weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 15° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 15° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
11.06.2015 16:09 ,

Жыхары Новай Гуты сабралі грошы на мемарыял для аднавяскоўцаў, якія не выжылі ў вайну

Фота: stihi.ru.

Жыхары Новай Гуты сабралі сродкі, каб адкрыць помнік па загінулых у час вайны земляках.

Ініцыятыва прахо­дзіць пры  актыўным ­удзеле і падтрымцы Хаценчыцкага сельсавета, Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў, грамадскіх актывістаў з Маладзечна і Вілейкі.

Новая Гута была спаленая ўшчэнт 5 мая 1943 года. Жыхары яе выратаваліся, але далёка не ўсе. За час вайны з вёскі ў розных месцах і пры розных абставінах загінулі  49 жыхароў. На вясковым сходзе вяскоўцы прынялі рашэнне ўшанаваць памяць загінулых землякоў.  Жыхары сабралі неабходныя сродкі.

Помнік у Новай Гуце плануюць адкрыць 13 чэрвеня (на Дзявятнік).

Каб расказаць пра лёс вёскі, я звярнуўся да тых вяскоўцаў, якія памятаюць, як Новая Гута перажыла Вялікую Айчынную вайну і якой была да яе пачатку.

Сям’я і гаспадарка ў 30-я

Баба Лёдзя – так завуць вяскоўцы самую старэйшую і карэнную жыхарку вёскі Новая Гута. Калі афіцыйна, то Леакадзія Станіславаўна Мікуліч (Кулеш). Яна нарадзілася яшчэ за польскім часам, у 1934-м, у працавітай сялянскай сям’і. Бацька, Станіслаў Іосіфавіч Кулеш, 1887 г.н., і маці, Вольга Іванаўна (Філістовіч), 1902 г.н. Акрамя дачкі Лёдзі, выхоў­валі яшчэ двух сваіх сыноў: Гэньку, 1931 г.н., і Бронюка, 1929 г.н. Сям’я мела нядрэнную гаспадарку.  У пабудаваным дыхтоўным доме мела прытулак і родная сястра гаспадара, адзінокая старая дзеўка Антаніна Іосіфаўна.

Усім хапала месца ў хаце, працы таксама. Куляшы валодалі трыма гектарамі ворнай зямі. Трымалі дзве каровы, сем авечак, шмат курэй, гусей і нават качак, штогод калолі па чацвёра кабаноў. Для апрацоўкі зямлі мелі свайго каня з усімі прыладамі. І быў яшчэ здаравенны бык Васька, які ў гаспадарцы цалкам сябе апраўдваў.

Да вайны Новая Гута налічвала каля 70 двароў, кароў было шмат і пасвілі іх на два канцы вёскі. Васька спраўна выконваў свае “кавалерскія” абавязкі, за якія яго гаспадар атрымоў­ваў ад гаспадынь “нявест-рагуль” матэрыяльную ўзнагароду. Калі патрэба ў Васкавых паслугах спадала, ён не адмаўляўся і ад ярма, каб каню ў полі дапамагчы альбо дроў на зіму з лесу нацягаць.

Так і жылі паціху пры сваіх інтарэсах, з павагай, паразуменнем і сяброўскімі адносінамі да суседзяў і да вяскоўцаў увогуле. Усе разам святы святкавалі ды ў бядзе адзін аднаго не кідалі.

Напрыканцы 30-х гадоў інфраструктура вёскі складалася з трох крамаў, невялічкай цагельні, школы (з чатырма польскамоўнымі класамі) і невялічкай праваслаўнай царквы.

Баба Лёдзя, так называюць мясцовую жыхарку Новай Гуты, што на Вілейшчыне, Леакадзію Станіславаўну Мікуліч (Кулеш). Фота забяспечана Алесем Раткевічам.

Баба Лёдзя, так называюць мясцовую жыхарку Новай Гуты, што на Вілейшчыне, Леакадзію Станіславаўну Мікуліч (Кулеш). Фота забяспечана Алесем Раткевічам.

Першае няшчасце

Вось з-за адной крамы, гаспадаром якой быў Іван Шушкевіч, у Новай Гуце здарылася вялікая бяда.

Польскія ўлады забаранялі прыватнікам гандляваць гарэлкай. Але тыя час ад часу не падпарадкоўваліся і прадавалі моцныя напоі. Аднойчы гандляр Шушкевіч у чарговы раз палез на гарышча крамы па схаваную гарэлку для кліентаў, чыркнуў запалкай, каб пасвяціць, як раптам успыхнула саламяная страха крамы. З-за гарачага і ветранага надвор’я полымя так хутка ахапіла ўсю пабудову, што гаспадар і яго наведнікі ледзь паспелі з яе выскачыць на вуліцу.

Вецер пачаў зрываць саламяную страху ў полымі і разносіць на иншыя хаты. Быў рабочы дзень, амаль што ўсе працавалі ў полі. Пакуль народ зляцеўся ў вёску, ужо палыхала больш за дзесяць хат. 17 сямей засталіся без даху над галавой, гаспабудоў і амаль без жыўнасці. Такой трагедыі Новая Гута яшчэ не ведала. Але тады навагуценцы не ведалі, што гэта бяда не самая страшная.

Талакой пачалі адбудоўваць пагарэльцаў. Да зімы хоць і з цяжкасцямі, але ўсе засяліліся ў такія-сякія дамкі. Ад польскай улады чакаць нейкай дапамогі не даводзілася. Было ўжо не да сялянскіх праблем. Набліжаўся 1939 год.

Адчуванне вайны

Ужо ўсе добра адчувалі набліжэнне вайны. Ды і гаварылі пра яе адкрыта савецкія лазутчыкі-агітатары. Яны амаль што без перашкод пераходзілі савецка-польскую мяжу, якая была чатыры вярсты на ўсход ад вёскі, за суседнімі Боркамі. Для жыхароў Новай Гуты, як і для шматлікіх беларусаў, Другая сусветная вайна пачалася ў 1939 годзе.  Спачатку разгарнулася мабілізацыя сялян у Войска Польскае, а па прыходзе бальшавікоў – у Чырвоную Армію.

Але пасля маланкавага захопу войскамі польскай тэрыторыі настала амаль двухгадовае зацішша, якое парушылася 22 чэрвеня 1941 года. А ўжо 25 чэрвеня 1945 года ў Новую Гуту на матацыклах завіталі гітлераўцы са сваім новым парадкам і загадамі.

Новая Гута ў вайну

Вяскоўцам загадалі выбраць вясковую ўладу – солтыса. На гэту пасаду навагуценцы ўгаварылі пайсці Міхаіла Гаўрыліка, чалавека з халоднай галавой, самастойнага і справядлівага. Солтыс сачыў за грамадскім парадкам, кантраляваў своечасовыя зборы падаткаў, памер якіх залежаў ад магчымасцяў кожнага падворка. Спіс такіх магчымасцяў і павінны быў складаць менавіта солтыс. Што ён і зрабіў, але знізіўшы іх да мінімуму.

Час ішоў, немцы ў вёску заязджалі рэдка. І калі яны з’яўляліся, то людзі, каб падаткаабкладанне адпавядала магчымасцям, апера­тыў­на хавалі сваю асноў­ную жыўнасць ў лесе ў даржніку. Пасля ад’езду немцаў жывёлу прыганялі дадому.

Але не кожны раз усю. Пакуль у вёсцы па хлявах гаспадарылі немцы, у лесе з даржніка знікалі то авечка чыя-небудзь, то кабан, а то і карова нават. Як пасля высветлілася, вакол вёскі ў лесе сталі з’яўляцца ўзброеныя людзі. З наступленнем маразоў яны наогул перайшлі жыць у Новую Гуту. Вось адна з такіх груповак, чалавек з дзесяць, і засялілася ў дом Станіслава Куляша.

Між двух агнёў

Спалі ў большым пакоі на падлозе на саломе. Так і жылі ціхенька гэтыя “кватаранты” да канца 1942 года. Прэтэнзій ніякіх ні да каго не выказвалі, нават да солтыса. А пры з’яўленні ў вёсцы немцаў сыходзілі  ў лес. У пачатку 1943 года кудысьці сышлі і не было іх бачна з месяц. Вярнуліся “кватаранты” на месца сваё на двух падводах,  якія былі загружаныя мяшкамі з мукой.

Іх адносіны з гаспадаром  дома былі ўжо патрабавальнымі.  Вользе Іванаўне паведамілі, што яна цяпер штодня будзе пячы хлеб для партызанскай брыгады. А гаспадару, Станіславу Іосіфавічу, загадалі аддаць ім быка Ваську для стратэгічных патрэб брыгады. З’елі Ваську народныя мсціўцы і пакінулі ялаўкамі кароў, якіх ужо і так было няшмат. Раней яны на вясковую вуліцу і носа не высоўвалі, а зараз па ёй пачалі гуляць, як поў­ныя гаспадары. Усім людзям, у тым ліку і солтысу, з пагрозай  пакарання загадалі, каб больш немцам ніякіх падаткаў не плацілі, а дапамагалі ім.

Вольга Іванаўна Кулеш з мужам Станіславам Іосіфавічам. Фота забяспечана Алесем Раткевічам.

Вольга Іванаўна Кулеш з мужам Станіславам Іосіфавічам. Фота забяспечана Алесем Раткевічам.

Жыццё за сена

Людзі апынуліся ў вельмі складаным становішчы, паміж двух агнёў. Раней пагроза была толькі з боку немцаў, а цяпер яшчэ і ад гэтых узброеных асоб. Яны ўзялі добрага каня, а ў замен аддалі нейкага старога і ўвогуле сляпога. Ды яшчэ на гэтым коніку прымусілі ездзіць збіраць сена для партызанскай канюшні. Вось гэтак неспадзявана Куляшы сталі дапамагаць партызанам: Вольга была партызанскім хлебапёкам, а Станіслаў – партызанскім фуражным забеспячэнцам.

Аднойчы ў марозную сакавіцкую ноч Станіслаў вёз з Вязыні сена і, праехаўшы ўжо Ілью, наляцеў на нямецкі патруль. Вымушаны быў звярнуць у лес і там хавацца, а з канём гэта не так проста. Праседзеў у лесе на марозе каля двух сутак. Як здолеў выбрацца з лесу і дабрацца да дому, Станіслаў распавясці ўжо не змог. Ад моцнага пераахала­джэння ён памёр, аддаўшы жыццё за сена для партызанскіх коней.

Сход вырашыў адправіць падаткі немцам

Наступіла вясна, хтосьці данёс у ільянскую камендатуру, што навагуценцы не плацяць немцам падаткі, таму што дапамагаюць партызанам, якія тут і жывуць. Немцы не прымусілі сябе чакаць і знянацку наляцелі на вёску, каб захапіць партызан і тых, хто ім дапамагае. Але партызан папярэдзілі пра акцыю, і яны сышлі ў лес. Не знайшоў­шы чужынцаў і іх прыхільнікаў, немцы ў апошні раз папярэдзілі насельніцтва пра наступствы непадпарадкавання нямецкім уладам. Падаткі павінны быць сабраныя, інакш кары не мінуць!

Вясковы сход вырашыў сабраць хоць якія падаткі ды адправіць немцам. Так і зрабілі, каб быць ад граху падалей. Партызаны па вёсцы больш не ездзілі, прыязджалі толькі па хлеб да ўдавы Вольгі.

Расстрэлы “за здраду”

Напрыканцы красавіка 1943 года, сярод ночы, у хату Елізаветы (Альбуты) Лапкоўскай уварваліся невядомыя асобы. Вывелі яе і 17-гадовага сына Ула­дзіміра ў сад і расстралялі, пакінуўшы запіску “за здраду”. За якую і каму, ніхто не ведае і сёння.

На наступную ноч гэтыя ці іншыя начныя бандзюганы забралі са сваёй хаты братоў Філіповічаў, Пятра і Паўла. Яны таксама зніклі без следу і невядома за што.

А праз некалькі дзён Новую Гуту акружылі карнікі. Акрамя шматлікіх аўтаматчыкаў, яны з добрым дзясяткам кулямётаў стаялі па ўсім перыметры вёскі.

Усіх жыхароў, ад малога да старога, сагналі да тока Альшэўскіх. Сам ток быў ужо абкладзены пад самы верх саломай і абліты газай, чакаў свае ахвяры. Людзей абвінавачвалі ў непадпарадкаванні нямецкай уладзе і ў садзейнічанні партызанам.

Тут уступіўся Міхаіл Гаўрылік, вясковы солтыс. Ён намагаўся запэўніць галоўнага эсэсаўца ў тым, што людзі тут не вінаватыя. Яны не маюць аніякай сувязі з партызанамі. У вёсцы днямі невядомыя ўжо і так  дваіх чалавек забілі, і падаткі вяскоўцы плацяць спраўна. Гітлеравец штосьці задумаўся і ўсё-такі вырашыў праверыць словы солтыса. Ускочыўшы вярхом на каня, ён падаўся у Ілью. Праз пэўны час вярнуўся назад і даў каманду адмяніць акцыю расправы.

Як толькі гітлераўцы з’ехалі, вяскоўцы гуртам рушылі ў лес рыхтаваць сабе запасное жытло, зямлянкі на “лісіных норах”. І не памыліліся. Невядомыя ўначы забралі Міхаіла Гаўрыліка і адвялі на Навасёлкаўскія могілкі, на якіх і расстралялі. Толькі за што? Ён жа фактычна выратаваў людзей ад немінучай гібелі, а яго расстралялі.

Пасля месца солтыса заняў таксама свой вясковец. Вось гэты ўжо служыў верай і праўдай немцам. Прымаў удзел у спальванні сваёй жа роднай вёскі і нават сваёй хаты. Пасля вайны атрымаў дзесяць год зняволення за злачынствы, праяўленыя супраць мірнага насельніцтва. Нават супраць сваіх блізкіх і родных.

Хочацца асобна вылучыць гібель маленькіх дзетак, гадавалага Толіка і двухгадовую Марыльку Масальскіх, якія загінулі галоднай смерцю проста на руках іх старэйшай сястрычкі Ванды.

Трагічную старонку лёсу Новай Гуты і хочуць увекавечыць сённяшнія землякі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце