weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
13.06.2015 12:02 ,

Са сваёй канстытуцыяй і гербам. Студэнты прыдумалі “Нарачанскую Рэспубліку”

Стваральнікі "Нарачанскай рэспублікі".

Расчараваўшыся ўмовамі для актыўнага адпачынку на Нарачы, студэнты беларускіх ВНУ стварылі праект “Нарачанскай Рэспублікі”.

Размясцілася яна паміж азёрамі Нарач і Белае. Прыдумалі для рэспублікі лагатып, герб і сцяг. Слоган выбралі такі: “Нарачанская Рэспубліка – стань грамадзянінам краіны забаў”. На ўездзе запланавалі паставіць своеасаблівы пункт пропуску і ставіць уязныя штампы. Не, не ў пашпарт – на адмысловы бланк.

Працавалі над задумай праектная студэнцкая каманда “5+1”.  У яе складзе Лаліта Асеева, Дар’я Буртасава, Алена Гілеўская, Крысціна Жыркевіч, Улад Клімавец, Данута Лабачэня. У камандзе – студэнты БДУ, БНТУ, Акадэміі кіравання.

На конкурсе моладзевых праектаў брэндынгу тэрыторый OPEN your IDEA у Мінску іх праект увайшоў у лік пяці пераможцаў.

 Нарачанскі край абралі не выпадкова

Тлумачыць адна са стваральніц праекта Алена Гілеўская:

– Нам вельмі блізкая Нарач цёплымі ўспамінамі і асаблівай атмасферай. Практычна ўсё дзяцінства кожнае лета ездзілі сюды з сям’ёй адпачываць. Умовы пражывання і забавы былі мінімальныя, але ўражвала прыгажосць і маляўнічасць. Летась паехалі адпачыць з сябрамі і вельмі засмуціліся, не засталіся там і на дзень. Падабаецца актыўны адпачынак, але не змаглі знайсці належных умоў для арганізацыі вольнага часу. Вырашылі прааналізаваць водгукі адпачывальнікаў і выявілі аналагічныя слабыя бакі курорта.

Лічаць студэнты, што Нарач валодае вялікім турыстычным патэнцыялам. Аднак ёсць шэраг фактараў, якія перашкаджаюць яго развіццю. Па меркаванні аўтараў праекта, адзін з асноўных недахопаў – неразвітая інфраструктура, адсутнасць аб’ектаў для адпачынку – у прыватнасці, для актыўных маладых людзей. У канкурэнтаў гэта ўсё на больш высокім узроўні.

Таму захацелася стварыць комплекс, накіраваны як на аздараўленне грамадства, так і на ўсебаковае развіццё асобы.

 – Вырашылі распрацаваць не проста курорт, а адмысловую тэрыторыю са сваімі “правіламі”, “канстытуцыяй”, атмасферай. І зрабіць гэта ўнікальнай гандлёвай прапановай комплексу, – кажа Алена Гілеўская.

 Хостэлы і шкляны куб

Фота забяспечана Аленай Гілеўскай.

Фота забяспечана Аленай Гілеўскай.

Тэрыторыя комплексу “Нарачанская Рэспубліка” падзеленая на часткі. Хостэлы, палатачны гарадок, спартыўныя пляцоўкі складаюць адну з чатырох яго частак.

–  Той жа палатачны гарадок і цяпер ёсць  на турстаянках?

–  Так. Але мы вырашылі ўключыць яго і ў наш комплекс, каб задавальняць розныя патрэбы турыстаў. У нашым палатачным гарадку людзі не проста атрымліваюць асалоду ад прыроды, але і ўдзельнічаюць у спартыўных гульнях, розных мерапрыемствах і фестывалях.

Для аматараў актыўнага адпачынку задумалі стварыць мабільны скаладром, атракцыёны, праводзіць розныя забавы: катанне на санках і квадрацыклах, квэсты.

Найбольш арыгінальнай часткай праекта аўтары лічаць шкляны аб’ект у форме куба. Ён складаецца з чатырох частак: кінатэатра, кафэ-бара, інкубатара бізнесу і студыі-выставы.

– Усё гэта накіраванае на самаадукацыю, духоўнае і фізічнае развіццё, культурнае ўзбагачэнне. Мы верым у нашу ідэю і, вядома, хочам, каб яна ажыццявілася, – тлумачаць аўтары праекта.

Больш беларускасці

Падчас прэзентацыі праекта ім параілі ўнесці ў свой комплекс больш беларускасці.

– Комплекс павінны дэманстраваць разнастайнасць беларускай культуры як для замежнікаў, так і для саміх беларусаў, – кажа Алена Гілеўская. – Бо, на самой справе, гэта адна з праблем беларускага грамадства – ухіленне ад сваёй культуры. Таму мы хочам ўнесці больш элементаў “беларускасці”. У рэстаране комплексу прадугледжана беларуская кухня, інтэр’ер з выкарыстаннем беларускіх сімвалаў, персанал, які размаўляе на беларускай мове і, вядома, мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё беларускай культуры.

Ад 4 па 6 чэрвеня праект удзельнічаў у фестывалі OPEN у Мінску. Працу студэнтаў прэзентавалі ўжо міжнароднаму журы.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце