weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.312
1 долар 1.9886
100 рас.руб. 3.1609
07.01.2016 22:29 ,

Як кравецкая справа дапамагла прайсці вайну Івану Капцюгу з Вілейкі

Фота: забяспечана Анатолем Капцюгом.

Спачатку ён працаваў на зямлі, каб карміць сям’ю, партызан і акупантаў. Пасля прызвалі ў войска, але выпадкова не паспеў на цягнік, які вёз у армію.

Вызваліўся са штрафбата і апынуўся ў артшколе, дзе дапамагла кравецкая справа. Зімаваў на зямлі на ленінградскім фронце, а ў Прыбалтыйскім шыў парадную форму да перамогі з бляшанкі амерыканскай тушонкі і тэлефоннага кабелю.

Гісторыю свайго бацькі, якая пачынаецца ад гэтага фотаздымка, распавядае дзядзька Анатоль Капцюг.

Гэты фотаздымак знаходзіўся сярод папер і дакументаў майго бацькі Івана Рыгоравіча Капцюга, якія мне давялося прыводзіць у парадак, калі яго не стала ў 2002 годзе. Тое, што ён беражліва захоўваўся сярод асабістых дакументаў, а не з мноствам іншых фотакартак у сямейным альбоме, паказвала на важнасць для бацькі падзеі, адлюстраванай на здымку. На адваротным баку яго рукой быў зроблены надпіс лацінкай “Pamiaci nauki kravieckaj 1938 r.”.

З ранейшых аповедаў бацькі ведаў, што ён са сваім сябрам Уладзімірам Гулецкім ву­чыў­ся кравецкай справе ў вёсцы Заброддзе ў мясцовага майстра. Фотаздымак яўна пастановачны, зроблены на вуліцы пад хатай: на сцяне прыгожыя даматканыя посцілкі, хлопцы вельмі сур’ёзныя і апранутыя па-святочнаму, на кравецкім стале непатрэбныя ў гэты момант прас на вуглях і нейкі музычны інструмент. Бачна, што яны вельмі ганарыліся сваёй навукай.

Фотаздымак зрабіў невядомы фатограф-вандроўнік летам 1938 года, за год да пачатку Другой сусветнай вайны. І, як высветлілася, “кравецкая навука” ў значнай ступені аблегчыла яго жыццё на гэтай кровапралітнай вайне, на якой ён застаўся жывым і нават не параненым.

Успаміны пра вайну: спачатку цішыня, пасля з гумарам

У 50-я гады мінулага стагоддзя, у той час я яшчэ быў малым хлапчуком, у дамах не было тэлевізараў з ваеннымі серыяламі, мастацкіх фільмаў аб вайне было мала, а калі і былі, то нейкія несапраўдныя. Адны артысткі ды лётчыкі і ўсе спяваюць, а салдат няма. Я нярэдка прасіў бацьку і іншых сваякоў, якім давялося ваяваць, расказаць што-небудзь пра вайну. Яны адразу станавіліся задуменнымі, і адказ быў аднолькавы – табе яшчэ рана, ты нічога не зразумееш.

Напэўна, яны самі яшчэ да канца не зразумелі, што такое вайна, каму яна патрэбная, за што загінулі мільёны маладых і дужых хлопцаў па абодва бакі фронту. Мяркую, яны ў той час моўчкі радаваліся, што засталіся жывымі. Калі вайна аддалілася больш чым на сорак гадоў, яны, ужо ветэраны, пачалі з ахвотай дзяліцца ўспамінамі між сабой і з іншымі.

На Дзень Перамогі ці на якое іншае свята звычайна заходзілі ў госці да бацькоў мае дзядзькі Аляксандр Васільевіч Сільвановіч і Аляксей Паўлавіч Круцько. Калі я прыязджаў у гэты дзень наведаць ужо не маладых бацькоў, распачыналіся аповеды аб жыцці салдата на вайне, аб усялякіх цікавых і смешных выпадках, у тым ліку для мяне, самага ўважлівага слухача. Бывала, аповеды прадаўжаліся да позняга вечара.

Успаміналі весела, з гумарам. Ці ж не смешна – зімой пад Псковам, ноччу заблудзіўшы ў моцную завіруху, трапіў у нямецкія акопы.

Вартавыя ад ветру і снегу, сабраўшыся разам, схаваліся ў куце траншэі пад брызентам і ціхенька размаўлялі, напэўна, аб сваёй нялёгкай долі. Не заўважылі! Па­чуў нямецкую гаворку, імгненна выскачыў з варожай траншэі і пабег, адкуль узяліся тыя сілы. Ды так пабег, што праскочыў свае акопы. Там таксама не заўважылі, і толькі раніцай, як пасвятлела, знайшоў сваю батарэю.

Ці выпадак з дзядзькам Аляксандрам. Бралі Берлін. З крыкамі “за Радзіму, за Сталіна” беглі ў атаку. Раптам пачуў, сябра нешта крычыць і паказвае на нагу. Глянуў, у назе, ніжэй калена, тырчыць вялікі асколак ад міны, а бот поўны крыві. Як убачыў, адразу страціў прытомнасць. Трапіў у шпіталь, а то мог бы і да Берліна з асколкам дабегчы, каб не ўбачыў. Медаль за ўзяцце Берліна ўсё ж такі атрымаў. Яшчэ ён быў узнагароджаны медалямі за ўзяцце Кёнігсберга, Варшавы і Прагі. Такіх вясёлых выпадкаў і здарэнняў у іх салдацкім жыцці было мноства, аповеды прадаўжаліся не адзін год.

З часоў аповедаў ветэранаў прайшлі яшчэ два дзесяткі гадоў. Ужо няма сярод нас тых, чые ўспаміны я ўважліва і з захапленнем слухаў. Сёлета, у год 70-годдзя Перамогі і стагоддзя ад дня нараджэння майго бацькі, я паспрабую ў больш-менш храналагічным парадку пераказаць тое, што засталося ў памяці з яго аповедаў пра франтавое жыццё і як на яго паўплывала кравецкая навука.

Іван Рыгоравіч Капцюг на куранецкім прызыўным пункце 26 лістапада 1940 года. Фота раней не друкавалася. Фота забяспечана Анатолем Капцюгом.

Іван Рыгоравіч Капцюг на куранецкім прызыўным пункце 26 лістапада 1940 года. Фота раней не друкавалася. Фота забяспечана Анатолем Капцюгом.

Пракарміць вайну

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу. Пасля 17 верасня Беларусь аб’ядналася ў адну сацыялістычную рэспубліку. 4 снежня была ўтвораная Вілейская вобласць. 15 студзеня 1940 года вобласць падзеленая на 22 раёны. У тым ліку Куранецкі, з якога 26 лістапада 1940 года бацьку павінны былі прызваць на службу ў Чырвоную Армію, але не прызвалі.

Бацьку было ўжо 25 гадоў, напэўна, палічылі сталым і нядобрана­дзейным. Ні ён і ніхто з яго сям’і не былі ні кулакамі, ні агентамі замежных разведак, не прымалі ўдзелу ў контррэвалюцыйных арганізацыях, таму бацька прадоўжыў працу на сваёй зямлі.

22 чэрвеня 1941 года Германія знянацку напала на СССР, 24-га немцы ўжо былі каля Вілейкі. Прызваць у войска нікога не паспелі. Пачалося жыццё ў нямецкай акупацыі. Малодшы брат бацькі, Аляксандр, пайшоў у партызаны, а ён застаўся на гаспадарцы, дзед быў ужо стары.

Трэба было карміцца сям’і, карміць партызан, карміць акупантаў, а тыя яшчэ адпраўлялі прадукты вагонамі ў “Фатэрлянд”.

Працаваць давялося цяжка і многа. На пасяўную і ўборку мясцовыя партызаны выходзілі з лесу і дапамагалі сваім сем’ям. Немцы ў гэтыя перыяды сядзелі ў сваіх гарнізонах у горадзе і мястэчках, лішні раз стараліся не вылазіць да канца жніва, у іх таксама была вялікая зацікаўленасць у багатым ураджаі. Толькі 19 ліпеня 1944 года, пасля вызвалення ад немцаў, бацьку прызвалі ў Чырвоную Армію, малодшы брат адразу з партызан пайшоў на фронт.

Навабранцаў грузавіком адвезлі на чыгуначную станцыю Мала­дзечна, пасадзілі ў цягнік і павезлі ўглыб Расіі. Недзе пераапранулі ў вайсковае абмундзіраванне, выдалі салдацкія кніжкі, адправілі ці на папаўненне вайсковых падраздзяленняў на фронт, ці на фарміраванне новых.

Іван Рыгоравіч Капцюг (справа), бацька аўтара публікацыі, і Уладзімір Гулецкі. 1938 год. Фота забяспечана Анатолем Капцюгом.

Іван Рыгоравіч Капцюг (справа), бацька аўтара публікацыі, і Уладзімір Гулецкі. 1938 год. Фота забяспечана Анатолем Капцюгом.

З-за кіпеню стаў дэзерцірам

На адной вузлавой станцыі, перапоўненай вайсковымі саставамі з тэхнікай і людзьмі, цягнік прыпыніўся, некалькі салдат, у тым ліку і бацька, пабеглі да кубавай за кіпенем. Кубавыя – невялікія будынкі з кранамі звонку побач з вакзаламі на чыгуначных станцыях, дзе бесперапынна кіпяцілі ваду. Такія і ў наш час сустракаюцца каля вакзалаў у цэнтральнай Расіі. Ахвотных было многа, узнікла чарга.

Пакуль напаўняў кіпенем кацялок, яго цягнік адышоў са станцыі. Неспадзявана бацька стаў дэзерцірам.

Навошта салдату ў сярэдзіне лета кіпень? У нашых краях у тыя неспакойныя гады мала хто мог прадбачыць свой лёс. Маглі апынуцца ў турме, Сібіры, а большасць – у войску. Амаль у кожнай сям’і на ўсялякі выпадак сушылі сухары. З харчаваннем ў дарозе была напруга. Бацька, як многія іншыя, меў з сабой торбачку з сухарамі.

Такім чынам ён трапіў у “кутузку”. Гэта было невялікае памяшканне на рампе пры чыгуначных складах, без мэблі, толькі печка-буржуйка, зробленая з жалезнай бочкі, пад сцяной. Унутры ўжо было некалькі салдат-навабранцаў, таксама з кацялкамі, і баявы афіцэр, з віду каўказец, з ордэнамі і медалямі. Салдаты панура сядзелі на падлозе пад сцяной, далучыўся да іх і бацька. А афіцэр не мог супакоіцца – як гэта, яго, баявога афіцэра, франтавіка, ды ў “кутузку”. Потым добра пастаўленым камандзірскім голасам загадаў: “Чаго расселіся, хватайце печку, выбівайце дзверы!”. Так і зрабілі, дзе ж такога героя аслухаешся. Дзверы вываліліся, прыціснулі да рампы вартавога з вінтоўкай, а зверху яшчэ і печка навалілася.

Напэўна, умомант усвядомілі, што гэта ўжо не штрафбат, а расстрэл, і кінуліся, як перапалоханыя зайцы, хто куды.

Вартавы не адразу змог выбрацца з-пад дзвярэй і падняць трывогу, часу крыху было, але не для роздуму аб сваім лёсе.

Бацька пабег папярок чыгункі, пралазячы пад вагонамі, не выпускаючы з рук кацялка, па сялянскай звычцы не кідаць патрэбныя рэчы. Бег, пакуль на супрацьлеглым баку дарогу не перагарадзіў адыходзячы са станцыі цягнік. Сваім перапалоханым выглядам вельмі рассмяшыў салдат, якія сядзелі, звесіўшы ногі ў шырока адчыненых дзвярах вагонаў-цяплушак. Некалькі салдат падалі рукі і ўцягнулі ў вагон. Цягнік няспешна адышоў ад непрыхільнага для бацькі месца. Расслабляцца было рана, але паразважаць пра свой незвычайны лёс можна.

Кравец у артшколе

Па дарозе, крыху супакоіўшыся, забаўляў салдат падрабязным аповедам сваіх неверагодных прыгод, самыя цікавыя моманты прасілі паўтараць па некалькі разоў. Усім было весела. На першым прыпынку па­клікалі капітана – начальніка салдацкай каманды, бацька павесяліў і яго сваімі прыгодамі, толькі крыху карацей.

Капітан агледзеў бацьку, як добры гаспадар каня на кірмашы, праверыў наяўнасць салдацкай кніжкі, кацялка, лыжкі, якая была за халявай бота, застаўся задаволены і ўнёс прозвішча бацькі ў нейкі спіс. Згоды ён не пытаўся, усё было зразумела. Высветлілася, што салдат гэтай каманды вязуць на вучобу ў артылерыйскую школу, дзе рыхтавалі абслугу для буйнакалібернай артылерыі. Для такой справы выбралі хлопцаў дужых і рослых, за 1,8 метра. Сярод іх многія былі з Заходніх Беларусі і Украіны, з тых месцаў, дзе ядуць многа сала. На шчасце, бацька нават перавышаў патрэбныя параметры, ніякіх праблем не ўзнікла.

Школа знаходзілася недзе пад Харкавам. На першае пастраенне прыйшоў невялікі, у сталых гадах, чалавек, апрануты ў цывільнае, высветлілася, што кравец. Працы ў яго было шмат, патрабаваўся памочнік, які б не баяўся швейнай машыны. Тут бацька ўпершыню адчуў вялікую карысць ад кравецкай навукі, яго прызначылі памочнікам. Кравец таксама быў вельмі задаволены, што ўрэшце здабыў “прафесіянала”.

З той пары ўвесь вольны ад навукі час бацька праводзіў у майстэрні краўца, не трымаў у руках ні рыдлёўкі, ні сякеры, ні лома. Працавалі шмат, атрымалі загад у кароткі тэрмін прывесці асабовы састаў школы ў належны выгляд. Толькі ў ваенных серыялах салдаты ўсе ў новым і не парваным. Можна ўявіць выгляд абмундзіравання салдат, сабраных з перадавой, з траншэй і акопаў. За месяцы навукі ў школе бацька не толькі навучыўся ўпраўляцца з гарматамі, яшчэ ўдасканаліўся ў кравецкай справе, напрактыкаваўся ў шыцці адзення вайсковага строю.

Як спалі зімой на ленінградскім фронце

У пачатку лістапада бацьку прызначылі на Ленінградскі фронт. Залічылі ў 1909 гаўбічны артылерыйскі полк армейскага падпарадкавання. Пачалася франтавая будзённая праца. Асноўнай задачай гаўбічных палкоў была артылерыйская падрых­тоў­ка перад наступленнем арміі ці фронту. Стрэлы 122-міліметровай гаўбіцы дасягалі каля 20 кіламетраў, выкарыстоўваць іх у бліжніх баях немэтазгодна і нязручна, хаця і такое здаралася.

Аб франтавых буднях бацька гаварыў мала, калі толькі ўспамінаў нешта цікавае, пераважна адказваў на мае пытанні. Мяне цікавіла, як салдаты начавалі зімой, калі побач не было ні вёсак, ні хат. Нічога складанага. На ачышчанай ад снегу і выраўненай пазіцыі для гаўбіцы сцяліліся яловыя лапкі, а елак на Пскоўшчыне мноства, наверх слалі брызент, на яго шчыльна клаліся самі, накрываліся зноў жа брызентам, а вартавы засыпаў зверху зямлёй. Каму наступнаму на варту – укладваўся з краю. Пасля змены чарговы вартавы прысыпаў зямлёй папярэдняга. Калі трывога, апранацца і бегчы нікуды не трэба, усё побач. Надзейна і нескладана.

Ніхто тым часам не хварэў, арганізм быў мабілізаваны. Хваробы чапляліся, калі полк адводзілі ў тыл на адпачынак і асабовы састаў расслабляўся. У такіх выпадках лазня дапамагала лепш, чым лекі.

Затым зноў на перадавую – і ўсё спачатку.

Гаўбіцай узнялі вежы танкаў на сем метраў

Мне цікава было, за якія праявы гераізму такія артылерысты маглі атрымаць узнагароды. Маглі. Напрыклад, лётчыкі, вяртаючыся з задання, заўважалі на дарозе, у лесе ці перад пераправай праз раку многа нямецкай вайсковай тэхнікі, танкаў, запраўшчыкаў. Адразу па рацыі паведамлялі ка­ардынаты ў штаб арміі. Са штаба на адну з батарэй палка прыязджаў афіцэр у акулярах, капітан, салдаты звалі яго Матэматык, і па карце наво­дзіў, кожную асобна, гаўбіцы. Таптаўся каля іх даволі доўга, паглядаючы ў нейкі сшытак. Артылерыстам заставалася даслаць снарад, тузануць за шнур. І так некалькі разоў. Які атрымаўся вынік з гэтай аперацыі, не ведалі, чакалі.

Калі праз ты­дзень ці паўтара камандзір вяртаўся са штаба з ордэнам на грудзях і парай медалёў “За баявыя заслугі” ў руцэ, значыць, не прамазалі.

Медалі атрымлівалі лепшыя з асабовага складу батарэі. Хаця быў адзін выпадак, калі вынік аперацыі ведалі. У нашу лінію абароны ўклініўся батальён нямецкіх танкаў і самаходак. Апынуўся насупраць пазіцый батарэй палка. Прыцэл гаўбіцы не прыстасаваны для бліжняга бою, наводзілі, зняўшы замкі, праз ствол, прамой наводкай. Калі вежы некалькіх нямецкіх танкаў, куляючыся, узляцелі метраў на сем-восем над зямлёй, немцы адразу зразумелі, з кім маюць справу, без развароту падаліся назад, хто ўцалеў. Бацька бачыў гэта на свае вочы, каб хто расказваў, то не паверыў бы. Пазней былі ўзнагароды, у гэтым выпадку ўсе ведалі, за якія справы.

Іван Капцюг у час службы ў Ленінградзе. 20 кастрычніка 1945 года. Фота забяспечана Анатолем Капцюгом.

Іван Капцюг у час службы ў Ленінградзе. 20 кастрычніка 1945 года. Фота забяспечана Анатолем Капцюгом.

Бляшанка тушонкі, тэлефонны кабель – як рабілі парадную форму да Перамогі

Пасля дайшлі да Латвіі, фронт перайменавалі ў Прыбалтыйскі.

Недзе ў пачатку красавіка 1945 года ў разбураным доме невялікага латвійскага мястэчка таварышы па службе знайшлі спраўную швей­ную машыну “Зінгер”. Прынеслі ў полк. Наступным днём бацьку выклікалі да камандзіра дывізіёна. Ён без уступу сказаў: “Для цябе, Ваня, вайна скончылася, перабірайся на камандны пункт, прымай агрэгат”. У палку даўно ведалі пра яго здольнасці і часта імі карысталіся, ён пры сабе заўсёды меў клубок нітак і іголку. А тут швейная машынка. Каб не было ніякіх пытанняў, бацьку перакваліфікавалі ў сувязіста-тэлефаніста, жыў і працаваў на камандным пункце, а каля машынкі стаяў палявы тэлефон.

З якой нагоды такое шчасце? Па-першае, кравецкая навука яшчэ і ўдасканаленая ў час вучобы ў артылерыйскай школе.

Па-другое, той парой англійскі кароль ці каралева зрабілі падарунак баявым афіцэрам Чырвонай Арміі да дня блізкай ужо перамогі – сукно на парадную форму.

Старшыя афіцэры спраўлялі форму недзе ў атэлье, а камандзірам батарэй, дывізіёнаў і нават камандзіру палка шыў уласны кравец. У бацькі было больш за дзясятак кліентаў, тканіны было ўдосталь, меў мачымасць справіць парадны мундзір і для сябе. Пагоны выразаў з бляшанкі з-пад амерыканскай тушонкі, абцягваў чорнай атласнай тканінай, а па баках чырвоны тэлефонны кабель. Да Дня Перамогі ўсё было падрыхтавана.

“Кравец не можа быць шпіёнам”

Але не ўсё было так гладка і ціхамірна. Неўзлюбіў асабіст палка, бацька бачыў, як той сцягнуў у яго камандзіра бутэльку спірту. Пагражаў завесці на яго, “паляка”, справу і адправіць па этапу ў Сібір на лесапавал.

Даведаўшыся, камандзір палка параіў асабісту шукаць шпіёнаў у іншым месцы – патрэбны палку кравец не можа быць ворагам. Зноў дапамагла і выратавала кравецкая навука.

У самым канцы вайны артылерыйскі полк, у якім ваяваў бацька, у саставе Прыбалтыйскага фронту прымаў удзел у ліквідацыі Лібаўскага катла. Немцы не складалі зброю да капітуляцыі Германіі, адбіваліся, як толькі маглі, ха­ця Берлін быў узяты тыдзень таму савецкімі войскамі.

З унучкай Вольгай. Вілейка, 1985 год. Фота забяспечана Анатолем Капцюгом.

З унучкай Вольгай. Вілейка, 1985 год. Фота забяспечана Анатолем Капцюгом.

Салют!

Самы апошні на вайне і надта смешны, на думку бацькі, выпадак адбыўся 9 мая 1945 года пад горадам Лібава (сёння Ліепая ў Латвіі). Хадзілі чуткі пра ўзяцце Берліна, пра заканчэнне вайны. Полк паходнай калонай рухаўся па лясной дарозе да горада. Калі выехалі на ўскраек лесу, кіламетраў за пяць-шэсць да горада, пачулі моцную страляніну з усіх відаў зброі. Прыпыніліся: вось табе і вайна скончылася.

Доўга не раздумваючы, па франтавой звычцы паставілі першую батарэю на баявую пазіцыю, даслалі снарады і пачалі чакаць. Казалі, што перамога, а тут такое? Праз нейкі час з боку горада паказалася “палутарка”, ехала па дарозе ў іх бок. Яе перахапілі, выцягнулі з кабіны маладога лейтэнанта, той быў вясёлы, на падпітку.

Лейтэнант разгублена глянуў на напружаных артылерыстаў, супакоіўся і крыкнуў: “Вы што, хлопцы, гэта ж салют, вайна скончылася. Перамога!”

Пасля традыцыйных для пераможцаў трох дзён адпачынку ў Лібаве асабовы састаў палка пасадзілі ў вагоны, гаўбіцы і швейную машыну “Зінгер” пагрузілі на платформы, полк перадыслакавалі ў Ленінград. Размясцілі ў старых, яшчэ царскіх казармах за Фінляндскім вакзалам, побач з паравозам, на якім Ленін вярнуўся ў Расію рабіць рэвалюцыю.

У Ленінградзе бацька праслужыў да лістапада 1945 года. Яму настойліва прапанавалі застацца на звыштэрміновую службу, абяцалі прысвоіць званне старшыны, зразумела, з якой нагоды. Не пагадзіўся. Вельмі хацелася хутчэй апынуцца дома.

Я ў тых казармах быў, мёд не піў, але паглядзеў на апошняе месца службы майго бацькі.

Гісторыя аднаго цуда: Адам Мальдзіс шукаў мясцовага кампазітара, а выявіў агульнаеўрапейскага дзяржаўнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага

Як забраць рэчы продкаў з нашага рэгіёна, што ваявалі ў арміі Андэрса (Поўны спіс, Галасаванне)

100 год таму: бой за Вілейку ў 1915 годзе

Рэха падземна-міннай вайны ў Першую Сусветную (1 частка). Навасёлкі на Смаргоншчыне

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце