weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
02.06.2015 09:18 ,

“Хай ведаюць, што дзед у такой прыгажосці нарадзіўся!” У вёсцы Будзішча на Вілейшчыне сустрэліся ўраджэнцы вёскі ды іх нашчадкі

Сустрэча ў вёсцы Будзішча. Яны не бачыліся 30 год.

– Ой, як жа ты маю дачку не пазнаў! – Я і цябе не пазнаў: колькі год прайшло!

Такія дыялогі можна было пачуць 23 мая ў вёсцы Будзішча Ільянскага сельсавета. У раскінутай у лесе вёсачцы сабраліся яе ўраджэнцы ды іх нашчадкі. Прыехалі з бліжэйшых Вілейкі ды Маладзечна, з далейшага Ваўкавыска. Некаторыя не бачыліся 30 год!

Ад свайго роду – да ўсёй вёскі

Пяць год таму ў вёсцы адбылася сустрэча роду нашчадкаў Антося і Кацярыны Клімёнкаў з Будзішча. Арганізаваў яе Мікалай Апяцёнак з Маладзечна.

Сёлета ён вырашыў сабраць выхадцаў з усёй вёскі ды іх нашчадкаў. Разам са старастай вёскі Наталляй Дуровіч і зрабілі гэта.

“Хто тут старэйшы, прадстаўляйцеся”

Так віталі купкі людзей, што вылазілі з машын у цэнтры вёскі. І пачыналіся размовы і бясконцыя ўспаміны.

А якія чуллівыя сустрэчы былі! Такія, што на вачах не толькі жанчын, але і мужчын з’яўляліся слёзы – ад добрых эмоцый.

Яны не бачыліся 30 год, таму эмоцый шмат. Фота Алеся Высоцкага.

Яны не бачыліся 30 год, таму эмоцый шмат. Фота Алеся Высоцкага.

– За адной партай сядзелі. А трыццаць год не бачыліся! – прызнаваліся аднакласнікі.

– Не пазнала?

– Пазнала. Ты ж самы прыгожы хлопец у вёсцы быў! – усміхаліся.

“Усе мы з гэтага гнязда”

– Запрасілі сям’ёй прыехаць: жонку, дзяцей і ўнукаў сабраў. У дзве машыны селі і паехалі, – эмацыйна расказвае Антон Вайтовіч з Маладзечна. – Мо, чвэрць стагоддзя тут не быў. Так усё змянілася. Здалёку паглядзеў на дом, дзе нарадзіўся. Сцяжынкі свае паглядзеў, дзе ў школу хадзіў, дзе гуляў. Унук пытаецца: “Дзе ж ты нарадзіўся, дзядуля?” Паказаў. А ён: “А як тут добра!” А ўнучка: “Дзядуля, тут так класна”. Хай яны ведаюць, што дзед у такой прыгажосці нарадзіўся!

Прывозілі з сабой старыя фатаграфіі: уважліва разглядалі, стараліся пазнаць сваіх продкаў. Падказвала бабуля Галіна. Ёй 75-ы год ідзе.  

– Я з  Беражка прыехала. Не пазнала родную  вёску, лецішчаў тут ужо колькі, – прызнаецца. – Цікава мне сёння тут: канешне, хочацца ў родную вёску прыехаць. Уперад было тут радні…

– А з маладосці што ўспамінаецца?

– Усё. Як на санках каталіся. Як паедзем з гары, то аж да возера. Весела!

Яшчэ чыталі пра гісторыю Будзішча. Цікавая яна ў вёскі, некалі напішам у газеце пра яе падрабязна.

– У 1795 годзе ў Будзішчы было чатыры дамы. Адзін з іх – Сцяпана Дуровіча, нашага продка, – расказвае Наталля Дуровіч. – І такія прозвішчы былі, яны і цяпер ёсць, Жаўняровічы, Сонічы і Клімёнкі. Так што, усе мы з гэтага гнязда.

Мікалай Апяцёнак паказаў архіўныя дакументы з гісторыі роду ды вёскі і рэчы, што яго дзед Волісь прывёз з Амерыкі ў 30-я гады 20 стагоддзя: рулетку, табакерку, кубачак.

Мікалай Апяцёнак паказвае старыя дакументы. Фота Алеся Высоцкага.

Мікалай Апяцёнак паказвае старыя дакументы. Фота Алеся Высоцкага.

Табакерка з Амерыкі. Фота Алеся Высоцкага.

Табакерка з Амерыкі. Фота Алеся Высоцкага.

–  А я помню мерачку твайго дзеда, дровы ёй адмяраў. Роўненькія-роўненькія атрымліваліся, –  тут жа дадае жанчына.

Запісваліся ўсе ў адмысловую кнігу. Дзякавалі ў ёй арганізатарам, прызнаваліся, што вельмі радыя ўбачыць родныя мясціны, пазнаёміцца з дзецьмі і ўнукамі аднавяскоўцаў. Нумары тэлефонаў пакідалі – каб не губляць сувязь.

Крыж для вёскі

У гэты дзень настаяцель царквы ў Вязыні айцец Міхаіл асвяціў памятны крыж ў вёсцы. Ля крыжа зрабілі фотаздымак на памяць.

Потым усе пайшлі на бераг возера ў Будзішчы. Там зладзілі сяброўскі стол, адпачылі пад песні артыстаў з Ільі. А ўвечары распалілі вялікае вогнішча.

Падлічылі, што ля шасцідзесяці чалавек было на сустрэчы. Як развітваліся, казалі: “Да сустрэчы, да наступнага года”. А хто абяцаў: ”Зараз адзін прыехаў, а праз год і ўнукаў вазьму”

Так што, цвёрда дамовіліся сустрэцца праз год. І хочуць яшчэ большым колам сабрацца. 

Ураджэнцы і іх нашчадкі ля Крыжа. Фота Алеся Высоцкага.

Ураджэнцы і іх нашчадкі ля Крыжа. Фота Алеся Высоцкага.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце