weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 15° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 15° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
21.06.2015 15:08 ,

Толькі ў чвэрці з правераных на Вілейшчыне калодзежаў вада ў норме па нітратах (парады для чыстай вады)

За калодзежам трэба даглядаць.

Такія вынікі прынеслі даследаванні, што праводзяць Вілейскі рэгіянальны інфармацыйны цэнтр па пытаннях якасці вады і школы раёна.

Амаль паўтара года гэты цэнтр працуе ў сярэдняй школе №3 горада.

– Для інфармавання людзей ён патрэбны. Неабходна, каб чалавек ведаў, якую ваду п’е. А на аснове гэтай інфармацыі мог нешта зрабіць, – расказвае кіраўнік цэнтра настаўніца геаграфіі і біялогіі школы Людміла Анасовіч. – Бо толькі тады, калі захварэем, узнікаюць пытанні “Чаму, адкуль узялося?”.

Тэставанне на ўтрыманне нітратаў вады з калодзежаў, калонак і свідравін у цэнтры праводзяць з дапамогай адмысловых тэст-палосак. Таксама раздаюць гэтыя палоскі ахвотным праверыць ваду.

– Адразу пасля адкрыцця актыўнасць была высокая, людзей звярталася шмат, – расказвае Людміла Анасовіч. – Летась па вясне больш стала звяртацца людзей, калі пачалі выязджаць на лецішчы. Прыязджалі нават летам у вёску, дзе адпачываю. Звяртаюцца ў цэнтр людзі і зараз. Многія даведаліся пра яго праз інтэрнэт-партал watercontrol.by, куды заносіцца інфармацыя пра вынікі даследаванняў.

У большасці калодзежаў – павышанае ўтрыманне нітратаў

Зараз вучні школы разам з настаўніцай у асноўным з кантралююць 10 калодзежаў і калонак. Размешчаныя яны ў Вілейцы і бліжэйшых да горада  вёсках. Даследаванні таксама праводзяць вясковыя школы. І вось якія вынікі прынесла тэставанне больш за 200 калодзежаў на Вілейшчыне:

– У 55% даследаваных калодзежаў гранічна дапушчальная канцэнтрацыя  ўтрымання нітратаў у вадзе перавышаная больш чым у два разы, – прыводзіць статыстыку Людміла Анасовіч. – Калодзежаў, дзе утрыманне нітратаў у межах нормы, да 45 міліграмаў на літр, – каля чвэрці. Перавышэнне ў пяць разоў і больш зафіксаванае ў 19% калодзежаў.

Рэагуюць людзі па вынікі даследаванняў па-рознаму:

 – У некаторых рэакцыя такая: “Пілі мы такую ваду да таго шмат год – і нічога не здарылася”. Але многія прымаюць да ўвагі.

 Па інфармацыі вясковых школ людзі чысцяць калодзежы, убіраюць крыніцы забруджвання. А тыя, хто не ў сілах штосьці зрабіць з калодзежам, прымае іншыя захады: прымяняе фільтры.

Напрыклад, з  Куранца падавалі інфармацыю, што людзі правялі ачыстку – і сітуацыя змянілася да лепшага. Бывае, што людзі правяраюць ваду ў сваім калодзежы і ў суседа. Калі там вада лепшая, то для піцця і прыгатавання ежы выкарыстоўваюць ваду з суседскага калодзежа.

– А ў сябе ваду ці правяралі? – пытаюся ў Людмілы.

– Так. У вёсцы ў мамы правярала. Было павышанае ўтрыманне нітратаў. Сталі выкарыстоўваць фільтр-збан. І пасля фільтра прыкладна ў два разы вада ачышчаецца, утрыманне нітратаў становіцца ў межах нормы. Даюць такія рэкамендацыі: калі яна ўтрымлівае да 250 міліграмаў нітратаў на літр, то два разы рэкамендуюць прапусціць праз фільтр. А калі яшчэ больш, то тады карыстацца для піцця і прыгатавання ежы вадой у бутэльках ці ў суседзяў браць, калі ў іх чыстая.

Кантралююць стан вады ў Віліі

Людміла Анасовіч дэманструе міні-лабараторыю. Фота Алеся Высоцкага.

Людміла Анасовіч дэманструе міні-лабараторыю. Фота Алеся Высоцкага.

У цэнтр прыходзяць не толькі за тэст-палоскамі. Людзі пытаюцца, што можна зрабіць, калі забруджаная вада, як правільна пабудаваць калодзеж. Адказваюць, дзеляцца літаратурай.

Апроч даследавання вады у калодзежах, дзеці вядуць назіранне за станам вады ў Віліі. Гэта ўжо робяць з дапамогай міні-лабараторыі, якая ёсць у цэнтры. 

Даведка “РГ”. Калі падчас даследаванняў выкананыя патрабаванні інструкцыі, то тэст-палоскі дазваляюць дастаткова правільна паказаць наяўнасць забруджвання і  прыблізна ацаніць яго канцэнтрацыю.

Калі тэставанне паказала павышанае ўтрыманне нітратаў, ёсць сэнс звярнуцца ў мясцовы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі для правядзення больш грунтоўнага аналізу.

Паводле экалагічнага грамадскага аб’яднання “ЭНДО”

Асноўныя парады ад Людмілы Анасовіч для правільнага калодзежа

У раёне метраў 20-ці не павінна быць ніякіх крыніц забруджвання: хлява, ямы для каналізацыі, агарода. Уладкуйце прыбіральні і месцы захоўвання гною так, каб выключыць пранікненне забруджвальных рэчываў у грунтавыя воды.

Не дапускайце, каб у калодзеж трапляла смецце.

На прысядзібным участку выкарыстоўвайце мінімальную колькасць угнаенняў і адмоўцеся ад пестыцыдаў.

 Калі калодзеж неглыбокі, рэкамендуецца яго паглыбіць.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце