weather 4° Маладзечна
weather 4° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 4° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 4° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
25.01.2016 15:38 ,

Эксперты: будаўніцтва свінакомплекса каля Соўлава не адпавядае патрабаванням заканадаўства

Фота: minipedia.org.ua.

Скончылася грамадская экалагічная экспертыза праектнай дакументацыі па аб’екту “Будаўніцтва свінагадоўчага комплекса на 100 тысяч галоў у год і пад’язных дарог да яго ў раёне вёскі Соўлава Маладзечанскага раёна”.

Яна доўжылася ад 23 снежня 2015 года да 21 студзеня 2016 года. “Рэгіянальная газета” друкуе асноўныя пункты экспертызы.  

Асноўныя высновы грамадскай экалагічнай экспертызы:

1. Разлікі выкідаў забруджвальных рэчаў пры ўтрыманні, вырошчванні, адкорму свіней выкананы з хібамі.

У апісанні ўказана, што адкормачны маладняк свіней будуць утрымліваць у свінарніках змяшчальнасцю 1 920 галоў кожны. Пры гэтым выкіды ад гэтых свінарнікаў разлічвалі на 1 800 галоў.

2. Запланаваных лагун для стокаў недастаткова, каб змясціць гной, які ўтворыцца ад запланаванай колькасці жывёл.

Згодна з праектам, стокі абеззаразяцца натуральным чынам за 7,5 месяцаў. Паводле санітарных нормаў, біялагічны спосаб захавання гною ў адкрытых сховішчах свінагадоўчых прадпрыемстваў – 12 месяцаў.

3. Па праекту, пасля ачысткі дажджавыя воды скідаюцца ў перасыхаючае рэчышча ракі Бярозкі. Такім чынам, мяркуюцца значныя змены гідралагічнага рэжыму ракі, а ацэнка магчымых наступстваў не праведзена.

4. У справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не раскрыта і не прааналізавана, якія навейшыя тэхналогіі будуць выкарыстаны пры будаўніцтве свінакомплексаў.

5. Сістэма ачысткі вадкага гною ў лагунах не можа знаходзіцца на прапануемым у праекце месце. Неабходна вытрымаць санітарны разрыў у два кіламетры ад жывёлагадоўчых памяшканняў і жылой забудовы.

6. Праекціроўшчыкі ацанілі фонавае забруджванне атмасфернага паветра ў раёне Соўлава і значна аддаленых пунктаў – Адамовічы і Мойсічы. Але не ацанілі само забруджванне.

У зоне плануемага свінакомплекса размешчаны і іншыя населеныя пункты: Ленкаўшчына, Трэскі, Клочкава Маладзечанскага раёна, а таксама Родзеўшчына і Высокае Валожынскага раёна. Аднак па ім не прадстаўлена інфармацыя па стане атмасфернага паветра.

7. У раздзеле “Павярхоўныя воды” найбольшая ўвага нададзена рацэ Нёман, мінімальная адлегласць да якой ад пляцоўкі будаўніцтва каля 60 кіламетраў. Якасць водных аб’ектаў ахарактарызавана ў цэлым для краіны і для басейна ракі Нёман.

Каля Соўлава ёсць бліжэйшыя водныя аб’екты – рака Бярозка і возера на захадзе, якія ўпадаюць у басейн Нёмана, але іх праекціроўшчыкі не ацэньваюць.

8. У раздзелах “Геалагічнае асяроддзе і падземныя воды” і “Рэльеф і геамарфалагічныя асаблівасці раёна” вельмі многа інфармацыі ў цэлым па краіне і па Мінскай вобласці, што ніяк не характарызуе непасрэдна тэрыторыю плануемай пабудовы.

Якасць падземных вод ахарактарызавана па дадзеных Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі без пэўнай прывязкі да тэрыторыі. У выніку немагчыма ўстанавіць якасць падземных (грунтовых) вод непасрэдна побач пляцовак будаўніцтва свінакомплекса. Гэта з’яўляецца асабліва актуальным для меркаванага ўздзеяння на грунтовыя воды.

9. Няма ацэнкі прыроднай абароненасці падземных вод у раёне размяшчэння гноесховішч.

10. У непасрэднай блізкасці ад пляцовак будаўніцтва знаходзяцца землі Маладзечанскага лясгаса. Аднак адсутнічае характарыстыка парод і ўзросту лесу, яго стан.

11. У раздзеле “Прыродныя комплексы і прыродныя аб’екты” дадзена характарыстыка Маладзечанскага раёна, але няма інфармацыі па Валожынскаму раёну, адлегласць да якога ад пляцоўкі рэпрадуктара менш за 200 метраў.

Спецыялісты, якія ўдзельнічалі ў грамадскай экалагічнай экспертызе, упэўненыя, што рэалізаваць праект без унясення карэктыў немагчыма.

Яны робяць выснову, што будаўніцтва свінагадоўчых комплексаў на 100 тысяч галоў у раёне вёскі Соўлава Маладзечанскага раёна не адпавядае патрабаванням заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя па сукупнасці недахопаў праектнай дакументацыі.

Яны настойваюць на дапрацоўцы справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. І на тым, што пасля дапрацаваную справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе неабходна вынесці на грамадскае абмеркаванне.

Над экспертызай працавалі пяць спецыялістаў:

Рыгор Фёдараў, юрыст, спецыяліст у галіне экалагічнага права, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, стаж працы – 14 гадоў.

Наталля Блышчык, інжынер-хімік-эколаг, спецыяліст па працы з адходамі, стаж працы – 6 гадоў.

Наталля Парэчына, біёлаг, мае вышэйшую біялагічную адукацыю, стаж працы – 26 гадоў.

Уладзіслаў Юркоў, магістр навук у галіне геалогіі.

Клара Раманава, вядучы эксперт Федэральнай службы па наглядзе ў сферы прыродакарыстання Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы “Цэнтр лабараторнага аналізу і тэхнічных вымярэнняў па Прыволжскай федэральнай акрузе”; спецыяліст у галіне ачысткі прыродных і сцёкавых вод і навакольнага  асяроддзя і прыродакарыстання, мае вышэйшую экалагічную адукацыю, стаж працы – 34 гады.

Паводле заключэння грамадскай экалагічнай экспертызы грамадскага аб’яднання “Экадом”.

Заключэнне грамадскай экалагічнай экспертызы грамадскага аб’яднання “Экадом” цалкам можна сцягнуць тут.

ААТ “Вялес-Міт” перадало дакументы на незалежную экалагічную экспертызу, некаторых не хапае

На гэтым тыдні будзе надвор’е, характэрнае для другой паловы сакавіка (+цікавыя факты пра надвор’е ў рэгіёне)

Як засцерагчыся ад эпідэміі грыпу, якую чакаюць у канцы студзеня-пачатку лютага

Футуролаг Аляксандр Аніскевіч: Новым лідарам у свеце мусіць стаць Усходняя Еўропа, а мадэль жыцця да 2020 года непрадказальна зменіцца

За 23 гады нас стала менш амаль на мільён. У Беларусі – чырвоны ўзровень дэмаграфічнай небяспекі

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце