weather 8° Маладзечна
weather 8° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 8° Ашмяны
weather 11° Валожын
weather 8° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4592
1 долар 2.0055
100 рас.руб. 3.2428
30.09.2015 14:35 , AЎТАР(Ы): Алесь ВЫСОЦКІ

Вугроў везлі ў спецкантэйнеры і на маленькай хуткасці. Упершыню за 10 год возера ў Нарачанскім краі зарыбілі вугром

У возера Свір выпускаюць вугра.

Апошні раз нарачанскія азёры зарыблялі вугром у 2005 годзе. А 10 верасня ў возера Свір выпусцілі больш за 4500 малявак вугра.

Нерастуе вугор за многія тысячы кіламетраў ад Нарачы – у Саргасавым моры. Лічынкі вугра, падхопленыя цёплым цячэннем Гальфстрым, нясуцца да берагоў Еўропы. Гэты шлях займае некалькі год.

– Але да нарачанскіх азёр вугор даўно не здольны даплыць. Таму што на буйных рэках пабудаваныя гідраэлектрастанцыі і плаціны. Таму і трэба праводзіць зарыбленне, – тлумачыць навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку “Нарачанскі” Вольга Яжова. – Некаторыя віды рыб трапляюць у нарачанскія азёры рэгулярна: іх вырошчваюць ва ўласным рыбагадавальніку ці купляюць у рыбагадоўчых гаспадарках. А вугром азёры даўно не зарыблялі з-за адсутнасці ўласнага пасадачнага матэрыялу і высокага яго кошту.

Падгадаваны ў Беларусі вугор замест англійскага

Дзесяць год таму лічынкі вугроў дастаўлялі ў Беларусь самалётам з Лондана. Цяпер жа ў возера Свір пасялілі вугра, падгадаванага ў Беларусі: упершыню пасадачны матэрыял вугра для зарыблення нарачанскіх азёр вырашчаны ў спецыялізаванай рыбагадоўчай фермерскай гаспадарцы “Актам Фіш” з Мёрскага раёна.

– З Вялікабрытаніі дастаўлялі лічынкі, а тут быў падгадаваны вугор. Шанцы для яго выжывання ў возеры значна большыя, – кажа Вольга.

Фота забяспечана Нацыянальным паркам “Нарачанскі”.

Фота забяспечана Нацыянальным паркам “Нарачанскі”.

Фінансавалася зарыбленне з абласнога бюджэту. Аперацыя па дастаўцы малявак вугроў да возера была незвычайная. Удзельнічалі ў ёй каля дваццаці чалавек. Калі любую рыбу можна закінуць проста ў кантэйнер, то для вугроў стваралі асаблівыя ўмовы. Транспартавалі іх у спецыяльным кантэйнеры. Ваду туды забіралі з акварыумаў, дзе вугры гадаваліся. У сярэдзіне кантэйнера борцікі зрабілі: трэба, каб вада мінімальна боўталася. І везлі акуратна, на маленькай хуткасці.

У Свір выпусцілі вугроў даўжынёй ад шасці да 60 сантыметраў. Ім спатрэбіцца  ад трох да пяці год, каб вырасці да прамысловых памераў.  За гэты час яны  могуць рассяліцца па бліжэйшых рэчках і ў возеры Вішнеўскае. 

Даведка “РГ” Вэнджаны вугор – вядомы нарачанскі далікатэс, для многіх турыстаў – адзін з сімвалаў адпачынку на Нарачы. Улетку ў краме ў курортным пасёлку Нарач (Купа) кілаграм вэнджанага вугра каштаваў 600 тысяч рублёў.

Фота забяспечана Нацыянальным паркам “Нарачанскі”.

Фота забяспечана Нацыянальным паркам “Нарачанскі”.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце