weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 7° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 7° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
07.06.2015 08:19 ,

Гісторыя аўтаспыншчыка, які ўбачыў Індыю за 15 долараў

Першапачаткова Аляксандр хадзіў у паходы, якія арганізоўвалі дарослыя, пасля пачаў рабіць гэта сам.

Аляксандр Сарока, як і я, з Маладзечна, аднак пазнаёміліся мы толькі ў далёкай Грузіі,  у адным з паркаў Тбілісі – “Ваке”.

Саша з маленства любіў быць на прыродзе, хадзіць у паходы. Першапачаткова ў тыя, якія арганізоўвалі дарослыя, пасля пачаў  арганізоў­ваць сам. Спачатку вандраваў па Маладзечаншчыне, потым – па Гродзеншчыне.

Забраў дакументы з універсітэта, каб падарожнічаць

– Падчас такіх паходаў зразумеў, што хачу вандраваць у далёкія краіны і надоўга, – дзеліцца Аляксандр. – Ведаў – гэта будзе каштаваць немалых грошай. Калі вучыўся ў Мала­дзечанскім політэхнічным каледжы на эканаміста, падпрацоўваў на будоўлі, каб падарожнічаць.

Адзін з групы скончыў каледж з чырвоным дыпломам, завочна паступіў у Беларуска-расійскі ўніверсітэт у Магілёве. Правучыўся там  паўгода і забраў дакументы – хацеў вандраваць.

У Маладзечне  уладкаваўся  працаваць аператарам на мэблевае прадпрыемства. Так збіраў грошы для будучых падарожжаў.

– Калі я за лета не схадзіў у тры паходы,  значыць, лета, лічы, і не было, – перакананы Аляксандр.

Аляксандр вырашыў: год зарабляю – год вандрую

Першае працяглае падарожжа разам з сябрамі Саша зладзіў на Украіну. Ён адзначае, што яно было затратным. Пасля зноў паўстала пытанне, дзе браць грошы на падарожжа. Пачаў шукаць выйсце.

Мужчына вывучаў, як можна падарожнічаць, харчуючыся ежай з прыроды  (ягады, грыбы) і маючы мінімум  грошай у кішэні. Аднак на гэты конт было мала інфармацыі.

– Я хацеў мець даведнік, у якім было пра тое, якія цяжкасці ўзнікаюць падчас падарожжа, як іх пераадольваць, – расказвае Аляксандр. – Знайшоў патрэбную кнігу – гэта быў падручнік для ваенных устаноў. Яе бяру ў кожнае падарожжа. Атлас аўтамабільных дарог – мая спадарожнай біблія.

Каб падарожнічаць, звольніўся з працы

Першае працяглае падарожжа ў тры месяцы было па Беларусі. Для гэтага папярэдне звольніўся з працы.

Галоўная мэта, якую ён пераследаваў, – выжыць у дзікіх умовах. Першапачаткова мужчына ішоў пешшу з Залесся да Смаргоні. Прайшоўшы праз увесь горад, вырашыў адпачыць.  І тут жа спыніўся аўтамабіль, які дапамог даехаць. Так зразумеў, што падарожнічаць можна і аўтаспынам.

Вага заплечніка Сашы  35-40 кілаграмаў. Як тлумачыць падарожнік, у ім адначасова “швейная фабрыка” і “раённая бальніца” – там знаходзяцца ніткі, іголкі, медыкаменты.

Падчас падарожжаў мужчына харчаваўся дарамі прыроды, аднак вегетарыянцам сябе не лічыў.  Спробы адмовіцца ад мяса рабіў не раз.

Ехаў да дзяўчыны ў Грузію, каб разам паехаць у Індыю

Цяпер Саша ўжо тры гады як вегетарыянец. Ён упэўнены, што чалавек можа быць здаровым, калі не будзе есці мяса, будзе харчавацца толькі  садавіной і гароднінай.

Аляксандр Сарока падчас аднаго з падарожжаў. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Аляксандр Сарока падчас аднаго з падарожжаў. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Вярнуўшыся дадому, Аляксандр зноў пачаў збіраць грошы на падарожжы. Летам з сябрамі паехаў вандраваць па Грузіі. Там пазнаёміўся з грузінкай Крысцінай. Як ён прызнаецца, ра­зам з гэтай дзяўчынай пачаў вандраваць  “па-сапраўднаму”.

На наступны год Аляксандр і Крысціна  дамовіліся пабачыць на свае вочы Індыю.  Саша паехаў у Маладзечна, паўгода збіраў грошы, а летась у студзені рушыў у Грузію да Крысціны, каб разам паглядзець  Індыю.

За 15 долараў можна ўбачыць усю Індыю

– Па Індыі дрэнна падарожнічаць аўтаспынам, – дзеліцца хлопец. – Спыняюцца толькі рыкшы, кіроўцы таксі. Цяжка знайсці месцы, дзе можна спыніць машыну па правабаковым руху. Перамяшчаліся на цягніках – яны вельмі танныя. За 15 долараў можна праехаць краіну з поўначы на поўдзень.

Цяжкасці ўзнікалі толькі з тым, як трапіць унутр цягніка – людзей так многа, што даводзілася сядзець на паліцах для багажу.

У Індыі танныя начлег і ежа. Начлег – паўтара долара, адзін раз паесці – 25 рупій, менш за долар. Дабаўку да порцыі даюць бясплатна. Аднак важна ўмець дагаварыцца з індусамі.

– Калі індусы бачаць чалавека з белай ску­рай, мяркуюць, што ў яго ёсць грошы, цэны павышаюць ў тры, а то і ў пяць разоў, – расказвае Саша.

Падчас гэтага ж падарожжа Саша і Крысціна павандравалі па Кітаі.

– На маёй картачцы, у пераліку на беларускія рублі, было каля 40 тысяч, – расказвае Саша. – Зняць грошы не мог, таму пайшоў у краму набыць вады і хлеба, але на касе мяне не разлічылі.  Пануры пацягнуўся шукаць наступную краму. Ахоўніца з крамы дагнала мяне на матаролеры і падарыла мне бутэльку вады.

Саша адзначае, што ў Кітаі да падарожнікаў ставяцца гасцінна: аднолькава прымаюць і ў пакойчыку метр на метр, і ў дарагім катэджы ў некалькі паверхаў. У краіне ёсць прыкмета: запрасіў госця – значыць запрасіў Бога.

Сваім прыкладам Саша імкнецца даказаць, што ў свеце больш добрых людзей, чым злых. І гэта не залежыць  ад сітуацыі: “свае”, “чужыя”, “дома”, “у чужой краіне” – усе мы ў адной дарозе! А падарожнічаць можна нават без грошай у кішэні.

Парады ад Аляксандра Сарокі для тых, хто збіраецца вандраваць аўтаспынам

1. Назіраць за суразмоўцам, за яго невербальнымі сродкамі (жэстамі, мімікай).

2. Давяраць інтуіцыі.

3. Разумець, што кіроўца нічым табе не абавязаны. Калі ён спыніўся, гэта толькі для кампаніі. Лепшы аўтаспыншчык той, хто слухае кіроўцу, а не размаўляе без перапынку сам.

Плюсы аўтаспына:

1. Можна пагля­дзець нетыповыя рэчы, лепш пазнаёміцца з пэўнай краінай.

– Уявім сітуацыю, калі чалавек збіраецца павандраваць.  Перад гэтым у галаве праносяцца такія думкі:  трэба  набыць білеты, знайсці гасцініцу, узяць грошы.  У  выніку накіроўваецца адпачываць па сістэме ўсё ўключана. А ўключана тыповыя архітэктура, тыповая ежа, тыповы сусед з другога пад’езда. Зразумець краіну, яе насельнікаў такім чынам нерэальна.  Аўтаспын – лепш  дазваляе  гэта зрабіць, – падсумоўвае Аляксандр.

2.  Бюджэтны варыянт падарожжа.

Як вандроўка змяніла жыццё смаргонца Аляксея Сабельнікава і маладзечанкі Іны Высоцкай

Турызм дапамагае адпачыць ад горада, вучыць разумець людзей

Убачыць касцёл, пабудаваны за залатую табакерку, і абняць адзін з самых вялікіх камянёў Вілейшчыны. Маршрут “Па даўгінаўскіх ваколіцах”

Ідэя кардоннага горада падабаецца маладзечанцам, але ахвотных дапамагаць не хапае

Воля Трубач пра газету: “У газеце “ўтульна” бачны чалавечы падыход пры расповедзе пра падзеі”

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце