weather 22° Маладзечна
weather 22° Вілейка
weather 24° Смаргонь
weather 22° Ашмяны
weather 24° Валожын
weather 22° Мядзел
weather 24° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.2898
1 долар 1.9706
100 рас.руб. 3.1632
07.01.2016 23:56 ,

Галіна Буркевіч: Пра міліцыянера і дзяўчынку ў магазіне

У савецкім магазіне.

Мая вёска, дзе я нарадзілася, дзе прайшлі маё дзяцінства, юнацтва, была не зусім малая. У ёй былі школа, бібліятэка, клуб, магазін. І ўсюды працавалі дзяўчаты, жанчыны. А вось з мужчын было двое – адзін ветэрынар, а другі – міліцыянер, звалі яго дзядзька Мікола.

Колькі жыла, столькі памятала яго ў міліцэйскай форме. Дзядзька ён быў памяркоўны, не памятаю, каб каго штрафаваў ці пасадзіў, хаця п’яных у нас было нямала. 

Мне здавалася, што насіў ён форму адну і тую ж. Мужыкі, хутчэй за ўсё п’яніцы, далі яму мянушку Ваявода. А прычапілася яна да яго пасля аднаго выпадку. 

Было так. Ехаў аднаго разу Ваявода на сваім дрындулеце па зімовай дарозе, мароз градусаў мо з 20. Бачыць, ідзе паціху конь кірункам у вёску, вязе пустыя сані.

Кінуў тады Мікола дрындулет, спыніў кабылку, пазнаў, што на ёй ездзіў вясковы п’яніца, развярнуў ды паехаў туды, адкуль ішла жывёліна. А тут і гаспадар знайшоўся – ляжаў на снезе, адна нага босая.

Ускінуў п’янага чалавека на сані, праехаў, знайшоў абутак і даставіў гаспадара ажно ў хату, выратаваў яго ад смерці. Але, як кажуць, навальніца ў лес не хо­дзіць. Дачуўся п’яны чалавек пра свой учарашні выпадак, кажуць, моцна перажываў, кляўся жонцы, што больш гарэлкі ані-ні, уладкаваўся на работу вазіць хлеб на кабылцы Мілцы з пякарні (па суседстве вёска) у наш магазін.

Ну, і праўда, ці то дождж, ці снег, а яны былі роўна ў 11 гадзін раніцы каля магазіна. Тут ужо абавязкова куча народу, усе чакалі хлеб. Вазіў чалавек хлеб у драўлянай скрыні, якая была абабітая звонку белай бляхай. Вось, напэўна, у гэты момант і з’явілася ў нашага дзядзькі Колі мянушка Ваявода. З той пары ніхто не клікаў дзядзьку Колю па імені, а калі хто скажа Ваявода, то ўсе ведалі, што гэта наш участ­ковы.

Ну дык вось 11 гадзін, чарга выстраілася, кожны пільнаваўся свайго суседа, усе ж аднавяскоўцы. Але такая была завядзёнка: хочаш купіць хлеб – стань у чаргу і цярпліва чакай. Хлеб разгружалі хутка, знаходзіліся добраахвотнікі дапамагчы, затое ім прадавалі першым. 

Чарга ішла спакойна, ціха, толькі чуваць было, як падбівае рахунак магазіншчыца, як стукаюць костачкі на лічыльніках. Раптам у краму ўлятае дзяўчо. У адной ручцы яна трымае сетку-авоську, у другой – паперку, а ў кулачку – грошы. Яна стрымгалоў падляцела да магазіншчыцы, паклала на прылавак паперку і грошы і, моцна шапяляючы, залапатала: 

– Во гэта ўсё, сто я павінна купіць, ясцэ хлеб і канселву. 

Тая калі глянула на спіс, сказала: 

– Тут жа многа, як ты данясеш?

– Ніцога, я дузая.

– Не магла мама прыйсці?

– Мама не магла плыйсці, яна любіць лаботу.

– Ну і што ж яна такое робіць, – не ўнімалася загадчыца магазіна.

– Яна лобіць галэлку.

А ў той час у нас было вельмі цяжка з гарэлкай. Наляталі з раёна, шукалі, штрафавалі, саджалі…

Чарга ўміг звярнула ўвагу на Ваяводу. А ён неяк разгубіўся спачатку, але падышоў да малой, пагладзіў яе па галоўцы, спытаўся:

– А яе цябе завуць?

– Малына.

– А дзе ты жывеш?

– А я паказу, во гля­дзі, дзе вялікая бялоза, а там сіняя лаўка.

– А што, бацька п’е гарэлку?

– П’е бывае, але мама яму не дае.

– А навошта тады вам гарэлка?

– Насто, насто, а мы заўтла выкупілі ў ладзіцельскім доме майго блаціка, а мама сказала: “Ну як цяпел без галэлкі?

Дыялог скончыўся. Малая выйшла з магазіна, закінула авоську праз плячо на спіну і пашыбавала дахаты. Чарга застыла ў чаканні. Ваявода выйшаў за малой, спыніўся, зняў шапку, пачухаў патыліцу, надзеў шапку, развярнуўся на месцы і пайшоў у супрацьлеглы бок.

Як кравецкая справа дапамагла прайсці вайну Івану Капцюгу з Вілейкі

Дзяржаўная медыцына падаражэла: глядзіце новыя цэны на дыягностыку, медыцынскія даведкі

Адпачываем на выхадных. Кіно: вы гатовы выжыць для помсты ці рызыкнуць жыццём і адгадаць, хто мафія?

Нобель? Не, не чуў. Што адказвалі ў Маладзечне на пытанне: «Як вы ставіцеся да нобелеўскай прамовы Алексіевіч?» (Відэа)

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце