weather 17° Маладзечна
weather 17° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 17° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 17° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
11.01.2016 09:58 ,

Ганаровая грамадзянка Маладзечна Лідзія Князева: можа цяпер адважуся сказаць уладам пра музей

Лідзія Князева, другая злева, у “Шталагу 342” разам з сям’ёй з Самары, якая прыехала наведаць месца пахавання свайго дзядулі, бацькі Ягора Рошчына.

Лідзія Князева, кіраўніца клуба “Пошук”, стала ганаровай грама­дзянкай Мала­дзечанскага раёна.

– 30 снежня ў нашай школе (Лідзія Барысаўна працуе ў школе №5) быў педсавет. Увесь час побач з дырэктарам ляжаў букет руж. Мы паміж сабой перашэптваліся, а каму кветкі, здаецца, ні ў каго юбілею няма, – пачала расповед Лідзія Князева. – Напрыканцы педсавета дырэктар школы Яўген Макарэвіч уручыў кветкі мне і павіншаваў з ганаровым званнем. Для мяне гэта, канешне, было поўнай нечаканасцю.

Урачыстае уганараванне Лідзіі Князевай з гэтай нагоды адбудзецца ў лютым. Але асаблівых зменаў у сваёй рабоце пасля ўручэння ўзнагароды Лідзія Барысаўна не чакае.

– Мне рэгалій не трэба, я працую так, як і працавала. А працы і сапраўды шмат.

У снежні  клуб “Пошук” падаў у райвыканкам спіс са 175 новымі імёнамі былых вязняў “Шталага 342”.

 Плануецца, што мемарыяльная дошка з гэтымі імёнамі з’явіцца ў “Шталагу 342” 11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцлагераў.

– Магчыма, пасля прысуджэння звання ганаровай грамадзянкі я адважуся сказаць уладам пра тое, што ўжо даўно выношваю план па стварэнні музея лагера “Шталаг 342”. Матэрыялаў безліч. Захоўваю і берагу ўспаміны былых вязняў лагера, з якімі я мела шчасце сустакацца ў канцы 80-х гадоў. А такі музей павінны быць, да нас жа вельмі часта прыязджаюць людзі, сваякі загінулых тут.

Лідзія Князева расказвае, што праца з лістамі ад сваякоў тых ваеннапалонных, што загінулі тут, не спыняецца ні на дзень.

– Вось літаральна на днях атрымала ліст з Калінінграда, да нас збіраецца прыехаць пляменнік былога вязня канцлагера.

Кожная гісторыя сям’і, кажа Лідзія Князева, гэта гісторыя болю і надзеі.

– Запомнілася гісторыя жанчыны, якая прыязджала з Маскоўскай вобласці. Тут, у Маладзечне, пахаваны яе бацька. Валянціна Гур’ева, так звалі жанчыну, расказвала, што яны з маці чатыры гады пасля заканчэння вайны штодзень хадзілі на вакзал сустракаць свайго бацьку, які так і не вярнуўся з той вайны. 

З многімі сваякамі, што аднойчы прыязджалі ў “Шталаг 342”,  Лідзія Барысаўна падтрымлівае сувязі, перапісваецца, сябруе ў сацыяльных сетках.

– Унучка аднаго з вязняў, што прыязджала на магілу дзядулі, потым даслала мне ноты і словы песні, якія напісала пра свайго дзядулю. У красавіку плануе зноў прыехаць унучка вязня з Казахстана Раўшан Малдыбаева.

Вядома, што адной з такім аб’ёмам працы Лідзіі Барысаўне справіцца цяжка.

– Хаця я тры гады проста кірую клубам “Пошук”. Раней была і настаўніцай, і завучам, і класным кіраўніком.

Сёння Лідзіі Барысаўне дапамагаюць школьнікі, што наведваюць клуб “Пошук”.

– Я дзецям у пошукавых справах давяраю на 100 працэнтаў. Яны часам лепш за мяне арыентуюцца ў тых дакументах, з якімі яны пачалі працаваць. Ёсць дзеці, якія і школу даўно скончылі, а працягваюць цікавіцца нашай справай. Напрыклад, Наташа Мандрык, цяпер студэнтка. Калі вучылася ў школе, з дапамогай клуба “Пошук” змагла знайсці брата сваёй прабабулі. І да сёння тэлефануе, цікавіцца нашымі справамі.

“Схіляю галаву перад вашай працай”

Лідзія Князева шмат разоў станавілася гераіняй публікацый “Рэгіянальнай газеты”. І лепш за яе саму пра яе працу могуць сказаць людзі, якія дзякуючы Лідзіі Князевай змаглі знайсці сваіх сваякоў, блізкіх і дарагіх сэрцу людзей.

Ніна Зюзікава пры­язджала ў Маладзечна з Урала, каб убачыць месца пахавання свайго бацькі Пятра Кальцова:

– Вялікі дзякуй клубу “Пошук”! Калі б не ён, майго тату, мабыць, ніколі б не знайшлі. Цяпер, стоячы перад шталагам, я адчуваю ўдзячнасць за тое, што мы можам тут пабываць праз 70 гадоў пасля смерці таты. Мы ж не ведалі, што з ім стала. Я ўбачыла, дзе мой бацька пахаваны, і вельмі гэтаму рада. Я адчуваю і радасць, і смутак. Радасць, што даведаліся, і смутак за лёс таты. Яшчэ раз вялікі дзякуй Лідзіі Барысаўне Князевай, яе клубу і ўсім людзям, якія ім дапамагаюць. Яны робяць такую добрую справу! Дапамагаюць даведацца пра лёс блізкіх. Хоць позна, хоць шмат сваякоў ужо памерла… Цяпер і мае пляменнікі будуць ведаць, што ў іх ёсць такі дзед, і, магчыма, хутка прыедуць сюды ўбачыць на свае вочы.

Раўшан Малдыбаева прыехала наведаць месца гібелі брата свайго дзядулі Каблыда Маліка Амарава:

– Мне стала лягчэй. Быццам суцішыўся той боль, што не даваў спакою, – сказала Раўшан. – І вялікі дзякуй Лідзіі Барысаўне Князевай. Яна робіць патрэбную справу.

Рафкат Басыраў прыязджаў пакланіцца магіле свайго бацькі Сай­футдзіна Басырава:

–  У лютым 1942-га прыйшоў ліст, што ён прапаў без вестак. А сёння мне пашчасціла пабачыць яго імя на дошцы памяці – нібы сустрэўся з жывым бацькам і павітаўся з ім.  Гэта адчуванне падарыў мне клуб “Пошук”. Мне здаецца, што сёння супакоілася душа бацькі. Супакоілася і мая душа. Я схіляю галаву перад вашай працай.

“Я рада, што я мама і ў мяне дзесяць дзяцей”. Для вялікай астравецкай сям’і збудавалі новы дом

Колькі часу будуць мерзнуць голыя манекены? «РГ» праверыла, ці працуюць рынкі ў Маладзечне (Фота)

Спонсар рубрыкі “ГРАМАДСТВА” – індывідуальны прадпрымальнік Алег Шульжыцкі.

Час імгненна ляціць наперад. Каб зрабіць усе справы, сучасны чалавек мяняе свае звычкі і абстаноўку вакол сябе.

Каб паспяваць за часам, мы робім для вас мэблю больш функцыянальнай і кампактнай, але ў тую ж чаргу змяшчальнай.

У студыі мэблі “Элета” вы можаце набыць кухні, шафы, дзіцячыя, гардэробныя, замовіць адкатныя дзверы. Стварыць непаўторны стыль дапаможа мэбля па індывідуальным праекце.

З мэбляй ад студыі “Элета” ваша жыццё стане больш камфортным.

Адрас: Маладзечна, вул. Віленская, д. 1, к. 111.

Кантактныя тэлефоны: (8029) 153-10-37 (Вэлком), (8033) 363-39-09 (МТС), (80176) 50-26-37.

ІП Шульжыцкі А.В. УНП 691882990

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце