weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather 13° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 0° Мядзел
weather 13° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4458
1 долар 2.1112
100 рас.руб. 3.2211
02.01.2016 16:21 ,

Гараскоп на 2016 год па знаках задыяка: вам будзе свяціць шчаслівая зорка

Фота: google.by.

Якія б праекты вы ні задумвалі, якія б планы ні складалі, усё будзе рэалізоўвацца пры адной умове – сумленнасці. Толькі маючы пачуццё маральнай адказнасці за свае паводзіны, учынкі перад навакольнымі людзьмі, грамадствам, можна разлічваць на поспех.

Авен

2016 год дае вам шыкоўны шанс змяніцца ў лепшы бок. Вы любіце ва ўсім верхаводзіць, даказваць сваю перавагу. Але ад гэтага эмацыйныя спады, нават дэпрэсія. Пастарайцеся не раздражняцца на навакольных людзей. Стрым­лівайце негатыў і не накоплівайце крыў­ды. Калі з блізкімі ў вас адбыўся разлад, то лепей знайсці кампраміс. Хаця з некаторымі асобамі варта разарваць адносіны і разысціся ў розныя бакі. “Адпусціце” мінулае, каб з аптымізмам рухацца наперад. Адзінокім трэба зрабіць рашучыя крокі. Узяты ў гэтым годзе шлюб будзе шчаслівы. Год спрыяльны ў фінансавым плане і ў адносінах кар’еры. Але не бярыце крэдыты і не пазычайце грошы. Плануйце работу і адпачынак, тады сіл, жадання і энергіі хопіць на ўсё. А яшчэ: кардынальна мяняйце імідж і менш аглядвайцеся на мінулае жыццё.

Цялец

Клопатаў у вас будзе шмат, і практычна ўсе яны прынясуць станоў­чы вынік. Вы ўжо калі ўпрагаецеся ў работу, то і ўзнагарода не прымусіць сябе чакаць – і не важна, на якім полі дзейнасці. Толькі знаходзьце час на паўнацэнны адпачынак, бо толькі тады будзеце мець моцнае здароўе і цудоўны настрой. У гэтым годзе вам дазволена ўсё – мяняць работу, кватэру, жаніцца і разводзіцца, заводзіць дзяцей – практычна ўсе пачынанні будуць мець добры вынік. Парада для адзінокіх: не заводзьце раман з тымі, з кім не плануеце сваю будучыню. Прытрымлівайце свае пачуцці для таго чалавека, якога шчыра пакахаеце. У фінансавым плане зоркі раяць не рызыкаваць і “не смеціць” грашмі. Вам варта праявіць сябе ў духоўнай сферы, ды і самім вам хочацца паказаць сябе з маральнага боку. І не бойцеся адказваць на каверзныя пытанні, якія паставіць перад вамі жыццё.

Блізняты

Новы год запатрабуе ад вас хуткага прыняцця рашэння. Вогненная Малпа падвергне сумненню вечнае ваша ваганне і будзе ўважліва назіраць, як вы, такія няўпэўненыя, спраўляецеся з тым, што прадвызначана лёсам. Выдатны час для творчасці і самарэалізацыі, вам будзе дадзена шмат сітуацый, калі можна праявіць сябе і знайсці сваю дарогу. Год адкрывае бязмежныя магчымасці росту, але, галоў­нае, разгледзець іх. Бу­дзе дастаткова многа складаных дзён, калі вас можа захліснуць дэпрэсія. Але ў тых, хто ўмее ўсяго сябе цалкам аддаць любімай справе, дэпрэсіі не бывае. Вы лёгка адносіцеся да матэрыяльных даброт і спакойна расстаяцеся з грашмі. А ў гэты год грошы будуць проста плысці вам у рукі. Адказнасць за здароўе ляжыць на вас саміх. Не трэба раскісаць, калі адчуеце стомленасць, проста адпачніце, і будзьце ўважлівыя, каб не запусціць хваробу.

Рак

2016 год прымусіць вас адмовіцца ад звычкі вечна адступаць назад. Наадварот, усе падзеі года будуць падштур­хоў­ваць вас, такіх асцярожных, дзейнічаць. Настойлівых чакае поспех ва ўсім. У рабоце знешне ўсё будзе выглядаць даволі стабільна і спакойна, а ў плане фінансаў прыйдзецца папацець. Але ў другой палове года зоркі прадракаюць выдатнае матэрыяльнае становішча. Асабліва, калі вы не страціце такія якасці, як праўдалюбства, сумленнасць, практычнасць. Спрыяльны час для змены месца жыхарства, для пакупкі дома. Прысвяціце год свайму аздараўленню, гэта будзе не лішнім. Зоркі раяць звярнуць увагу на страўнік і стрававальную сістэму, правільна харчавацца. Нават на рабоце старайцеся на 10-15 хвілін цалкам адключацца і даваць сабе невялікі адпачынак. А на любоўным небасхіле Вогненная Малпа не дазволіць з’явіцца ніводнай аблачынцы, ніводнай хмарцы.

Леў

2016 год для вас спрыяльны ва ўсіх адносінах, а для некаторых ён стане проста цудоўным. Адзінае, што вам трэба бу­дзе зрабіць, дык гэта стаць больш шчырымі, спагадлівымі ў адносінах да тых, хто вас акружае. Год абяцае быць удачным у плане фінансаў, асабліва пад канец. Калі першая палова года абяцае зацішша, то другое паўгоддзе можа выдацца вельмі бурным. Гэта час, калі можна смела мяняць работу, рабіць кар’еру і складаць перспектыўныя планы. У другой палове года з’явіцца стойкае жаданне перавярнуць увесь свой свет. Трэба да гэтага падыходзіць узважана, бо тут галоўнае, не наламаць дроў. Але памятайце, што трэба даражыць тым, што маеце. Яшчэ вы будзеце заклапочаныя сабой, вам захочацца памяняць усё – прычоску, гардэроб, знешні выгляд. Лепшы сродак ад хвароб: камфортны адпачынак і цёплая абстаноўка ў сям’і.

Дзева

Для вас 2016 год знакавы, калі адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў. Для тых, хто справіцца з гэтай задачай, чакае ўзнагарода, напрыклад, у выглядзе новай пасады ці папаўнення ў сям’і. Два гады запар у вас адбываліся кардынальныя перамены. Год 2016 павінны паставіць кропку ў гэтым працэсе. Малпа прымусіць самакрытычна паглядзець на сябе, пераацаніць каштоўнасці, якія здаваліся непарушнымі, па-новаму паглядзець на сяброў, калег, навакольны свет. Калі вы да гэтага аднесяцеся несур’ёзна, то ў будучыні можа з’явіцца шмат праблем. Сямейным трэба быць асцярожнымі, каб не справакаваць сур’ёзных канфліктаў. Зоркі раяць адгарадзіць сябе ад зносін з людзьмі, якія нагадваюць вам пра мінулае, каб зноў і зноў не перажываць не самыя прыемныя падзеі ў жыцці. Нябёсы падораць падтрымку вашых пачуццяў і надзею на тое, што ўсё будзе добра.

Шалі

Для вас гэты год гарманічны і спакойны. Ніводнага воблачка на небасхіле, тым больш ніякіх хмар. Год пройдзе настолькі роўна, спакойна і стабільна, што гэта знешняя цішыня прымусіць вас задумацца – а ці ўсё так добра? За кожным, нават дробным канфліктам вы будзеце бачыць двайное дно, любое прыняцце рашэнняў будзе давацца цяжка. Усім вам трэба пераадолець свае страхі і паглядзець на гэты свет прасцей. Выдатны год для куплі нерухомасці і ўкладання інвестыцый у доўгатэрміновыя праекты. Але будзьце пільныя. Цудоўны год для блізкіх ці далёкіх падарожжаў – можна ўжо планаваць паездкі, атрымаеце шмат станоў­чых уражанняў. Вы павінны думаць пазітыў­на, каб не прыцягваць да сябе “чорную” паласу, бо нават самыя сур’ёзныя хваробы паддаюцца лячэнню. Памятайце пра гэта і ніколі не панікуйце. Радуйцеся жыццю, і жыццё будзе радаваць вас.

Скарпіён

Вы ўвесь год праве­дзяце ў пошуках унутранай ідыліі. Вам захочацца перагледзець усе каштоўнасці і занава расставіць прыярытэты. Можа здавацца, што ўсе, пачынаючы ад начальніка на рабоце і заканчваючы членамі сям’і, прад’яўляюць да вас завышаныя патрабаванні. Знайдзіце з гэтага выгаду – падыміцеся на больш высокую прыступку свайго развіцця. Калі вы задумаеце частку працы перакласці на некага іншага – вам гарантаваны правал. Калі ж вырашыце ўзяць на сябе павышаныя абавязацельствы – удача ўзнагародзіць вас шчодра. І тады год прынясе шмат прыемных момантаў. Усё будзе адбывацца нечакана, і ваш унутраны свет ад добрых паваротаў лёсу напоўніцца толькі станоўчай энергетыкай, вашы мары рэзка пачнуць рэалізоўвацца і станавіцца явай. І клапаціцеся пра зда­роўе, бо акрамя вас ніхто гэтага не зробіць.

Стралец

2016 год удачны для вялікіх мэт. Год Казы прымусіў вас паднапружыцца, і год Малпы бу­дзе працягваць трымаць вас у жыццёвым тонусе. Тым, хто не кінуў свае напрацоўкі на паўшляху, год шчодра аддзячыць. А тым, хто любіць сячы з-за пляча, трэба прытрымаць свой востры язычок. Часам хітрая Малпа будзе правакаваць вас на шчырыя размовы і высвятленне адносінаў, якія могуць закончыцца буйной сваркай. Таму вам парада – думайце, думайце і яшчэ раз думайце. Поспех у любой справе бу­дзе залежаць ад таго, наколькі глыбока, хутка, дакладна вы зможаце пранікнуць у сутнасць падзей і з’яў, якія перашкаджаюць вам “развярнуцца”. Тыя з вас, хто сочыць за даходамі і расходамі, могуць быць спакойныя, бо ведаюць свае здольнасці і могуць лёгка планаваць грандыёзныя пакупкі. Іншым жа праблем не пазбегнуць. Будзьце дальнабачнымі.

Казярог

Ветраная і пераменлівая Малпа трохі недалюблівае дысцыплінаванага Казярога, таму вам 2016 год падкіне мноства складаных задач, у якіх адразу будзе некалькі рашэнняў. Выбраць з іх самае правільнае і бяспечнае – ваша задача. Але гэты досвед толькі зробіць вас яшчэ разумнейшым і яшчэ больш моцным. Нягле­дзячы на складаныя задачы, год абяцае быць шчаслівым. Вы ж той знак, які любіць караскацца на вяршыню гары і пераадольваць любыя перашкоды, так што вас нічога не спужае. Год унясе і некаторыя карэктывы ў ваша жыццё – менавіта Малпа вам пакажа, што можна паваляцца на канапе, патраціць сваё распланаванае жыццё на зусім легкадумныя вечарынкі, святы. І вам знешне бу­дзеце страшна ад такога бессэнсоўнага марнатраўства жыцця, а ў глыбіні душы будзеце радавацца за падораныя га­дзіны бесклапотнасці і весялосці.

Вадалей

Для вас наступае цудоўная пара для творчасці і натхнення. Гэта той час, калі па сілах будзе рэалізацыя самых дзівацкіх, шалёных ідэй. Ваш знак – гэта знак летуценніка, а Малпа – вынаходлівая асоба. Таму ёсць шанец свае мары ўвасобіць у жыццё. Зоркі раяць узур’ёз падумаць пра доў­гатэрміновыя адносіны. Няўжо вам не надакучылі мімалётныя сувязі. Вы павінны аб’ектыў­на паглядзець на рэчы і заняцца пошукам другой палавінкі. Ідэальных людзей няма, а каханне заўсёды ў прыярытэце. Калі вы задасцеся мэтай, то ў гэтым годзе возьмеце шлюб. З пункту гледжання ізатэрыкі, 2016 год будзе пераломным для многіх з вас. Хутчэй за ўсё, вы пяройдзеце на новы ўзровень ўсведамлення гэтага свету. І не ігнаруйце знакі, якія пасылае вам сусвет: яны падкажуць, куды рухацца далей у рабочым плане, ад каго варта трымацца як мага далей і каму давяраць.

Рыбы

Мінулы год для вас не абышоўся без стрэсаў, а 2016 год прынясе спакой. У вас з’явіцца непераадольнае жаданне штосьці змяніць у сваім жыцці, ці то месца жыхарства, работу, захапленні ці звыклы лад жыцця. Смела скарыстайцеся такім шанцам – год спрыяльны ў плане перамен да лепшага. Увогуле ідэальны час, калі можна ў корані змяніць сваё жыццё. Вашы няўпэўненасць і вечную бегатню Малпа накіруе ў патрэбнае рэчышча. Спрыяльны год і для тых, што вырашыў звязаць сябе вузамі Гіменея. А для тых, хто яшчэ не задумваўся пра сям’ю, чакаюць вельмі сур’ёзныя любоўныя раманы і адносіны. А яшчэ чакаюць прыемныя сюрпрызы, спакуслівыя моманты і незабыўныя знаёмствы з новымі людзьмі. Зоймецеся вы і абагачэннем духоўнага боку жыцця. Не ігнаруйце дробязі і прыглядайцеся да лёсавызначальных знакаў.

Беларускі Дзед Мароз завітаў у пад’езд аднаго з дамоў у Маладзечне і пакінуў падарунак

Зімовыя пейзажы раніцы на Валожыншчыне (Фота)

Ліст Дзеду Марозу ад трох пакаленняў адной сям’і


Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – індывідуальны прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Час імгненна ляціць наперад. Каб зрабіць усе справы, сучасны чалавек мяняе свае звычкі і абстаноўку вакол сябе.

Каб паспяваць за часам, мы робім для вас мэблю больш функцыянальнай і кампактнай, але ў тую ж чаргу змяшчальнай.

У студыі мэблі “Элета” вы можаце набыць кухні, шафы, дзіцячыя, гардэробныя, замовіць адкатныя дзверы. Стварыць непаўторны стыль дапаможа мэбля па індывідуальным праекце.

З мэбляй ад студыі “Элета” ваша жыццё стане больш камфортным.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Вэлком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце