам свету, дзе ён упершыню пачаў складаць сваю авангардную тэарэтычна-практычную канцэпцыю светабачання і светаадлюстравання.

Прыгадаў ён тут і сваю мінскую маладосць, калі ў Вілейцы на свята 1-га Мая, якое адзначалася ўпершыню, зрабіў вельмі смелае, «феерычна-колеравае аздабленне з прасторавых кампазіцый». Улады яшчэ не ведалі, як кіраваць мастацтвам «у новай свабодзе», і дазволілі яму літаральна ўсё. Але заставацца далей на роднай зямлі становіцца небяспечна: пачаліся рэпрэсіі акурат для тых, хто хоць нечым выдзяляўся сваімі здольнасцямі і паводзінамі.

Скульптурная кампазіцыя, прысвечаная памяці мастака. Фота Алеся ВЫСОЦКАГА:

Лічыў сябе беларусам

Пражыўшы ў Вілейцы дзевяць месяцаў, у маі 1940 года Страмінскія зноў вяртаюцца ў Лодзь. Тут, абапіраючыся на вілейскія дасягненні, мастак працягвае працу над новымі графічнымі цыкламі.

Пасля вызвалення Польшчы актыўна супрацоўнічае з музеям сучаснага мастацтва ў Лодзі, заснавальнікам якога быў і куды перадаў свае карціны і сем цыклаў малюнкаў.

Ён увесь час памятаў, што нарадзіўся на беларускай зямлі, лічыў сябе беларусам. І калі ў Лодзі сустракаў беларуса, гутарыў з ім па-беларуску.

Апошнія гады жыцця і творчасці мастака былі таксама трагічнымі. Ніхто не змог абараніць паважанага маэстра перад тым тэрорам, які пачаўся супраць яго напрыканцы 40-х гадоў, калі да ўлады ў Польшчы прыйшлі камуністы. Яго звольнілі з працы, выключылі з Саюза польскіх мастакоў.

26 снежня 1952 года мастака не стала. Ён памёр ад цяжкай хваробы і амаль у поўнай адзіноце. На год раней памерла яго жонка.

Але назаўжды выкрасліць з культурнай памяці творчасць Уладзіслава Страмінскага і Кацярыны Кобра не ўдалося. Сёння іх мастацтва шырока вядома і прызнана не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце. Выставы твораў мастака ладзіліся ў многіх краінах Еўропы і нават у ЗША. І ніколі на Радзіме.

Візіт дачкі мастака ў Вілейку

У 1993 годзе, калі адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Уладзіслава Страмінскага, было шмат зроблена для папулярызацыі творчасці мастака на Беларусі. Па сутнасці, было вернута імя славутага творцы ў наша айчыннае мастацтва. А ў красавіку 1994 года ўпершыню Беларусь наведала Ніка Страмінская.

Гэты візіт стаў для яе вялікай падзеяй. “Шчасцем было ўжо дакрануцца падэшвамі да той зямлі, па якой хлопчыкам хадзіў мой бацька”, – не ўтойвала сваіх пачуццяў жанчына. Пасля Мінска наведала яна і Вілейку.

«Дзіўна, але я ўбачыла, наколькі трапна мой бацька адлюстроўваў гэтае мястэчка ў цыкле ўністычных, надзвычай лаканічных малюнкаў «Заходняя Беларусь», – падзялілася сваімі ўражаннямі падчас сустрэчы ў Вілейскім краязнаўчым музеі Ніка Страмінская і пакінула ў дар сваю кнігу.

У памяць пра Страмінскага

Сёлета ў маі ў Вілейцы адбыўся мастацкі пленэр. Прайшоў ён па ініцыятыве нашага знакамітага земляка, загадчыка кафедры скульптуры мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзіміра Слабодчыкава. Над стварэннем трох кампазіцый працавалі шэсць студэнтаў. Скульптурную кампазіцыю з элементамі ўнізма ў гарэльефе, якая поўнасцю вызначае творчасць мастака, выканалі Фёдар Саратцаў і Станіслаў Шашкоў і прысвяцілі памяці Уладзіслава Страмінскага. Устаноўлена яна каля кінатэатра.

Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея.

Страмінскі ў беларускай Вікіпедыі.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце