weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 5° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4078
1 долар 2.0999
100 рас.руб. 3.215
26.01.2016 13:16 ,

Плануюць скараціць “дэкрэтны” адпачынак. Шукаем плюсы і мінусы разам з псіхолагам і доктарам

Фота: polifraldas.com.

На мінулым тыдні з’явіўся артыкул у эканамічным выданні памочніка Прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыла Рудога.

У ім ён разважае наконт таго, што  варта скараціць адпачынак па доглядзе за дзецьмі да двух гадоў.

У Беларусі такі адпачынак адзін з самых працяглых – тры гады, у Расіі – паўтара, у Казахстане – адзін.

Адпачынак паўнацэнна выконвае свае функцыі два гады

Аўтар пералічвае мінусы  працяглага адпачынку па доглядзе за дзецьмі. Сярод іх зніжэнне прафесіяналізму жанчын, што прыво­дзіць да больш нізкіх заробкаў; датэрміновы выхад на працу; рэкамендацыі медыка наконт таго, што аптымальны тэрмін для груднога кармлення – два гады.

На аснове гэтага ён  робіць выснову, што трохгадовы “дэкрэтны” адпачынак паўнацэнна выконвае сваю функцыю толькі ў першыя два гады. Дадатковы год з’яўляецца, хутчэй, вынікам недахопу дашкольнай інфраструктуры, звычкі і іншых прычын, не звязаных наўпрост з доглядам за дзіцем.

Аргументы мам, чаму “дэкрэтны” павінны быць тры гады

Гэта навіна адразу ўзрушыла мам. У каментарах да артыкулаў яны прыводзілі аргументы, чаму не трэба скарачаць працягласць адпачынку па доглядзе. Сярод аргументаў:

1. Многія дзеці ў два гады толькі прывучаюцца да гаршка, не ўмеюць самастойна апранацца, есці, пачынаюць гаварыць першыя словы. Выхавальніцы не змогуць кожнаму дзіцяці даць пэўны догляд.

2. Адаптуючыся ў садку, дзеці часта хварэюць. Аднак не кожны працадаўца будзе задаволены частымі бальнічнымі жанчыны.

3. Недастатковая колькасць дзіцячых садкоў.

Цяпер выплата па доглядзе за адным дзіцем складае 2 мільёны 433 тысячы 700 рублёў. У год адна мама атрымлівае ­29 мільёнаў 204 тысячы 400 рублёў. У сярэднім у апошнія гады ў краіне было каля 110 тысяч родаў у год. Атрымліваецца, каб выплаціць гэтай колькасці мам за месяц, дзяржава аддае 267 мільярдаў 707 мільёнаў рублёў.

У сацсетках мы правялі апытанне сярод чытачоў і падпісчыкаў, ці трэба скарачаць працягласць адпачынку па доглядзе за дзецьмі. Усяго ў апытанцы прынялі ўдзел 434 чалавекі.

389 чалавек прагаласавалі за тое, каб не скарачалі адпачынак, каб дзіця найдаўжэй было з маці. 26 рэспандэнтаў выказаліся за тое, што два гады – гэта аптымальны тэрмін для адпачынку. 12 чалавек выбралі пункт – іншы варыянт адказу. Сем чалавек прагаласавалі за тое, што тры гады для такога адпачынку замнога.

Жанчына нармалізуецца пасля родаў праз паўгода

Жанчына нармалізуецца пасля родаў праз паўгода. Фота plus.google.com.

Жанчына нармалізуецца пасля родаў праз паўгода. Фота plus.google.com.

Мы спыталі ў спецыялістаў, які ўзрост аптымальны для дзіцяці, каб аддаць яго ў дзіцячы садок.

Загадчыца жаночай кансультацыі Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы Людміла Бычак адзначае, што ў сярэднім фізічны стан жанчыны нармалізуецца пасля родаў праз паў­года, калі няма ўскладненняў.

– Карміць дзіця грудзьмі пажадана год, не даўжэй, – расказвае спецыяліст. – Праз год малако маці не мае ўсяго багацця карысных элементаў, як гаварылі раней, становіцца пустым. Лепш у гэты час прывучаць дзіця да звыклай ежы. Тым больш, што ў дзіцяці фарміруецца прыкус, а кармленне  грудзьмі перашкаджае гэтаму.

З гэтага можам зрабіць выснову, што жанчына можа прыступіць да працы праз год пасля нараджэння дзіцяці.

Першыя спробы разлукі з мамай можна пачынаць у восем-дзевяць месяцаў

Псіхолаг Таццяна Жданава лічыць, што аптымальны ўзрост для таго, каб аддаць дзіця ў садок – тры-тры з паловай гады.

Трэба памятаць, што дзіця яшчэ трэба падрыхтаваць да разлукі. Першыя спробы можна пачынаць у восем-дзевяць месяцаў. У гэтым узросце дзеці фізічна і псіхічна гатовыя адпускаць маму, але часта развітваюцца так, як быццам назаўсёды. У гэты перыяд актывізуецца страх згубіць блізкага чалавека.

Паралельна з гэтым у дзіцяці фарміруецца разуменне, што мама вернецца.

Дзевяць-дзесяць месяцаў – гэта першы тэрмін, калі мама можа разлучацца з дзіцем, каб выйсці на працу. Але лепш на няпоўны рабочы дзень. Пры гэтым мама павінна кіравацца здароўем дзіцяці. Калі не рэжуцца зубкі, няма іншых захворванняў, няма зменаў у жыцці дзіцяці, напрыклад, пераезд, адаптацыя ў яслях, і іншых істотных змяненняў, можна выходзіць на працу.

Да двух з паловай гадоў для дзіцяці увесь свет – мама

Да двух з паловай гадоў для дзіцяці увесь свет – мама. Фота michlo1.rssing.com.

Да двух з паловай гадоў для дзіцяці увесь свет – мама. Фота michlo1.rssing.com.

Гадавалае дзіця можа прывыкнуць да таго, што мамы няма побач. Аднак у гэтай сітуацыі прывыкнуць – значыць, змірыцца і моўчкі пакутаваць, рэагуючы на стрэс частымі прастудамі і іншымі захворваннямі, дрэнным настроем, зніжэннем цікавасці да навакольнага свету. Гэта адмоўна ўплывае на эмацыйнае і інтэлектуальнае развіццё дзіцяці.

Да двух з паловай гадоў у дзіцяці няма імкнення гуляць з іншымі дзецьмі. Яно яшчэ не ўмее і не ведае, як гэта рабіць, у гэтым узросце, як правіла, не ўзнікае такой патрэбы. Увесь свет для яго – гэта мама.

Таму, калі дзіця аддаюць у садок ва ўзросце да двух з паловай гадоў, – гэта будзе заўсёды так альбо інакш супраць прыроды дзіцяці, яго псіхалагічных патрэбаў.

Гурткі спрыяюць лепшай адаптацыі дзіцяці

Гурткі спрыяюць лепшай адаптацыі дзіцяці. Фота banthancuame.dutchlady.com.vn.

Гурткі спрыяюць лепшай адаптацыі дзіцяці. Фота banthancuame.dutchlady.com.vn.

Аптымальным варыянтам з’яўляюцца заняткі, гурткі, якія развіваюць. Сюды прыходзіш разам з мамай на гадзіну-дзве, мама заўсёды побач, у любую хвіліну гатовая прыйсці на дапамогу, падтрымаць, паказаць, што і як рабіць. Гэта дапамагае адаптаваць да дзіцячага садка і больш лёгка расставацца з мамай.

Дзіця, якому цяжка прывыкнуць да садка, не заўсёды яўным чынам пакажа гэта. Яно можа паводзіць сябе дастаткова паслухмяна, выказваючы свае перажыванні ускосным чынам. Самая распаўсюджаная форма – прастуда, зніжэнне апетыту, раздражнёнасць, дрэнны сон, плач па начах. Калі праз тры-чатыры тыдні гэтыя сімптомы не знікаюць, можна гаварыць пра тое, што дзіця дрэнна адаптуецца да дзіцячага садка.

У такім выпадку малога пажадана пазбавіць ад наведвання садка на бліжэйшы год. Калі гэта зусім немагчыма, пастарацца змякчыць траўмуючую сітуацыю, пакідаць дзіця на паўдня, устройваць дадатковы выхадны пасярод тыдня, пашукаць сад з меншай колькасцю дзяцей у групе.

Калі ў вас ёсць магчымасць, лепш аддаваць дзіця ў садок бліжэй да трох гадоў. Гэта будзе менш траўматычна для дзіцяці.

Калі такой магчымасці няма і трэба аддаваць дзіця ў садок раней, неабходна зрабіць усё магчымае, каб максімальна падрыхтаваць яго, мінімалізаваць эмацыйную нагрузку.

З 1 лютага павышаюцца дапамогі на дзяцей да трох гадоў. Максімум на долар

Плануюць скараціць адпачынак па доглядзе за дзецьмі да двух гадоў

Літоўскі досвед: дзеці могуць абыходзіцца танна

Добраахвотна і праз касу. Міністэрства адукацыі выказалася пра школьныя паборы

30 пытанняў, якія варта задаваць бацькам сваім дзецям-школьнікам

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце