weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4365
1 долар 2.1066
100 рас.руб. 3.221
12.06.2015 10:56 ,

15 гісторый 15 Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2015”

Падчас адкрыцця фестывалю кампазітару Эдуарду Ханку ўручылі віншавальны адрас з нагоды 75-годдзя.

Сёлетні год для фестывалю юбілейны. Хтосьці далучыўся да яго ў гэтым годзе, а хтосьці памятае ад пачатку. Акрамя артыстаў, падзеі фестывалю закранаюць і жыхароў горада, і ўсіх, для каго фестывальныя дні – гэта цяжкая работа. Мы паспрабавалі сабраць 15 гісторый лю­дзей, лёс якіх так ці іначай звязаны з фестывалем “Мала93ечна”.

Гісторыя 1. Рамеснік: не бывае, каб кожны год адно і  тое ж

Кіраўнік народнага аматарскага калектыву “Вербачка” маладзечанскага Палаца культуры Генадзь Унукаў з раніцы ў пятніцу ўжо на плошчы. Ён са сваімі вучаніцамі выстаўляе куфры, кошыкі, плеценыя з лазы абажуры.

І так, кажа Генадзь Унукаў, адбываецца ледзьве не з першага фестывалю. На пытанне, ці не надакучыла адно і тое ж штогод, Генадзь адказаў, што такога не бывае, каб кожны год адно і тое ж:

– Людзі ж розныя, атмасфера на кожным фестывалі свая. Таму заў­сёды цікава, якую чарговую сустрэчу падорыць новы фестываль. 

Гісторыя 2. Супрацоўнік ДАІ: бываю на кожным фестывалі, але ні аднаго не бачыў

– Які фестываль, якое тут свята? – абураецца інспектар ДАІ Сяргей Бартош. – Калі ў гора­дзе свята, у нас 12-га­дзінны рабочы дзень. ДАІ працуе ва ўзмоцненым рэжыме.

Сяргей прызнаецца, што ні разу не бачыў ні аднаго канцэрта ў горадзе.

– Ды і ні ў канцэртах шчасце. Галоўнае, каб ДТЗ не здараліся, а то вельмі не хочацца ў святочны дзень пратаколы складаць і здарэнні распісваць.

Сяргей Бартош

Сяргей Бартош

Яшчэ адна адметнасць фестывальных дзён для Сяргея Бартоша ў тым, што ён цягам гэтых трох дзён вельмі загарае.

Твар становіцца цямнейшым у разы тры за шыю. І скура на носе на трэці дзень аблазіць.

Гісторыя 3. Начальнік Валожынскага аддзела ідэалогіі: сагрэла душу песня зямлячкі

На фестываль Вікенці Адамовіч прыязджае ўжо не першы год. Сёлета – у складзе Валожынскай дэлегацыі. З адметнасцяў гэтага года называе канцэрт “Мелодыі роднай зямлі”:

– У гэтым канцэрце гучала музыка маіх любімых калектываў – “Бяседы”, “Неруш”, “Свята”. Асабліва сагрэла душу тое, што канцэрт заканчваўся песняй на словы нашай зямлячкі Канстанцыі Буйло “Люблю наш край”.

Але на 100 працэнтаў фестывалем Вікенці Мікалаевіч усё ж не задаволены:

– Мы гадзіну не можам знайсці патрэбныя месцы. Інфраструктура не да канца прадуманая.

Гісторыя 4. Фатограф: на ­адзін дзень бяру з сабой флэшкі на 64 гігабайты

Яўген Стэльмах фатаграфуе фестываль ад 2001 года:

– Першая зорка фестывалю, якую я фатаграфаваў, быў Дзмітры Качароўскі. Ён у той год стаў уладальнікам Гран-пры. Той фотаздымак, дзе ён разгублена закрывае твар рукамі, надрукавалі ў “Рэгіянальнай газеце”.

Ужо амаль 15 гадоў Яўген нязменна гля­дзіць на падзеі фестывалю праз аб’ектыў фотаапарата:

– Для мяне фестываль – перш за ўсё работа. Мая задача прыгожа паказаць астатнім тое, што ўдалося пабачыць мне. На адзін фестывальны дзень я бяру з сабой дзве флэшкі на 32 гігабайты кожная. І за дзень яны запаўняюцца абедзве.

Гісторыя 5. Начальнік Мала­дзечанскага аддзела ідэалогіі:на фестываль прыходжу слухаць любімыя песні

Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Мала­дзечанскага райвыканкама Аляксандр Рамановіч прызнаўся, што фестываль для яго – гэта не адпачынак, а праца, якая патрабуе многа сіл і часу:

– Затое, калі пачынаецца канцэрт, магу не стрымацца і пачаць пад­пяваць музыкам. Люблю песні “Песняроў” і “Сяброў”, але самая любімая “Гуляць дык гуляць”.

Аляксандр Рамановіч. Фота Зоі Хруцкай

Аляксандр Рамановіч. Фота Зоі Хруцкай

Гісторыя 6. Саладуха: памятаю фестываль, калі яго называлі беларускім Сан-Рэма

Аляксандр Саладуха на фестывалі заўсёды чаканы і жаданы госць. Запрашаюць яго амаль штогод, але ўспамінае ён першыя фестывалі:

– Маладзечанскі фестываль памятаю яшчэ ад самага пачатку, год 1993-1994, калі ён праводзіўся на гарадскім стадыёне. Тады здавалася, што маладзечанскі фестываль будзе аналагам італьянскага Сан-Рэма. Была такая незабыўная атмасфера. Чаго цяпер не хапае фестывалю, не ведаю, але ў мяне адчуванне, што хутка нешта зменіцца і фестываль зажыве на поўную моц.

Гісторыя 7. Дзмітры Качароўскі: фестываль жыве, пакуль праходзіць у Маладзечне

Уладальнік Гран-пры фестывалю 2001 года спявак Дзмітры Кача­роў­скі тады ў падарунак атрымаў аўтамабіль “Жыгулі” шостай мадэлі.

– Пэўны час ездзіў на ім, потым прадаў.

Ансамбль Бяседа

Ансамбль Бяседа

А яшчэ Дзмітры не згодны з тым, што маладзечанскі фестываль – гэта толькі размінка перад “Славянскім базарам”.

– Конкурс маладых выканаўцаў ніяк нельга назваць размінкай перад іншымі конкурсамі. Выступленне з аркестрам вымагае быць сабраным і ставіцца да конкурсу вельмі сур’ёзна. Пераможца сёлетняга конкурсу, хоць я і быў у журы, стала для мяне поўным сюрпрызам.

Як пастаяннага ўдзель­ніка, Дзмітрыя вельмі радуе, што фестываль стаў праходзіць у сучасным, цалкам падрыхтаваным амфітэатры.

– І я перакананы, што фестываль жыве толькі таму, што ён праходзіць у Маладзечне. Я не ведаю, як гэта патлумачыць, але я ўпэўнены, што перанясі яго ў іншы горад і фестываль сыдзе на не. Маладзечна ў гэтым сэнсе асаблівы горад.

Гісторыя 8. Мікола Шабовіч: паэты не павінны быць на другім месцы:

– Здаецца, я не прапусціў ніводнага Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Хочацца слухаць іншых паэтаў і чытаць вершы самому. Сёлета я паламаў стэрэатып паэта, які піша пра каханне – прачытаў верш на сацыяльна-грамадзянскую тэму.

На жаль, у межах фестывалю недастатковая ўвага надаецца менавіта паэзіі. У першыя гады, як і было задумана, абодва кірункі, і песня, і паэзія, былі нароўні ў цэнтры ўвагі. А сёння ў паэтычнай гасцёўні амаль нікога няма. Больш увагі аддаюць эстрадзе. Адчуваем, што не мы галоўныя удзельнікі. Па гэтай прычыне некаторыя паэты проста адмовіліся прыехаць і ўдзельнічаць у фестывалі, таму што лічаць стаўленне да сябе абразлівым.

Паэт Мікола Шабовіч

Паэт Мікола Шабовіч

Так думаю не толькі я, але і іншыя паэты і мае сябры – на вялікай сцэне, перад вялікай аўдыторыяй павінна быць месца і для паэтаў.

Ды і наогул, Нацыянальны фестываль павінны быць на першым месцы сярод падобных мерапрыемстваў як захавальнік беларускай культуры і традыцый.

Гісторыя 9. Мама чытала вершы, дзеці з задавальненнем гулялі

Паэтэса Аксана Ярашонак прэзентавала новы зборнік на паэтычнай гасцёўні:

– Я заўсёды атрымліваю задавальненне ад такіх мерапрыемстваў, як паэтычная гасцёўня. Гэта натхненне, сустрэчы, эмоцыі. А пакуль я выступала, муж з дочкамі бавіў час на дзіцячай гульнявой пляцоўцы. Яны проста ў захапленні ад яе!

Гісторыя 10. Уладальніца Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў Таццяна Валахановіч:

– Выступаць на такой сцэне з маэстра, спяваць пад акампанемент аркестра – гэта надзвычай сур’ёзна, і я неверагодна шчаслівая перамозе. Хаця яна стала нечаканасцю і для мяне, і для блізкіх, якія перажывалі і маліліся за мяне. Гран-пры стаў адпраўным пунктам, і цяпер толькі наперад.

Спяваюць пераможцы конкурса маладых выканаўцаў мінулых гадоў

Спяваюць пераможцы конкурса маладых выканаўцаў мінулых гадоў

Гісторыя 11. Канкурсант: аб’ектыўнасць – у двукоссі

Андрэй Воранаў ­удзельнічаў у конкурсе маладых выканаўцаў, але не ўвайшоў у лік пераможцаў

– Фестываль запомніўся аб’ектыўнасцю ў двукоссі. Графік рэпетыцый быў вельмі нязручны, часу адпачыць проста не было. Адзіны плюс – што выступіў на сцэне разам з аркестрам Фінберга. Колькі часу патрачана на рэпетыцыі і нікому непатрэбныя інтэрв’ю, проста шкада. Для кагосьці, можа, фестываль карысны.

Андрэй – выпускнік Маладзечанскага музычнага каледжа і Акадэміі музыкі.

Гісторыя 12. Канкурсантка: я стала мацнейшай

Прадстаўніца Старых Дарог Кацярына Лазук удзельнічала ў конкурсе другі раз, але перамагчы таксама не змагла:

– Запомніўся конкурс тым, што мне нічога не далі (смяецца). Наконт пераможных месцаў, мяркую, вельмі спрэчны момант. Але рабіць высновы не мне. Я прыклала ўсе намаганні, але засталася незаўважанай. Хаця сваім выступленнем цалкам задаволеная. Конкурс зрабіў мяне мацнейшай. Вельмі спадабалася дружная і вясёлая атмасфера за кулісамі сярод удзельнікаў, хаця мы і канкурэнты.

Гісторыя 13. Арганізатар пляцоўкі “Арт-старт”: вельмі складана, але радуе жывы рок

Для тых, хто ўдзельнічаў у арганізацыі свята, фестываль – гэта найперш складаная работа, гаворыць арганізатар моладзевай пляцоўкі ў межах фестывалю “Арт-старт”, загадчыца аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю Маладзечанскага Палаца культуры Таццяна Тарасава:

– Сабраць калектывы на адной пляцоўцы вельмі складана. На жаль, і такой колькасці мола­дзевых груп і выканаўцаў такога ўзроўню, як год 13 таму, цяпер няма. Хаця мы імкнуліся сабраць выканаўцаў і з галіны рок-музыкі, і рэпа, і брэйк-данса. Чамусьці моладзь цяпер менш цікавіцца творчасцю. Адзінае, за што я абсалютна спакойная, – гэта рок-музыка. Вось тут нашы выканаўцы вельмі выраслі, у тым ліку ў Маладзечне. Прычым гэта прыемны вуху якасны і жывы рок.

Вядучыя цырымоніі адкрыцця Віктар Манаеў і Павел Харланчук-Южакоў

Вядучыя цырымоніі адкрыцця Віктар Манаеў і Павел Харланчук-Южакоў

Гісторыя 14. Замест фестывалю правяла час з блізкімі

Знайсці чалавека з Маладзечна, якога фестываль не зачапіў, аказалася задачай няпростай. Вядучая рубрыкі “РГ” “у Дарозе” Воля Трубач на ўрачыстасць не трапіла:

– У мінулым годзе я ў якасці рамесніцы ­ўдзельнічала ў кірмашы з воўнай, які арганізоўваўся падчас фестывалю. У гэтым жа годзе фестываль я абмінула, бо знаходзілася ў доўгачаканым тыднёвым велападарожжы па Нарачы – была ў Дарозе! З’явіўся час пабачыцца са сваякамі і пагушкаць пляменнікаў. Аднак нават дыстанцыйна фестываль пасылаў мне прывітанне: прапановай з запрашэннем на канцэрт народнай музыкі.

Гісторыя 15. Каментатар: хочацца ўбачыць сапраўднае свята беларускасці

І напрыканцы – гісторыя каментатара сайта rh.by Аляксандра:

– Купіў білеты на адкрыццё фестывалю і павёў сваіх знаёмых туды, зацікавіла назва канцэрта “Беларусь незалежная у песнях і вершах”. Але ўсе надзеі і чаканні разбіліся аб першую ж рускамоўную песню. Увогуле падабраныя песні, нават і беларускамоўныя, ніяк не пераклікаліся з назвай канцэрта. На мой погляд, фестываль ператвараецца ў такі звычайны папсовы міжсабойчык, засталося запрасіць на наступны год якіх-небудзь сярэдніх рускіх зорак, каб даражэй прадаць білеты. У 2011 годзе фестываль нібыта адрадзіўся, я сам наведаў выдатны канцэрт “Маладзечна. РОК”, схадзіў на начны джазавы канцэрт аркестра Фінберга, штосьці жывое было ў гэтым. Цяпер жа не фестываль, а штогадовыя “Дажынкі”. Няўжо нельга арганізаваць канцэрты беларускіх песень па некалькіх напрамках музыкі (рок, аўтарская песня, эстрадная песня і г.д.), увесці нейкія прэміі сярод беларускамоўных песень, што з’явіліся цягам апошняга года. Арганізаваць забаўляльныя мерапрыемствы, а не гэтыя кшталту “залезці па лесвіцы” і “правісець на турніку”. Кожны год хочацца ўбачыць сапраўднае свята беларускасці, дзе кожны знойдзе штосьці для сябе цікавае, абярэ музыку, якую ён хоча пачуць, але кожны год прыходзіць расчараванне…

Гучыць Полька беларуская

Гучыць Полька беларуская

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце