weather 25° Маладзечна
weather 25° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 25° Ашмяны
weather 22° Валожын
weather 25° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
08.06.2015 09:56 ,

Ад навагодняй мары да фотамадэлі свету на міжнародным конкурсе. Такі шлях прайшла выпускніца мядзельскай гімназіі

З узнагародай у Турцыі.

Гісторыя паспяховага ўдзелу ў міжнародным конкурсе талентаў і прыгажосці ў Турцыі для Кацярыны Кавальскай пачалася напярэдадні Новага года.

Тады ў Беларусі дзіцячы фонд праводзіў дабрачынны марафон “Чароўны падарунак – дзецям”. Дзеці пісалі пра сябе і свае мары, якія арганізатары з дапамогай мецэнатаў стараліся ажыццявіць.

Паўдзельнічала і Кацярына. Яна – дачка Жанны Кавальскай, гаспадыні дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Занарачы на Мядзельшчыне. Там выхоўваюцца 11 дзяцей-сірот і дзяцей, які засталіся без апекі бацькоў.

Перад Новым годам Каця загадала паказаць свае таленты і ўбачыць мора.

І вось мары мноства дзяцей споўніліся, засталіся няздзейсненыя толькі дзве – Каці і Вані са Старых Дарог. А мары гэтыя былі практычна аднолькавыя.

Тады сямейны сацыяльны цэнтр CentroLife вырашыў паспрабаваць адправіць дзяцей на конкурс Little miss world & Little mister world-2015. Да акцыі далучыліся кіраўнікі прадпрыемстваў, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычных структур і многія іншыя. Да збору сродкаў на паездку падключыліся карыстальнікі сацыяльных сетак.

– Людзей дапамагала вельмі шмат. Мяне больш за ўсё здзівіла, колькі чалавек гатовыя дапамагаць цалкам незнаёмым, – кажа Кацярына.

Да конкурсу выпускніцы гімназіі-інтэрната Мядзела дапамагла рыхтавацца каманда прафесіяналаў: педагогі па музыцы і дэфіле, харэограф, стыліст, дызайнер-мадэльер. Найбольш Каці запомніліся сустрэчы з дырэктарам Нацыянальнай лігі прыгажосці і моды Беларусі Ганнай Гоманавай.

Стала “Фотамадэллю свету”

 Фота забяспечана Кацярынай Кавальскай.

Фота забяспечана Кацярынай Кавальскай.

Конкурс праходзіў у горадзе Бодрум ад 6 да 18 мая. Праводзіўся ён у 23 раз. Удзельнічалі 33 прадстаўнікі з каля 20-ці краін.

Больш за ўсё Кацярыне запомнілася падрыхтоўка да конкурсу.

–       Колькі сіл, цярпення было ўкладзена! Самае цяжкае, на мой погляд, гэта было вытрымаць маральна. Бліжэй да завяршэння конкурсу я ўжо вельмі сумавала па бацьках. Але ні на хвіліну не завагалася, што пагадзілася на ўдзел.

У праграме быў конкурс талентаў і чатыры выхады – у народным, гістарычным, спартыўны і вячэрнім строях. А былі яшчэ доўгія трэніроўкі, фотасесіі. Таксама журы таемна назірала за паводзінамі дзяцей па-за конкурснымі выступленнямі – як паводзяць сябе на адпачынку. За гэта таксама налічвалі балы.

У выніку Кацярына заваявала званне “Фотамадэль свету” ва ўзроставай катэгорыі 16-18 год.

 Фота забяспечана Кацярынай Кавальскай.

Фота забяспечана Кацярынай Кавальскай.

Адмыслова выбрала беларускую песню

Так што, мара Кацярыны здзейснілася – пабывала на моры і паказала таленты.

Яна ўжо некалькі год піша вершы. Перад гэтым конкурсам удзельнічала ў Мінску ў конкурсе “Музыка дзіцячай душы”.

На вершы Кацярыны і песні напісаныя. Адразу меркавалася, што ў Турцыі будзе  спяваць сваю песню. Але яна, на жаль, была не гатовая. Таму на конкурсе талентаў спявала песню Іны Афанасьевай “Сумны саксафон”. 

– Адмыслова выбрала беларускую песню, каб дзеці з іншых краін паслухалі нашу родную мову.

– Што вам даў удзел у конкурсе?

–  Я паверыла ў свае сілы. Зразумела, што ў кожным чалавеку ёсць нешта асаблівае. Што абавязкова трэба развівацца творча, шукаць нейкія новыя конкурсы і пакараць новыя вяршыні.

У суботу для Каці прагучаў апошні званок. І ад яе, чыя мара здзейснілася, натуральна будзе пачуць пажаданні для ўсіх выпускнікоў:

– Хачу ўсім сказаць, што трэба абавязкова мець мару і імкнуцца да яе. Усё роўна, дойдзеш ты да фіналу ці не. Галоўнае, што, пераадольваючы ўсе цяжкасці і няўдачы на ​​шляху, мы становімся лепшымі.

На фотасесіі ў Турцыі Кацярыне давялося ствараць розныя вобразы.

На фотасесіі ў Турцыі Кацярыне давялося ствараць розныя вобразы.

Вучаніца з Мядзела заваявала званне “Фотамадэль свету” на міжнародным конкурсе талентаў і прыгажосці ў Турцыі

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце