weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 9° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
20.06.2015 14:07 ,

На фэсце “Гонару Продкаў 2015” наведнікі пабачаць сапраўднае замчышча, рыцарскія баі і пабудуць у лапах інквізіцыі

“Паходня” не ўпершыню ладзіць свята ў Вілейцы. Цяпер гэта будзе вялікі рыцарскі фэст.

Крыжаносцы і тампліеры, вікінгі і, вядома, рыцары Вялікага Княства Літоўскага. Прадстаўнікі розных клубаў з’едуцца на рыцарскі фэст “Гонару Продкаў 2015” у Вілейку. Пройдзе ён 4-5 ліпеня.

Наведнікі змогуць пазнаёміцца з гісторыяй, культурай, побытам насельніцтва ВКЛ і яго суседзяў, убачыць рэканструкцыі бітваў і турніраў, паўдзельнічаць у сярэднявечных гульнях і забавах, паслухаць этнічную музыку.

Арганізатары фэсту – клуб гістарычнай рэканструкцыі “Паходня” з Вілейкі і аддзел iдэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

– Напэўна, да ідэі правядзення фэсту прыходзяць амаль усе клубы, якія сур’ёзна займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй. Гэта як бы паказчык узроўню клуба, –расказвае удзельнік “Паходні” Юры Палонскі. – Захацелася для Вілейкі зрабіць нешта больш маштабнае, чым звычайна ладзім.  Падумалі, што добра было б правесці вялікі фэст.

Адразу планавалі, што будзе каля 300 удзельнікаў. То цяпер іх набіраецца амаль паўтысячы. Заяўлена больш за 30 рыцарскіх клубаў і 30 рамесных майстэрняў з Беларусі, Расіі, Украіны, Даніі.

– Найбольш здзівіла майстрыха з Даніі. Яна стварае беларускае народнае адзенне. Збіраюцца прыехаць пару чалавек з Піцера. Іх зацікавіла менавіта ВКЛ, – кажа Юры.

 Фота з сайта vialejka.info

Фота з сайта vialejka.info

Замчышча з пакоем пакут

Месца для фэсту выбралі  прыгожае: па левы бок – рака, справа – прылесак.

У Ніжнім парку збіраюцца пабудаваць сапраўднае замчышча памерам дзесьці 20 на 20 метраў. Агароджанае яно будзе двухметровым плотам з двума вежамі і ўваходнай брамай.

Тут будзе фотазона, дзе размешчаныя розныя даспехі, зброя, вопратка, якую можна будзе прымераць.

–  У самім замку будзе пакой пакут. Тут пакажуць прадметы, які выкарыстоўваліся інквізіцыяй, – расказвае Юры Палонскі. – Прадстаўнікі клубаў усё прадэманструюць, растлумачаць – каб кожны адчуў, што такое сярэднявечча, што гэта не толькі танцы ды гулянкі.

Плюс вялікая этнапляцоўка

Чым будзе адрознівацца фэст ад іншых – вялікай этнапляцоўкай.

– На іншых фэстах гэта не вельмі часта можна пабачыць, – тлумачыць Юры. –  Мы палічылі, што шмат каму не так цікава рыцарства, як паглядзець на вышываначкі, паясы сплесці, гаршчочак зляпіць, спевы паслухаць  і самому паспяваць.

На этнапляцоўцы будуць танцы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы і спевы. Выступяць восем рок-гуртоў, самыя знакамітыя з якіх “Зніч”, “Рокаш” і чатыры народныя гурты. Чакаецца вялікае фаер-шоу і выступленне сапраўднага факіра.

Для аматараў верхавой язды на конях і стральбы з лука запрацуюць конныя выхады і цір. Таксама на фэсце будзе дзіцячая пляцоўка – з батлейкамі, рознымі забавамі і гульнямі для маленькіх, дзе можна будзе пакінуць дзетак пад наглядам педагогаў. На два дні фэсту арганізуюць палатачны лагер для гасцей.

Даведка “РГ” Змяненні ў праграме глядзіце ў групе фэсту “Укантакце”  vk.com/honaru_prodkau

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце