weather 4° Маладзечна
weather 4° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 4° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 4° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
16.01.2016 23:07 ,

Вілейкія краязнаўцы зрабілі другі выпуск гадавіка “Вілейскі павет”

Фота: prastora.by.

У ім даследчыкі дзеляцца сваімі адкрыццямі, а чытачы атрымліваюць адначасова займальнае і пазнавальнае чытво пра свой край.

У гадавіку размешчаны пераклад з польскай мовы кнігі ўраджэнца вёскі Мікуліна польскага прафесара Францішка Сяліцкага “Даўгінаўска-будслаўска-крывіцкі рэгіён на даўняй Віленшчыне (гістарычная хроніка)”. На беларускую мову яе пераклаў Мікола Гіль.

Пра самога прафесара і род можна шмат даведацца з яго ўласных успамінаў пра жыццё ў Мікуліне, а таксама з публікацый удавы і брата.
Павел Радына правёў агляд новых кніг вілейскіх аўтараў, у тым ліку на тэму краязнаўства. Асобны блок укладальнікі прысвяцілі тым, каго ўжо з намі няма – Аляксею Лужынскаму, Пятру Цыгалку і Рагнедзе Аляхновіч.

Анатоль Капцюг сабраў легенды і паданні Віліі. Віктар Жыбуль напісаў пра фалькларыста-міфатворцу Вульфа Сосенскага, у кнізе ёсць і тэкст апошняга “Версіі і легенды. Гутаркі пра беларускага паэта Ф.К. Багушэвіча”.

У зборніку размешчаная аўтабіяграфія Андрэя Сухога, даследаванне пра мінулае і сучаснае роду Гацэвічаў, а таксама артыкул Тэлесфара Позняка пра беларускія рэаліі ў польскім засцянковым асяроддзі Вілейскага павета ў 1918–1939 гадах.

Сярод аўтараў – журналіст газеты “Наша ніва” Сяргей Макарэвіч, паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч, настаўніца і пісьменніца Роза Шэрая, краязнаўца Міхась Міхалевіч.

Укладальнікі кнігі – Сяргей Макарэвіч і Дзяніс Канецкі.

“Шырока вядомыя ў Беларусі скамянелыя быкі ў лесе паблізу вёскі Сцебяракі – пяць камянёў з высечанымі на іх знакамі вертыкальна стаяць у адну лінію”. “Паляванне на тура дазвалялася толькі як абрадавае дзеянне князя або паганскага жраца”. З артыкула Аляксандра Зайцава Рэлікты культу быка на Вілейшчыне”.

Гісторыка-краязнаўчы гадавік “Вілейскі павет. Выпуск 2” выходзіць пры падтрымцы фонду “Вяртанне”. Наклад – 300 асобнікаў. У кнізе 320 старонак.

Аўтары заклікаюць тых, хто хоча падзяліцца сваімі даследаваннямі Вілейшчыны, дасылаць тэксты для наступных выданняў на адрас: viliejskipaviet@gmail.com.

Як кравецкая справа дапамагла прайсці вайну Івану Капцюгу з Вілейкі

Гісторыя аднаго цуда: Адам Мальдзіс шукаў мясцовага кампазітара, а выявіў агульнаеўрапейскага дзяржаўнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага

Што сёлета знайшлі падчас раскопак гуты ля Ільі на Вілейшчыне (Фота)

Як забраць рэчы продкаў з нашага рэгіёна, што ваявалі ў арміі Андэрса (Поўны спіс, Галасаванне)

Якую гісторыю хаваюць старыя каталіцкія могілкі ў Вілейцы, што называюць «Гарадзішчам»

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце