weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.5041
1 долар 2.0256
100 рас.руб. 3.2925
01.04.2014 05:00 , AЎТАР(Ы): Настасся Роўда

Маладзечанскі электроншчык Gran+ цяпер выступае з Masque Noir

Іх сумесны паўтарагадзінны канцэрт адбыўся ў Мінску 29 сакавіка.

Раней маладзечанец электроншчык Сяргей Драбышэўскі, вядомы як Gran+, выступаў пераважна адзін.

– Аднаму іграць стала папросту нудна. Цяпер аб’яднаўся з праектам Masque Noir, што ў перакладзе з французскай мовы азначае “Чорная маска”, – тлумачыць Gran+. – У іх жывыя барабаны, саксафон і электронны модуль, які стварае гукі проста з хваляў.

Цяпер музыкам трэба рэпеціраваць, сыгрывацца.

– Мы думалі, што распішам трэкі ды будзем іграць. Але ўсё так проста не выйдзе. Калі іграеш лайвам, ужывую, то можаш штосьці забыць, дзесьці заблытацца. А можа здарыцца і наадварот – выпадкова сыграеш, а яно выйдзе так класна, што быццам бы і рыхтавалі гэта спецыяльна. У гэтым уся фішка лайву, бо ты не ведаеш, што цябе чакае.

Ужо цяпер хлопцы думаюць над выпускам новага альбома, які, магчыма, будзе сумесны.

Выйшаў першы альбом Gran+

Дарэчы, некалькі месяцаў таму выйшаў першы паўнавартасны альбом Gran+ Tet-a-tet/Night. Афіцыйная дата – 19 снежня, якраз у дзень нараджэння музыкі, у яго 25-годдзе.

У альбоме дзевяць трэкаў. Два гады яму спатрэбілася на тое, каб сабраць іх на адной пласцінцы.

– Другі трэк па ліку я пісаў часткамі, – распавядае музыка. – Першую – летась у верасні, а другую – у снежні. Такое здараецца, загатоўкі пакідаеш, а потым вяртаешся да іх і развіваеш далей.

А першы трэк увогуле атрымаўся ў дарозе, у цягніку паміж Варшавай і Познанню. Напісаў за чатыры гадзіны.

Атрымліваецца, куранты б’юць 12 ночы і пачынаецца Tet-a-tet/ Night. Калі пачынаў пісаць музыку, мне хацелася даць зразумець людзям, што няма ніякіх межаў у музычных стылях. Галоўнае – энергетыка. Каб ад таго, што слухаеш, хацелася жыць.

Ацэнкі экспертаў

Напрыканцы студзеня альбом трапіў на абмеркаванне да экспертаў на expert.by. Што вельмі здзівіла музыку, бо звычайна яны не цікавяцца электроннай музыкай. Агульная адзнака ад іх – 6,5 бала. Прыводзім водгук штатных экспертаў.

Сяргей Будкін:

– Тое, што робіць Сяргей Драбышэўскі, вельмі проста прыняць і палюбіць. Для гэтага варта паслухаць усяго толькі адзін трэк з яго новага рэлізу – Gentle Sigh. Нават калі б астатнія трэкі ўяўлялі з сябе проста набор выпадкова згенераваных гукаў, то ўсё адно Gran+ быў бы варты ўхвалы адно толькі за такую пекнату.

Увесь альбом без рэшты варты ўвагі. Адметнасць гэтай працы – у яе аб’ёмным, мяккім і ненавязлівым гучанні. Гэтая музыка не дакучае і раскрываецца паволі.

Зусім па-новаму ў цяперашніх рэаліях слухаецца трэк Kiev, запісаны ўжывую задоўга да ўкраінскіх закалотаў. Давяршае справу ўдалы эксперымент з фольк-матэрыялам, рэмікс на Shuma. З электронных рэлізаў 2013 года гэта мусіць самы яскравы.

Ягор Цывілька:

– Першы паўнавартасны альбом электроншчыка Gran+ наўрад ці выбухне ў медыйнай прасторы, але аматары спакойнай электроннай музыкі, думаю, яго прымуць. Рэліз атрымаўся даволі флегматычным па настроі, але не сумным.

Праўда, некаторым кампазіцыям, як мне падалося, не хапае развіцця, а часам манатонная зацыкленасць простых меладычных кавалкаў стамляе (Kuranty, Indian night).

Пры гэтым тут ёсць цудоўныя творы, якія чапляюць і западаюць у галаву (Gentle sigh, Tet a Tet Night). А бліжэй да канца дынаміка альбома парушаецца 16-хвілінным монстрам Kiev (live), цікавай, але лішняй тут кампазіцыяй. У выніку атрымліваем нядрэнны, але няроўны альбом, які можа стаць добрым фонам, а можа і забраць з галавой.

Паглядзець іншыя ацэнкі, а таксама паслухаць альбом можна ТУТ.

Gran+ таксама адзначыў і польскі эксперт Марыюш Хэрма ў асабістым топ-10 беларускіх альбомаў за 2013 год:

– Калі б Gran+ быў прадзюсарам з Лондана, Ню-Ёрка або Таронты, то мы б рэгулярна чыталі пра яго на сайце Resident Advisor. Выдатнае саўндпрадзюсаванне, напоўненае дэталямі, якія заўважаеш толькі падчас другога ці трэцяга праслухоўвання.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце