weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
20.06.2015 12:08 ,

Залатая медалістка з Маладзечна: выкупалі ў ванне з сярэбраным медалём – атрымала залаты

Ганна Бондар трымае ў правай руцэ сярэбраны медаль маці, у левай – свой, залаты.

Тры гісторыі выпускніц, якія скончылі школу з залатым медалём. Выпускніца 1993 года і дзве выпускніцы 2015 дзеляцца сваімі гісторыямі.

Туфлі на выпускны падбіраў сябар

Залатая медалістка гэтага года выпускніца школы №2 Настасся Арцюкевіч расказала, што выдатніцай у школе была заўсёды:

– Але “батанікам” ніхто мяне не называў, з аднакласнікамі я сябравала.

Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец, калі ўручаў медаль, спытаўся, куды Настасся бу­дзе паступаць, калі не сакрэт:

– Я адказала, што ў медыцынскі. Бо мару пра гэта з дзяцінства.

Залаты медаль робяць з тампака – сплаву медзі і цынку.

Прыемным бонусам ад атрымання залатога медаля, дзеліцца Настасся, стала нават не запрашэнне паступаць у педагагічны ўніверсітэт, якое падарылі кожнаму медалісту, а пуцёўка на мора, якую падарылі бацькі:

– Яшчэ падарылі ровар і мама сказала: “Чакай яшчэ сюрпрыз ад нас”.

Выпускнога вечара Настасся чакала і рыхтавалася да яго старанна.

Сукенку выбрала белую, а чырвоныя аксесуары да яе – клатч, туфлі – дапамагаў выбіраць сябар. Хлопец хацеў, каб чырвоны колер Настасіных туфляў пасаваў яму  пад ярка-чырвоны гальштук-матылёк.

Настасся Арцюкевіч з сябрам Русланам Залатухіным. Фота забяспечана Настассяй Арцюкевіч.

Настасся Арцюкевіч з сябрам Русланам Залатухіным. Фота забяспечана Настассяй Арцюкевіч.

Выпускная ноч запомніцца Настассі назаўжды:

– Світанак мы хадзілі сустракаць за горад. Вярталіся дадому па цюрлёў­скай шашы і спявалі песню: “Спасибо скажем родителям, ангелам нашим хранителям”…

У сям’і Настасся першая медалістка.

– Калі мама заканчвала школу, закахалася ў тату. Якая тут ужо вучоба была?

Мама атрымала сярэбраны медаль, а я – залаты

– Вось і не вер у прыкметы, – кажа Ганна Бондар, залатая медалістка гэтага года, выпускніца школы № 7. – Калісьці гаварылі, што, каб дзіця расло разумнае, трэба выкупаць яго ў ванне са срэбрам. Мае бацькі так і зрабілі. Апусцілі ў ванначку сярэбраны медаль маёй мамы. Вось выгадавалі залатую медалістку.

Акрамя Ганны, залатыя медалі атрымалі яшчэ шэсць яе аднакласніц.

– Медалі атрымалі заслужана, – кажа Ганна, – бо ўсе дзяўчаты разумніцы і прыгажуні. Я сама ў захапленнні ад сваёй аднакласніцы Паліны Мікульскай. Яна і ў фізіцы разбіраецца, і на музычных інструментах іграе.

Ганна звязаць свой далейшы лёс, як і астатнія аднакласніцы-медалісткі, плануе з медыцынай, хаця ў школе любімы прадмет быў беларуская мова.

А выпускны вечар, прызнаецца Ганна, нічым асаблівым не запомніцца:

– Шкада развітвацца з аднакласнікамі. І толькі.

Каралеву нашага балю выбіраў сам Саладуха

Алеся Клімовіч скончыла школу ў 1993 годзе. І ўспамінае, што тады адгуляла два выпускныя. Першы, звычайны, школьны. Другі зладзілі спецыяльна для залатых і сярэбраных медалістаў у сталовай школы №12.

Каралеву выпускнога балю выбіраў спецыяльна запрошаны на ўрачыстасці Аляксандр Саладуха. А сярэбраны медаль Алеся атрымала ад тагачаснага старшыні Маладзечанскага райвыканкама Генадзя Карпенкі.

На інтэрнэт-аўкцыёнах за сучасны залаты медаль прапаноўваюць 800 тысяч рублёў, залаты медаль узору 1993 года калекцыянеры гатовы набыць  за 3 мільёны рублёў.

– Да медаля давалі яшчэ грашовую прэмію, 10 тысяч рублёў. Не памятаю, на што я іх патраціла, але памятаю, што сума была тады значная.

Алеся Клімовіч. Фота з выпускнога альбома 1993 год. Фота забяспечана Алесей Клімовіч.

Алеся Клімовіч. Фота з выпускнога альбома 1993 год. Фота забяспечана Алесей Клімовіч.

Атэстат з адзнакай дазваляў паступаць, здаўшы толькі адзін экзамен. Алеся выбрала юрыдычны каледж. Напісала дыктоўку па беларускай мове на 5 і паступіла. Каледж таксама закончыла з адзнакай:

– А вось універсітэт з чырвоным дыпломам закончыць не атрымалася, бо выйшла замуж.

Ад сваіх дзяцей, прызнаеца Алеся, яна выдатных адзнак не патрабуе.

Сын Ян у наступным годзе заканчвае школу:

– Ён у мяне ўвесь у творчасці, медаля дакладна не будзе.

У 1993 годзе ў Маладзечне з залатым медалём школу скончылі 84 чалавекі. Як і сёлета, лідарам сярод медалістаў была 10 школа. Тады залаты медаль атрымалі 18 выпускнікоў, сёлета – 8.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце