weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 19° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 19° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
29.06.2015 15:37 ,

Як зрабіць, каб камень у руках распадаўся на часткі, навучыўся майстар з Абадоўцаў

Генадзь Шалуха стаіць каля варот. І вароты, і дом ён пабудаваў сам.

Сабраць з поля камяні, раскалоць іх і пабудаваць сабе майстэрню? Думаеце, немагчыма? Майстар з Абадоўцаў Генадзь Шалуха зрабіў сабе такую за два месяцы.

Яго з дзяцінства вабіла спадчына пана Багдановіча, які жыў у абадоўскай сядзібе. Тое, што было ім пабудаванае, цяпер пераважна разбуранае. А была ў Раёўцы кардонная фабрыка, якую пан нібыта выйграў у карты. У Абадоўцах яго маёнтак спалілі ў вайну партызаны. Як і іншыя заможныя прадстаўнікі родаў, з’ехаў, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад СССР.

– Я вясковы чалавек, абадоўскі, тут нарадзіўся і жыву. Год 20 таму было каля 15 будынкаў Багдановічаў, засталося, можа, пяць. Яны былі проста прыгожыя, цяпер такіх не будуюць. Толькі зносіць умеюць.

Дзядуля працаваў у Багдановіча і часта расказваў унуку гісторыі пра пана. У таго была вінакурня, сыраварня, у сажалцы разводзіў рыбу. Яе было столькі, што дзед граблямі лавіў.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

На веснавую пасяўную спачатку сеялі лю­дзям, а пасля ўжо панскую гаспадарку засявалі. З розумам так рабіў, каб людзі не разрываліся і маглі добра працаваць на Багдановіча.

– Як расказваў дзед, той быў разумны і сапраўдны гаспадар. І сад быў, плоданасіў. Быў бы цяпер гаспадар – сок бы ціснулі.

Пытаемся, ці баліць душа па высечаных садах і разбураных будынках:

– Ха, не тое слова, таму і настрой такі. Цяпер і будынкі зносяць, і сады высякаюць. Дзе быў сад, цяпер баршчэўнік кругом.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Майстэрня, якую майстар пабудаваў з камянёў. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Майстэрня, якую майстар пабудаваў з камянёў. Фота Аляксандра Манцэвіча.

У кожнага каменя свой малюнак

Калі разбіралі старыя будынкі Багдановіча, камяні выкідалі проста ў поле. Майстар збіраў камяні і паспрабаваў скарыстаць у сваёй гаспадарцы. Два месяцы толькі вучыўся калоць камяні. А пасля за два месяцы і майстэрню зрабіў.

Ён глядзеў панскія будынкі – відаць, што долатам білі. Але як самім калоць камяні? З сябрам Лёшам чыталі і літаратуру, і ў інтэрнэце шукалі. Спрабавалі заліваць адтуліну вадой, награваць, але ўсе спосабы аказаліся недарэчнымі. А навучыліся майстры пакараць камень дзякуючы выпадковасці.

Такія колышкі заганяюць у камень. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Такія колышкі заганяюць у камень. Фота Аляксандра Манцэвіча.

– Спачатку ніяк не маглі даць рады, малацілі кувалдамі, што дурні. Перфаратарам свідравалі адтуліны. Свідраваць неглыбока трэба, на сантыметраў 7-8. Уставілі калкі. Але для іх трэба падабраць метал – спачатку то гнуўся, то крышыўся. Паспрабавалі сталь. Кувалдай забілі. У кожнага каменя ёсць малюнак, трэба пры гэтым яго ўлічваць. А самую хітрасць мы зразумелі праз тыдні два, як намахаліся кувалдай. Камень не паддаваўся, загналі кліны.

Селі з Лёшам пакурыць, чуем, нешта стала патрэскваць: трэсь-трэсь, трэсь-трэсь… Нарэшце: “Лоп!” – і камень сам разваліўся. Праз напружанне паддаўся. Так што трэба падагнаць і вычакаць час, 2-5 хвілін, тады камяні самі развальваюцца.

Цяпер мужчыны могуць раскалоць камяні любога памеру. За ты­дзень накалолі  на ўсю майстэрню. Многія прыязджалі і дзівіліся майстэрству, адзін нават паспрабаваў сам раскалоць камень, але праз колькі хвілін кінуў.

Генадзь марыў пабудаваць штосьці больш велічнае ў гэткім жа стылі, як будынкі Багдановічаў. У ідэале паставіў бы прыгожую будыніну, яшчэ адну, на якую б і праз гадоў 200-300 глядзелі б.

Зроблены сваімі рукамі столік. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Зроблены сваімі рукамі столік. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Зямля і дрэва

Генадзь майструе вырабы з дрэва. Можа зрабіць драўляную калону, трайную канапу, столікі. Асноўны занятак – распілоўка лесу. Генадзь мае сваю гаспадарку “Садок”, якую ў 2001 годзе арганізаваў як фермерскую гаспадарку.

Працавала каля 80 чалавек, тэхніка, атрымлівалі добрыя заробкі.

– Гэта прыцягнула ўвагу – праверкі прыязджалі па некалькі разоў на месяц, – кажа Генадзь.

Цяпер ў гаспадарцы працуе пераважна два чалавекі. А энтузіязму не засталося зусім.

Генадзь Шалуха. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Генадзь Шалуха. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Марыць пра Аўстралію

У Генадзя з жонкай Таццянай трое дзяцей. Дачка Жэня заканчвае БНТУ, выйшла замуж. Сын Ваня пачаў вучыцца ў БНТУ. Малодшая Ксюша закончыла другі клас Ільянскай школы.

У дзяцінстве Генадзь шмат кніг чытаў пра Аўстралію, нават бумерангі майстраваў, толькі не вельмі атрымліваліся. Пабачыць гэты кантынент ён вельмі хацеў бы. Стрымлівае не толькі тое, што білет дарагі, але і тое, што з родных Абадоўцаў і так раз’ехалася большасць жыхароў. Нават з утаптанымі ў зямлю марамі ў душы застаецца да яе сантымент.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце