weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 23° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 23° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 23° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
12.06.2015 19:09 ,

Рабочыя Маладзечанскага завода металаканструкцый: На завод возім абедаць свае сем’і

Адміністрацыйны корпус ЗМК.

У сталовай завода абеды адпускаюць па прапусках. Пазначаюць нумар пропуска і потым вылічваюць суму з заробкаў. На абед некаторыя ходзяць ужо з сям’ёй, каб паесці ў доўг. І на вечар, каб не хадзіць у магазін, бяруць у сталоўцы булачкі і беляшы.

– Мы для сваіх сем’яў сталі абузай з-за таго, што каторы месяц не прыносім дамоў заробак, – гавораць рабочыя ЗМК, якія стаміліся ад пустых абяцанняў кіраўніцтва і ў панядзелак выйшлі на забастоўку.

8 чэрвеня кіраўніцтва завода абяцала да пятніцы выплаціць 50% заробку за красавік.

Мы сустрэліся з  рабочымі ў пятніцу, каб спытацца ў іх, ці выканала кіраўніцтва абяцанні і чаго яны чакаюць ад працы на заводзе надалей.

– Грошы пералічылі ў чацвер пасля 10 вечара. Да панядзелка абяцаюць выплаціць астатняе. Калі гэта абяцанне не выканаюць, мы зноў спынім працу.

Цэх завода

Цэх завода

Грошы выплацілі толькі рабочым, інжынерна-тэхнічныя работнікі (ІТР) пакуль застаюцца без зарплаты.

На заводзе карэспандэнты “Рэгіянальнай газеты” сталі сведкамі дыялога паміж рабочымі і канструктарамі:

– Калі вы будзе баставаць у панядзелак, дайце ведаць і нам. Мы не хочам заставацца ў баку.

І рабочыя, і канструктары адзінагалосна пагаджаюцца, што ад звальнення многіх стрымліваюць інтэрнаты і тое, што цяпер вельмі цяжка знайсці іншую працу.

– Асабліва цяжка тым, хто на заводзе працуе сем’ямі, а такіх тут многа, – адказваюць рабочыя.

Прафсаюз адмаўляе з матэрыяльнай дапамогай зусім.

– А калі мая жонка пайшла ў дэкрэт, – кажа адзін з работнікаў, – нават дапамогу на дзіця выплацілі не адразу, а толькі пасля скаргаў.

– А што загадаеце рабіць нам з разліковымі лістамі? Хадзіць у магазін з імі? І прасіць прадаваць прадукты “на вэксаль”, як гэта робяць у нас у сталовай.

У сталовай

У сталовай

8 чэрвеня, у дзень забастоўкі, кажуць рабочыя, хадзілі да кіраўніцтва завода:

– На нас там паглядзелі як на мурзатых іншапланецян. Тады сталі тэлефанаваць на ўсе магчымыя “гарачыя” лініі. Але ніхто нідзе не браў трубку, акрамя інспекцыі па працы.

– Асабліва крыўдна, што кіраўніцтва завода назвала нашу адмову працаваць без грошай “сустрэчай з працоўным калектывам”.

Адзіным выйсцем з такога становішча рабочыя бачаць у змене кіраўніцтва:

– Надакучыла слухаць казачнікаў!

Намеснік дырэктара па ідэалогіі: дай бог, каб новае кіраўніцтва праблемы вырашыла

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі Аляксандр Саўчыц  не адмаўляецца ад таго, што становішча на заводзе не простае. І праблемы рабочых ён разумее:

– Канешне, мы будзем імкнуцца выплаціць даўгі па заробках. Вельмі спадзяюся на тое, што да панядзелка ўдасца выплаціць хаця б 10-20% заробку ІТР. Але гаворка ідзе пра красавіцкія заробкі, што будзе з заробкамі за май, я не ведаю. Грошай няма.

Сёння даўгі па банкаўскіх крэдытах складаюць 54 мільярды рублёў, за электрычнасць прадпрыемства вінаватае 4 мільярды рублёў.

Але ў завода ёсць і неспагнаныя даўгі. Адзін з такіх даўжнікоў – Смаргонская птушкафабрыка, а дакладней падрадчык, Смаргонскі трэст № 41, які заказаў будаўніцтва аб’екта.  Трэст вінаваты заводу 3 978 612 775 рублёў. Гэтага доўга хапіла б выплаціць заробкі за красавік, і яшчэ пагасіць 800 мільёнаў доўгу за электрычнасць.

Цэх завода

Цэх завода

Апошні буйны аб’ект, на які працаваў ЗМК, была мінская “Чыжоўка-арэна”, якая будавалася да Чэмпіянату свету па хакеі.

Цяпер, кажа Аляксандр Саўчыц, заказаў няма. І завод працуе на 5-10 % ад сваёй магутнасці.

Спадзяваўся завод на буйны заказ ад “Беларуськалія”. Але пакуль яго адклалі да восені. Яшчэ гэтай зімой намеснік генеральнага дырэктара па камерцыі і эканамічных пытаннях завода Дзмітры Купрыянаў гаварыў у інтэрвью “РГ” пра тое, што завод будзе пастаўляць на Літву каля тысячы тон прадукцыі. Аднак сёння лёс гэтага заказу для карэспандэнтаў “РГ” невядомы.

– Цяпер расіяне хочуць даваць заказ на 2 000 тон, але, даведаўшыся, што ў нас адбываецца, заключаць дагавор не спяшаюцца, кажуць: “А раптам вы ненадзейныя і заказ не выканаеце”.

На пытанне, ці зменіцца сітуацыя на заводзе з прыходам новага кіраўніка, Аляксандр Саўчыц адказаў:

– Дай бог, каб змянілася. Хаця справа ж не ў кіраўніцтве. Сітуацыя зменіцца тады, калі ўваскрэсне Расія, адзіны пакуль рынак збыту.

Дошка гонару

Дошка гонару

Хто стане новым кіраўніком завода, пакуль дакладна не вядома.

Аляксандр Саўчыц кажа, што ім стане Алег Мазура, цяперашні начальнік навукова-тэхнічнага цэнтра БЕЛАЗА з Жодзіна. Плануецца, што на наступным тыдні цяперашні генеральны дырэктар завода Міхаіл Ангерчык перадасць яму свае паўнамоцтвы.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце