weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 12° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.45
1 долар 2.0788
100 рас.руб. 3.1389
09.01.2016 17:32 ,

“Я рада, што я мама і ў мяне дзесяць дзяцей”. Для вялікай астравецкай сям’і збудавалі новы дом

Гаспадары новага дома, бацькі дзесяцярых дзяцей Наталля і Генадзь Сінкевічы падчас наваселля.

У сям’і Сінкевічаў, якая пасялілася ў першым астравецкім дзіцячым доме сямейнага тыпу, не сем “Я”, а цэлых дванаццаць. Дзесяць дзяцей гадаваць не проста, паспрабуйце кожны дзень на ўсіх нагатаваць, затое і радасці ў дзесяць разоў больш.

Наталля і Генадзь Сінкевічы з дзецьмі святкавалі наваселле перад самым Новым годам, 29 снежня. Наталлю хоць і падкасіла хвароба напярэдадні пераезду, планы гэта не сапсавала.

– Апошні месяц перад наваселлем быў вельмі насычаны. Столькі пытанняў па гаспадарцы трэба было вырашыць! Не было часу расслабіцца, – узгадвае нядаўнія справы Наталля. – Нарэшце пераехалі, абжываемся. У доме цёпла, утульна, прасторна. Дзеці носяцца па доме – не могуць нарадавацца. Тры дні асвойвалі лесвіцу, туды-сюды бегалі. У ранейшым нашым доме быў толькі адзін паверх і чатыры пакоі.

У новым доме Сінкевічаў чатыры дзіцячыя пакоі. А яшчэ спальня, гасціная, сталовая, кухня.

У адным пакоі жывуць прыёмныя дзеці: дзве сястрычкі, Каця (9 гадоў) і Насця (8 гадоў), і іх брацік Ягорка (5 гадкоў).

У другім – яшчэ двое прыёмных, Крысціна (7 гадоў) і Ксюша (4 гадкі). З імі разам і біялагічная дачка Інэса (6 гадоў).

У трэцім – Дыяна (14 гадоў) і Жэня (10 гадоў).

У чацвертым – Дар’я (19 гадоў).

Фота Віталя Дзярнейкі.

Фота Віталя Дзярнейкі.

Новы год сям’я святкавала дома. Бацька ў касцюме Дзеда Мароза віншаваў дзяцей, слухаў вершыкі.

Праца – не праца, калі яна падабаецца

Генадзь – аператар станцыі абезжалезвання на мясцовым прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Наталля па спецыяльнасці швачка, але паспела папрацаваць і прадавачкай, і поварам.

– Клапаціцца пра дом і сям’ю не цяжка, калі гэта падабаецца. Калі ў радасць вазіцца з дзецьмі, калі побач муж і надзейная апора.  Калі старэйшыя дзеці дапамагаюць і падтрымліваюць. Вядома, ёсць свае складанасці, але я не адчуваю, што ў нас такая вялікая сям’я, – дзеліцца Наталля.

Упершыню сям’я задумалася пра тое, каб узяць прыёмнае дзіця, калі сваіх было трое.

– Думалі ўзяць аднаго, каб хоць каму-небудзь дапамагчы, – прыгадвае гаспадыня. – Прапанавалі нам забраць дзвюх сястрычак. Не разлучаць жа іх? Абмеркавалі на сямейным савеце і ўзялі абе­дзвюх. Потым у мужа памерла першая жонка, і мы забралі да нас дваіх яго дзяцей. Калі прапанавалі ўзяць яшчэ Крысцінку з Ксюшай, вырашылі, раз у нас тут і так бабскае царства, – няхай. А потым узялі яшчэ і Ягорку – браціка Каці і Насці.

Так сям’я павялічылася за апошнія тры гады. Наталля кажа, што для яе гэта адбывалася досыць паступова, быў час усё абдумаць. Жанчына бачыць у сям’і сваё прызванне. Яна сама расла ў шматдзетнай сям’і, дзе было шасцёра дзяцей.

– Таму гэта ўсё мне звыклае і знаёмае. Тым больш, я вельмі люблю выбіраць уборы і цацкі для дзяцей. Проста не магу прайсці міма дзіцячых крамаў! Сабе не куплю, затое дзецям вазьму, – кажа Наталля. – Мабыць, гэта маё: проста быць мамай.

Фота Віталя Дзярнейкі.

Фота Віталя Дзярнейкі.

Фота Віталя Дзярнейкі.

Фота Віталя Дзярнейкі.

Жанчыну цешыць, калі яна бачыць вынікі сваёй працы. Дзеці мяняюцца, і гэта бачна, калі параўноўваць фотаздымкі: першы дзень у новай сям’і і цяперашні.

У Каці і Насці ёсць адставанне ў развіцці. У Ягоркі – праблемы з гаворкай. Яны займаюцца ў інтэграваным класе.

– Я спадзяюся, што ўсе нашы дзеці вырастуць цудоўнымі людзьмі. Я адчуваю іх дабрыню. Кожны з іх – індывідуальнасць. Не важна, ці ўсе яны атрымаюць вышэйшую адукацыю, – галоўнае, каб яны знайшлі сваё месца ў жыцці.

Я рада, што я мама. Калі дзеці бягуць насустрач, абдымаюць, цалуюць, усё ў душы пераварочваецца! Калі мы можам даць любоў, трэба яе даваць.

Ці проста карміць 12 галодных ратоў

Нават гатаванне не выклікае ў Наталлі асаблівых цяжкасцяў.

– Мы спраўляемся. Спачатку каструлька была на тры літры, потым – на пяць, цяпер – на дзесяць. Але рацыён у нас разнастайны. Акрамя ўсяго іншага, і пірагі пячы паспяваем, і печыва, і піцу, якую дзеці так любяць. Старэйшыя дапамагаюць, і цяжару не адчуваеш. Вось сёння раніцай бліны пяклі. Замешвалі цеста ў пяцілітровай місцы – пакуль што гэтага хапае, – расказвае гаспадыня.

І дадае, што ў іх працуе прынцып: і працаваць, і адпачываць разам.

Як сям’я атрымала дом

Дом сямейнага тыпу ў Астраўцы першы і, магчыма, не апошні.

– Тое, што яго збудавалі, – выдатны прыклад для будаўніцтва наступных, – пракаментавала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Данута Петрык. – Калі будуць сродкі, будзем будаваць. Магчыма, яшчэ з’явіцца не адзін такі дом.

Данута Іосіфаўна распавяла, што на дом прэтэндавалі дзве сям’і. Ахвотных было больш, але заяву на ўдзел у конкурсе падалі толькі яны.

Спецыяльная камісія абірала шчасліўчыкаў: знаёмілася з сем’ямі, праводзіла гутаркі.

Цягам года дом збудавалі.

Колькі часу будуць мерзнуць голыя манекены? «РГ» праверыла, ці працуюць рынкі ў Маладзечне (Фота)

Не прабівайце многа лунак, не правярайце лёд нагой: парады, якія выратуюць жыццё на лёдзе

Для дзяцей аднаго з маладзечанскіх інтэрнатаў стварылі гульнявы пакой (Фота)

Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – індывідуальны прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Час імгненна ляціць наперад. Каб зрабіць усе справы, сучасны чалавек мяняе свае звычкі і абстаноўку вакол сябе.

Каб паспяваць за часам, мы робім для вас мэблю больш функцыянальнай і кампактнай, але ў тую ж чаргу змяшчальнай.

У студыі мэблі “Элета” вы можаце набыць кухні, шафы, дзіцячыя, гардэробныя, замовіць адкатныя дзверы. Стварыць непаўторны стыль дапаможа мэбля па індывідуальным праекце.

З мэбляй ад студыі “Элета” ваша жыццё стане больш камфортным.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Вэлком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце