weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather -3° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
24.01.2016 11:33 ,

Аўтобусу ЛАЗ раней радаваліся таму, што ён увогуле прыходзіў. Канец эпохі: у Маладзечне застаўся апошні ЛАЗ, які яшчэ на хаду

Вацлаў Саўчыц не спяшаецца спісваць ЛАЗ. А раптам якраз гэты аўтобус будзе першым экспанатам у музеі транспарту.

Апошні аўтобус ЛАЗ знік з мала­дзечанскіх дарог яшчэ ў 2007 годзе. Але настальгія па пыльных салонах, дзвярах-гармоніках і вельмі добрых вачах-фарах гэтага аўтобуса ў некаторых усё ж засталася.

Калі з’явіўся першы аўтобус ЛАЗ у маладзечанскім аўтапарку і куды быў яго першы рэйс, цяпер не прыгадае ніхто. Хаця вадзіцель аўтапарка Аляксандр Собаль, які прыйшоў працаваць сюды ў 1974 годзе, сцвярджае, што  хутка пасля яго ўладкавання на працу ён перасеў са старэнькага ЛіАЗа на аўтобус ЛАЗ.

– Апошнія гады сваёй “службы” ў аўтапарку, – расказвае намеснік дырэктара па пасажырскіх перавозках Віктар Руткоўскі, – ЛАЗы ездзілі пераважна па прыгарадных маршрутах. 

А пачыналася геаграфія паездак на ЛАЗах з Ленінграда, Карпатаў, Львова.

– Звычайны ЛАЗ-695 пераабсталёўваўся ў турыстычны аўтобус, – кажа Віктар Руткоўскі. – З іншых аўтобусаў здымалі мяккія сядзенні і ездзілі на вялікія адлегласці.

У 2007 годзе ў аўтапарку заставаліся 23 такія аўтобусы, іх спісалі. Самаму старому аўтобусу было тады 16 гадоў.

Валожын – гэта другая Адэса, калі ехаць туды на ЛАЗе

Аляксандр Собаль, калі прыгадваў сваю гісторыю адносін з дзівам львоўскай аўтамабільнай прамысловасці, адзначаў, што ў ЛАЗах была адна перавага перад іншымі аўтобусамі – яны вельмі простыя з тэхнічнага боку.

– Хаця ламаліся часта, у асноўным з-за благіх дарог выходзілі са строю рэсоры. А летам што, вады на радыятар нальеш – і ўвесь рамонт. А яшчэ з-за перагрузкі.

У ЛАЗе 35 пасадачных месцаў, усяго – 70. На прыгарадныя маршруты ў аўтобус набівалася па 100 і больш чалавек.

– Самы цяжкі маршрут для мяне, – кажа Аляксандр Собаль, – дарога на Валожын. Гэта цяпер да яго можна даехаць за 40 хвілін, на ЛАЗе добра, калі дабіраліся за дзве гадзіны. Валожын я называў Адэсай, таму што было адчуванне, што ў Валожыне сходзяцца ўсе дарогі. Але людзі раней дабрэйшыя былі. Радаваліся, калі ўвогуле аўтобус прыходзіў. Гэта цяпер ім то дзьме, то месца не тое.

Але самым лепшым аўтобусам, на якім давялося парацаваць Аляксандру Собалю, ён лічыць “Ікарус”. Менавіта на “Ікарусе” ён праехаў паўтара мільёна кіламетраў.

– Калі спідометр майго ЛАЗа паказаў адзнаку 400 тысяч кіламетраў,  яго спісалі. Да гэтага, калі гэты ж аўтобус аддаваў на капрамонт, ён праехаў 500 тысяч кіламетраў. Таму агулам можа і быў прабег мільён.

З асаблівай цеплынёй кіроўца ўспамінае тое, як упрыгожвалі салон аўтобуса.

 – Гэта цяпер забаранілі ўпрыгожваць кабіну, а раней і букецік паставіш, і сцяжкоў, вымпелаў навешаеш. Махры прышывалі, хто маладзейшы, то і каляндар з голай дзеўкай мог павесіць, – смяецца Аляксандр.

Раней і зоркі не грэбавалі ЛАЗамі.

– А што, і Саладуху вазіў. Хаця не, яго я вазіў усё ж на “Ікарусе”. Футбольную каманду маладзечанскую па ўсёй краіне давялося павазіць.

У пачатку 90-х Аляксандр быў адным з першых кіроўцаў, што вазілі чаўнакоў на рынак у Польшчу.

– О, памятаю, што тыдзень на мяжы стаялі. Такія чэргі тады былі.

– Што рабілі ты­дзень у аўтобусе?

– Пасажыры гарэлку пілі, а мы сядзелі, чакалі. На працы ж. Затое цяпер на рынку ну ўсе прадавачкі знаёмыя.

У Маладзечне застаўся апошні ЛАЗ, які яшчэ на хаду

І гэты аўтобус знахо­дзіцца ў аўтапарку Маладзечанскіх электрычных сетак.

Кіруе аўтобусам Сяргей Дрозд. Кіроўца прызнаецца, што раней на аўтобусе ездзілі часцей і на вялікія адлегласці, напрыклад, у Малдову. Цяпер аўтобус выязджае не так часта. І пераважна падвозіць работнікаў прадпрыемства на працу.

Аўтобус з МЭСа павышанай камфортнасці. У ім мяккія крэслы. Спідометр паказвае адзнаку 400 тысяч кіламетраў, і сыходзіць на адпачынак аўтобус не збіраецца.

А вось на Маліноў­шчынскім заводзе ў ЛАЗе ўжо працуе міні-лабараторыя. Аўтобус стаіць на стаянцы, у ім няма фараў, няма прыборнай панэлі.

Начальнік транспартнага цэха прадпрыемства Вацлаў Саўчыц жартуе:

– Ну вось, прыехалі фатаграфаваць аўтобус. А мне дырэктар ўсё: “Спісвай, спісвай”. Куды спісваць? Можа, гэта ­адзіны аўтобус, з якога калісьці пачнецца музей тэхнікі, якую ўжо на вуліцах горада не сустрэнеш.

Пасляслоўе.

Днём заснавання Львоўскага аўтамабільнага завода лічыцца 21 мая 1945 года. Але першы аўтобус выйшаў з канвеера завода ў 1956 годзе. Прадпрыемства за гады працы выпусціла больш за 40 розных мадэляў аўтобусаў.

ЛАЗы неаднаразова траплялі на экраны тэлевізараў, станавіліся сапраўднымі кіназоркамі. Аўтобусы Львоў­скага завода можна ўбачыць у такіх фільмах, як “Ашалелы аўтобус”, “Каралева бензакалонкі”, “Вусаты нянь”, “Аперацыя Ы і іншыя прыгоды Шурыка”, “Легенда №17” і ў многіх іншых фільмах.

Канчаткова легендарны завод спыніў сваё існаванне 23 сакавіка 2015 года.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце