weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 7° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
24.01.2016 18:31 ,

Футуролаг Аляксандр Аніскевіч: Новым лідарам у свеце мусіць стаць Усходняя Еўропа, а мадэль жыцця да 2020 года непрадказальна зменіцца

Аляксандр Аніскевіч.

Футуролаг і знаны бізнэсовец пра будучыню Беларусі.

15 студзеня ў Мінску адбылася сустрэча з Аляксандрам Аніскевічам – адным з першых прадпрымальнікаў на постсавецкай прасторы, былым топ-менеджарам “Ё-Мабіля”, які цяпер займаецца нафтай і распрацоўкай праграм для мабільных тэлефонаў.

Ён з’яўляецца сябрам рады дырэктараў нафтатрэйдара Bryce Holding Limited (Cyprus). Кіруе напрамкам мабільных дадаткаў і інавацый у сферы IT.

У 2009 годзе стварыў і ўзначаліў Інстытут праблем мадэрнізацыі, стратэгіі і развіцця грамадства. Аляксандра можна назваць футуролагам – ён аналізуе тэндэнцыі ў свеце і на падставе гэтага прадказвае недалёкую будучыню.

Менавіта пра гэта збольшага і ішла гаворка падчас ягонага выступу. Ніжэй мы прыводзім найбольш цікавыя разважанні Аляксандра.

Пра непрадказальнасць свету і чалавечыя якасці

Прынамсі да 2020 года мы знаходзімся ва ўмовах абсалютнай нявызначанасці.

Гэта не мае словы, гэта 2012 год, справаздача ЦРУ, якое прыцягнула для складання прагнозу амаль шэсць тысяч экспертаў. І я тут цалкам згодны.

Пра што гэта кажа? Галоўным стане адэкватнасць і адаптыўнасць. Дыназаўры адмерлі не таму, што клімат змяніўся, а таму, што яны не змаглі адаптавацца да гэтых зменаў. Адаптыўнасць – ключавая здольнасць, на якую неўзабаве будзе зменена ўся сістэма адукацыі.

Чалавек не будзе канцэнтравацца на атрыманні нейкіх фундаментальных ведаў, бо яны не трэба – для гэтага ёсць Google, у якога можна спытаць “як” і “што”. Галоўным стане здольнасць правільнага выкарыстання ведаў. Найлепшы ўзор – у вас ёсць спаржа і салёны агурок. Вы можаце выкінуць спаржу, нарэзаць агурок і прадаць за даляр у якасці закускі. Альбо зрабіць складаную страву за 10 даляраў. Вось яна – розніца ў адаптыўнасці. Перамагаць будзе той, хто будзе хутчэй бачыць адваротны бок месяца, глядзець на прадмет з іншага ракурсу, бачыць нетыповы падыход.

Прывяду прыклад. У СССР былі два галоўныя святы – Дзень будаўніка і Дзень міліцыі. Таму што ўсе кралі і таму што краіна ўвесь час штосьці будавала, можна было спісваць каласальныя сродкі.

І людзі на будоўлях і ў праектных інстытутах зараблялі шалёныя грошы. Пасля Алімпіяды стала зразумела, што ў краіне катастрафічна не хапае гасцінічных месцаў. У найбуйнейшых гарадах краіны сталі ўзводзіць вялікія гатэлі, у Мінску гэта “Беларусь”. Але ў 82-м ці 83-м усе гэтыя аб’екты замарозілі. Некаторыя і 30 гадоў прастаялі недабудаваныя. Вось так ураз скончылася добрае жыццё будаўнікоў. І пры чым тут адаптыўнасць? А пры тым, што разумныя людзі з праектных інстытутаў тады зразумелі, што ўсё, грошай больш не будзе. І яны сышлі з галіны, пачалі займацца іншым. І сёння, праз 30 гадоў, я перакананы, што яны добра сябе адчуваюць. Але былі і тыя, хто нікуды не зрушыўся. Яны думалі: ну як жа? Усё ж вернецца і будзе як раней. Гэтыя засталіся на бабах, з масай комплексаў.

Трэба глядзець наперад, не ехаць на дохлым кані. Разумныя пацукі не тыя, якія першымі бягуць з карабля, а тыя, якія бягуць з яго яшчэ ў порце, адчуваючы, што карабель патоне.

Адаптыўнасць – здольнасць бачыць дробныя сігналы. Гэта галоўная якасць, якая будзе запатрабавана.

Прычыны крызісу і перафарматаванне свету

Перавагі майго пакалення бэбібумераў 45–65 гадоў сфарміраваны нашымі бацькамі. Яны прайшлі праз 1930-я і вайну. Яны ўсё сваё жыццё знаходзіліся ў стане стратаў. Еш сытна, май пяць машын, тры кватэры, сто параў абутку – вось тыя ідэалы, якія бацькі перадалі нам. Яны свае мары рэалізоўвалі на нас.

Мы – спажыўцы. Мы – стварылі сучаснае спажывецкае грамадства. Ёсць гісторыя, калі Англію блакавалі нямецкія падлодкі і перакрылі сістэму забеспячэння з кантынента. І англічане выпусцілі закон, паводле якога кожнае яйка мусіла быць не з’едзена, а здадзена на адмысловы завод, каб з яго зрабілі парашок, з якога потым гатавалі амлет. Пакаленне брытанцаў не ведала яечні! Але цяпер у нас такіх праблемаў няма, паліцы крамаў заваленыя чым заўгодна. Людзі маюць усё. Чалавецтва выходзіць з эпохі спажывання.

У “пакалення міленіум” іншыя запыты: яно хоча грамадскага прызнання, запатрабаванасці. Гэтая прага часам і выліваецца ў “лайкі” за голую задніцу, высунутую з акна цягніка. Але гэтая дурасць толькі частка агульнай тэндэнцыі: новае пакаленне патрабуе не грошай, а прызнання сваёй карысці. Вядома, што, калі ставіш мэту зарабіць грошы, грошай ніколі не будзе. Заўсёды яны з’яўляюцца ў той момант, калі ты змяняеш мэту “грошы” на мэту “мара”.

І людзі пачынаюць разумець, што ад таго, што воўк не задзірае разам усіх ласёў у лесе, ягоны аўтарытэт паляўнічага не меншае. Моладзь хоча не грэбсці пад сябе, як рабілі мы, а самарэалізацыі.

Пра мадэль жыцця і грошы

Змяняецца сама мадэль жыцця, сацыяльныя кантракты. У мінулай мадэлі быў пажыццёвы кантракт найму.

У СССР мужчына жыў менш за 60 гадоў, а пенсійны ўзрост быў 60.

Яшчэ школьнікам на вакацыях працаваў на гадзіннікавым заводзе і бачыў, як адбываецца спісанне людзей: прыходзіла 18-гадовая дзяўчынка ў зборачны цэх, за 5–7 гадоў гарантавана саджала сабе зрок і пераходзіла на гальваніку. Калі яшчэ за 5–7 гадоў яна не станавілася інвалідам, то рабілася кладаўшчыком.

І так было на кожным заводзе: рабіць усё жыццё і, пажадана, падохнуць да пенсіі. Цяпер усё інакш. Чаму Дэтройт стаў банкрутам? Банкруцтва двух пенсійных фондаў, і ўсё.

І я не праціўнік, не прыхільнік сённяшніх уладаў, я не жыву тут.

Але я даў бы Лукашэнку Нобелеўскую прэмію за г.зв. “падатак на дармаедства”, які апярэджвае час.

Толькі што ён аформлены трохі не так, але ідэя геніяльная. Гэта трэба аформіць як выкуп дзяржаве. Я вам плачу – вы мяне не чапаеце. Не патрэбныя чалавеку ні льготы ЖКГ, ні бясплатная медыцына, ні льготны праезд. Трэба даць яму магчымасць зарабляць грошы, бо, паўтаруся, схема пажыццёвага найму ўжо не працуе. Кожны чалавек шматфункцыянальны, ён мусіць працаваць на некалькіх работах. Сёння гэта можна рабіць, нават не выходзячы з дому. І межы фінансавай актыўнасці сёння падвоіліся. Гэта ўжо не 20–60 гадоў, а 10–80. Калі ў цябе ёсць свой бізнэс, навошта табе пенсія? Калі ты добра зарабляеш, што замінае табе адкладваць? Халяўнае жыццё скончылася, і пры сённяшніх прапагандысцкіх магчымасцях СМІ трэба данесці гэта да кожнага. Новае пакаленне не хоча сядзець на лаўцы, лічыць капейкі ад дзяржавы, яно хоча працаваць.

Пра ўлады будучага

У будучым у чымсьці паўторыцца сярэднявечная гісторыя гарадоў-дзяржаў, толькі сёння гэта называецца агламерацыямі.

Для прыкладу, Сан-Францыска і Лос-Анджэлес сёння даюць каля 20% ВУП ЗША, агламерацыя Масква – гэта больш за 30% рознічнага абароту Расіі, агламерацыі Токіа і Сінгапур таксама яскравыя ўзоры. Цэнтральныя ўлады будуць губляць значнасць, зноў стане актуальным штосьці накшталт Магдэбургскага права.

Нават пытанне збору сродкаў грошай – талака заўсёды ахвяруе больш за дзяржаву. І тэндэнцыя будзе пашырацца. Тэхналагічныя змены ставяць пад пытанне самое існаванне вярхоўнай улады.

Узоры – Эстонія і Ісландыя. Эстонія ўжо перавяла ўвесь працэс прыняцця рашэнняў у лічбавы фармат. А ўсё насельніцтва Ісландыі ў мінулым годзе рэдагавала сваю Канстытуцыю ў інтэрнэце, гэта здзейснены факт! І яе прынялі.

Цяпер кожны можа сказаць, што я вось тут выправіў граматычную памылку, а тут дапісаў слова. Кожны чалавек пісаў Канстытуцыю. Кожны чалавек хоча быць датычным да чагосьці вялікага, прымаць рашэнні разам з астатнімі, а не каб рашэнні прымаліся за яго. Неўзабаве гэта знішчыць улады ў традыцыйным разуменні гэтага слова.

Пра будучую пандэмію

Я мяркую, што ў будучыні здарыцца глабальная пандэмія. Пры сённяшнім аб’ёме перасоўвання людзей гэта здарыцца.

Гэта як калі ўсе застрахаваліся ад пажару, і тады чыясьці кватэра абавязкова згарыць. Мачу-Пікчу, кінутыя гарады Азіі, у 90 выпадкаў са 100 прычынай раптоўнай эміграцыі з’яўлялася пандэмія, прынесеная звонку. З сённяшнімі лічбамі насельніцтва агламерацый чалавечыя страты будуць каласальныя, людзі пабягуць у вёску.

Таксама абвострацца канфлікты за ваду. Нават у Беларусі ўжо тры гады недастатковае водаўтварэнне. Гэта абсалютны факт! Вы бачылі, што сёлета было з рэкамі і калодзежамі? І гэта адбываецца паўсюль.

Пару гадоў таму французскія АЭС пераходзілі на ашчадны рэжым, бо не хапала вады для ахаладжэння рэактараў. Вы можаце сысці ў жорсткую галадоўку, але вы не пражывяце без вады. Гэта ключавы яблык разладу для войнаў. Кітай, Цэнтральная Азія і Блізкі Усход – патэнцыйна праблемныя рэгіёны. І словы прынца Чарльза пра тое, што канфлікт у Сірыі – гэта водны канфлікт, часткова абгрунтаваныя. У гэтым плане Беларусі пашанцавала больш за астатніх.

Пра сацсеткі і гаджэты

Створаныя для забавы сацсеткі сёння трансфармуюць грамадства, уплыў сацыяльных сетак хутка стане большым за СМІ. Самі СМІ пяройдуць у сацыяльныя сеткі. Людзі, народжаныя пасля 2000 года, будуць большасць сваіх праблемаў і патрэбаў вырашаць праз свае гаджэты.

Усе камерцыйныя схемы ў звыклым разуменні знікнуць і пяройдуць у анлайн. Напрыклад, дастаўка ежы, вырашэнне бюракратычных пытанняў, выстаўленне адзнак у школе і гэтак далей. Амаль што ўсё. І сеткавы рэйтынг у будучыні фактычна адзіны актыў і персанальны капітал. Усе астатнія поспехі – гэта вынікі твайго рэйтынгу. Усе маркетплэйсы і паслугі ў інтэрнэце сёння скончваюцца адным – карыстальніку прапаноўваецца ацаніць паслугу.

Але гэта ўзаемна – карыстаючыся Uber’ам, вы не толькі ацэньваеце таксіста, але і таксіст ацэньвае вас. Калі ў вас нізкі рэйтынг, вы кепскі кліент – да вас не паедуць! У заўтрашнім свеце схавацца нельга. Кожнае вашае дзеянне пакідае след у інтэрнэце. Захаваць давер і заслужыць высокі рэйтынг – вось звышмэты кожнага чалавека блізкай будучыні.

Пра рэлігіі і нацыянальнасці

У найбліжэйшай будучыні рэлігіі – як традыцыйныя, так і новыя – будуць новым трэндам. Рэлігійныя ордэны будуць мець каласальны ўплыў. І ўзор “Ісламскай дзяржавы” паказвае, як гэта з нічога можа здарыцца за год-два.

Яшчэ ўсе ўзгадаюць пра нацыянальную ідэнтычнасць. Бо так ці інакш, але, выхоўваючы дзіця, ты аднойчы павінен прыйсці і сказаць, хто мусіць быць для яго аўтарытэтам, чым можна ганарыцца. Гэта ўсё ёсць у мінулым. І калі табе няма чым ганарыцца, то ты не ведаеш, за што табе змагацца і што абараняць.

Не ведаючы сваіх каранёў, чалавек лёгка можа патрапіць пад уплыў розных дэструктыўных плыняў, як ужо згаданая “Ісламская дзяржава”. Рэлігійныя супярэчнасці будуць толькі ўзмацняцца. Найгоршы сцэнар – гэта вайна паміж мусульманамі і індусамі. Яна можа пракаціцца ад Сірыі да Пакістана, і тады будзе кепска ўсім. Але я спадзяюся, што свет гэтага не дапусціць.

Кітай – мёртвы конь

Кітай знікне як сусветны лідар. На яго рабілі стаўкі, але гэта мёртвы конь.

Кітаю не патрэбны ні лес, ні газ, калі ягоныя трусы і цацкі не купляюць у свеце. Напрыклад, гандлёвы абарот паміж Кітаем і Расіяй за адзін толькі год скараціўся на 30%. З Еўропай і Амерыкай таксама ідзе скарачэнне. Магутнасць Кітая падае. Разлік на ўнутраны рынак не пройдзе, бо кітаец як сто гадоў таму жыў на талерку рыса ў дзень, так і сёння жыве. Яго не прымусіш купіць дзесяць маек, якія не купілі немцы. Новым лідарам у свеце мусіць стаць Усходняя Еўропа.

Выдатныя перспектывы Беларусі

Усе мы здыхлікі неўміручыя. І куды б мы ні адскочылі, мы будзем жыць добра, бо ў новай генерацыі ёсць запыт на “добра жыць”, і моладзь гэтага даб’ецца, я гарантую. У Беларусі каласальны патэнцыял у інтэлектуальнай і лагістычнай сферы. Эпоха дамінавання энергетычных краін сыходзіць, вы самі гэта бачыце – дзе цяперака Расія?

Каб вы разумелі, сёння капіталізацыя Uber’a (мабільны дадатак) – 60 мільярдаў даляраў! А капіталізацыя “Раснафты” – каля 30 мільярдаў.

А дзе стварылі Viber і WhatsApp? У Беларусі. У нас ужо сёння некалькі дзясяткаў кампаній, якія абсалютныя сусветныя лідары і нават манапалісты ў сваіх сферах. Напрыклад, World of Tanks.

У беларускую гульню гуляе ўвесь свет. Але гэта толькі адзін узор.

У Гродне робяць спецыяльнае шкло для касмічных спадарожнікаў, Yukon Advanced Optics Worldwide кантралюе большасць рынку прыбораў начнога бачання, “Алютэх”, “Косвік”, у Беларусі робяць унікальнае абсталяванне для рамонту газавых труб на глыбіні, робяць апараты лазернай медыцыны.

Чаму мы не ведаем пра іх? Бо яны не свецяцца, на тое ёсць прычыны, але гэта паказчык, як мы ўмеем зарабляць.

Эпоха МТЗ і МАЗаў скончаная, яны больш не працуюць. Свет чакае дэіндустрыялізацыі. І мы ўжо займаем свае нішы.

Трэба зірнуць на сваё мінулае. Самае вялікае дзяржаўнае ўтварэнне ў другім тысячагоддзі – гэта ВКЛ. Першая дэмакратычная канстытуцыя, першая верацярпімасць, самая развітая эканоміка, самае развітае дэмакратычнае грамадства. Карані эканамічнай магутнасці ВКЛ у тым, што мы былі лагістычным цэнтрам паміж развітымі скандынавамі і Візантыяй. І ў выніку сталі найбольшымі прыбытка-атрымальнікамі ад гандлю паміж гэтымі цэнтрамі. І што, хіба мы сталі дурнейшымі? Не. Але спачатку трэба ўзгадаць, што мы ліцвіны, народ, які за сваю веліч сцярпеў найбольшы ў гісторыі Расійскай Імперыі генацыд. Аднаўленне Рэчы Паспалітай у фармаце Балта-Чарнаморскай Уніі, як федэрацыі розных дзяржаў, мне здаецца малаімаверным. Гэта будзе штосьці накшталт Ганзейскага эканамічнага саюза з апірышчам на свае ўнутраныя рынкі. Беларусь таксама можа стаць еўрапейскім лідарам, бо для гэтага ёсць гістарычны падмурак. Зноў успомнім Вялікае Княства Літоўскае – вось наш вялікі ўзор.

***

Аляксандр Аніскевіч з’яўляецца сябрам рады дырэктараў нафтатрэйдара Bryce Holding Limited (Cyprus). Кіруе напрамкам мабільных дадаткаў і інавацый у сферы IT.

У 2009 годзе стварыў і ўзначаліў Інстытут праблем мадэрнізацыі, стратэгіі і развіцця грамадства.

Запісаў Арцём ГАРБАЦЭВІЧ, «Наша Ніва».

Эканамісты пра тое, колькі будзе каштаваць долар і як стабілізаваць курс

Асуджаны да расстрэлу віляйчанін падаў скаргу ў Вярхоўны суд

Выбіраем пераможцу конкурсу «Натхняй сваёй гісторыяй здароўя»

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце