weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 5° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4078
1 долар 2.0999
100 рас.руб. 3.215
07.06.2015 09:59 ,

Не мямліце, не бойцеся, – і экзамен пройдзе выдатна

Пачынайце рыхтавацца раней, так вы захаваеце спакой перад экзаменам.

Дрыжаць калені, пот ліецца ручаём,  губляецца голас – гэта першыя сімптомы, што пачынаюцца экзамены. 

Як пабароць экзаменацыйную трывожнасць і здаць на выдатна, расказвае псіхолаг маладзечанскіх электрасетак Таццяна Жданава. Жанчына ўпэўненая, што можна змяніць адносіны да экзаменаў і стаць гаспадаром сітуацыі, калі ведаць сябе і правільна арганізаваць час.

Як псіхалагічна падрыхтавацца да экзамену

1. Пачынайце рыхтавацца раней.

2. Прапрацуйце пытанні з алоўкам ці маркерам. Лёгкія або якія ведаеце падкрэсліце, напрыклад, чырвоным, адносна лёгкія – сінім, цяжкія або адказаў на якія не ведаеце – зялёным. Так вы ацэніце свой узровень ведаў і час, які спатрэбіцца на падрыхтоўку.

3. Цяжка сабрацца з думкамі, пачынайце з лёгкага або забытага матэрыялу, пасля пераходзьце да цяжкага. Складаныя тэмы рыхтуйце, пакуль не стаміліся, якія добра ведаеце – калі сілы на зыходзе.

– Не забывайцеся на біялагічныя асаблівасці арганізма – “сава” вы ці “жаваранак”, – расказвае Таццяна Жданава. – У адпаведнасці з гэтым будуйце дзень.

Калі, напрыклад, вам трэба вывучыць 120 білетаў, у першыя два дні трэба вывучыць 70% усяго аб’ёму, у трэці – астатняе, чацверты дзень – для паўтарэння. Яго лепш пачы­наць з таго, што добра ведаеце.

– Не паўтарайце механічна, удумвайцеся ў сэнс інфармацыі, – заў­важае спецыяліст. – Калі не паўтарыць інфармацыю, яна паступова забываецца ў першыя дзесяць гадзін на 20-30%. Каб гэтага не здаралася, трэба прачытаць тэкст, паўтарыць яго два разы, праз восем-дзесяць гадзін – чатыры разы, праз суткі – адзін.

4. Размяркуйце рытм дня. Не адмаўляйце ў прывычных занятках: размовах па тэлефоне, сустрэчах з сябрамі. Выдзеліце пэўны час на падрыхтоўку. Своечасова кладзіцеся спаць.

– Апошнія 12 гадзін перад экзаменам адпачніце, – раіць псіхолаг.

5. Рабіце перапынкі.

– Для тых, хто хутка запамінае, яны павінны быць кожныя 45 хвілін, запамінаеце марудней, праз гадзіну-паўтары.

6. Можаце выкарыстоўваць танізуючыя сродкі, травяныя чаі. Хімічныя заспакаяльныя лепш не ўжываць. Каву піце толькі раніцай. Яна ўзмацняе стан трывожнасці.

7. Добра харчуйцеся. Сярод страў павінны быць мёд, грэцкія арэхі, малочныя прадукты, рыба, мяса, садавіна і гародніна. Не забывайцеся антыстрэсавую садавіну – бананы.

8. Гуляйце на свежым паветры.

9. Старайцеся ў нецікавым матэрыяле знайсці цікавае.

Добра вучыце сярэдзіну тэксту – яна хутчэй забываецца

Ёсць псіхалагічныя заканамернасці пры падрыхтоўцы да экзамену, ведаючы іх, можна паспяхова падрыхтавацца.

– Сярод іх “фактар краю”. Паводле яго, лепш запамінаецца тое, што напісана ў пачатку і канцы. Сярэдзіна, як правіла, вылятае з галавы. Таму звярніце на яе асаблівую ўвагу, – расказвае спецыяліст.

Нярэдка, калі чытаеш пэўны тэкст, здаецца, дзесьці яго чытаў або вучыў. Значыць, не трэба траціць час на паўтарэнне. Але гэта не так,  лепш паўтарыць.

– Веданне асаблівасцяў запамінання дапамагае лепш падрыхтавацца, – адзначае Таццяна Жданава. – Запамінаеце зрокава – выкарыстоўвайце карты, схемы, карысна пісаць шпаргалкі. Запамінаеце на слых – слухайце лекцыі, прагаворвайце адказы ўслых. У людзей, у якіх пераважаюць адчуванні, – інфармацыя адкладваецца праз асацыяцыі.

Што дапаможа здаць экзамен паспяхова

Па дарозе на экзамен можаце пагартаць канспект. Гэта дае адчуванне ўпэўненасці.

– Не апранайце яркага адзення, гэта  прыцягвае дадатковую ўвагу, – раіць псіхолаг. –  Можна прыйсці ў шчаслівым адзенні, у якім перажывалі моманты поспеху.

Не прыходзьце на іспыт задоўга да яго. Лепш за паўгадзіны – гэта дапаможа супакоіцца.

– Старайцеся выглядаць упэўнена, – адзначае псіхолаг. – Гэта станоўча дзейнічае на экзаменатара. Не мямліце – гэта раздражняе. Старайцеся адказваць сваімі словамі, а не чытаць па паперцы. 

Не бойцеся дадатковых пытанняў, яны дапамагаюць выявіць веды.

Не адказвайце пасля тых, хто добра вучыцца і валодае аратарскімі здольнасцямі. Ваш адказ можа паказацца слабым. 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце