weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
14.02.2016 15:55 ,

Прайсціся па былым парку шляхціца Любанскага, знайсці любецкі валун – турыстычны маршрут па заходняй Вілейшчыне

У Любані захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы: бровар, лядоўня, аранжарэя, хата, у якой жыла прыслуга Любанскіх.

Артыкул прысвячаю сваім бацькам Анастасіі і Івану Трубачам, чыя малая радзіма знаходзіцца менавіта ў гэтым радыусе – Любках і Слабадзе.

Бясснежныя пейзажы за акном спрыяюць падарожжу, таму збіраемся ў дарогу. Вас чакае турыстычны маршрут – “Любанскі радыус”.

Падчас падарожжа вы пройдзецеся па былым парку шляхціца Любанскага, даведаецеся назву месца, дзе адбылася бітва царскіх войскаў і касінераў, пабачыце царкву 1929 года. Дазнаецеся, дзе цяпер знаходзіцца капліца ў Каралеўцах і любецкі валун, а таксама як выглядаў іжанскі вадзяны млын.

Маршрут пройдзе па заходняй Вілейшчыне праз Любань, Любкі, Каралеўцы, Іжу, Слабаду.

У Любані была пушча

Упершыню вёска згадваецца ў 1780 годзе. Але пад назвай Юхавічы, якая паходзіць ад Юхавіцкай пушчы, што раней знаходзілася тут. На той час галоўнай асаблівасцю паселішча была карчма.

Далей гісторыя мястэчка звязваецца з Кацярынай Другой, якая падчас аднаго з падзелаў Рэчы Паспалітай прадала вёску генералу Бергману. Яго дзеці здалі Юхавічы ў арэнду шляхціцу Івану Любанскаму. Ён быў мэтанакіраваным чалавекам: у 20 гадоў быў камісарам, пабудаваў сабе рэзідэнцыю на рацэ Вужы, заклаў парк, у якім раслі ліпы Мальтке, кедравыя хвоі, туі, стварыў аранжарэю.

Шляхціц Любанскі стварыў аранжарэю. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Шляхціц Любанскі стварыў аранжарэю. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Шляхціцу не падабалася, што яго суседзі простыя сяляне,  таму перасяліў іх ва ўрочышча Казюткі. Яны забралі з сабой і назву мясціны – Юхавічы. Сядзібу ж шляхціц назваў Любань. Аднак у хуткім часе яна згарэла, маўляў, людзі праклялі за пераезд. Стайню перабудавалі пад палац. Але ад яго нічога не засталося. А вось некаторыя гаспадарчыя пабудовы захаваліся: бровар, лядоўня, аранжарэя, хата, у якой жыла прыслуга.

Царкву будавалі “ўсім светам”

Падчас узброенага паўстання 1830 года ў маёнтку жыў пляменнік Івана Любанскага – Віктар. Адступаючы з Вілейкі, ён даў бой у Любані.

А падчас паўстання 1863 года праз вёску ішоў атрад пад кіраўніцтвам Густава Чаховіча на злучэнне з атрадам Козела Паклеўскага. Але рускія войскі разбілі паўстанцаў у лагчыне паміж Каралеўцамі і Любкамі. Сёння яна завецца Біты Лог.

Фота забяспечана Воляй Трубач.

Фота забяспечана Воляй Трубач.

У часы БССР Любань была цэнтрам аднаго з лепшых саўгасаў.

Фота забяспечана Воляй Трубач.

Фота забяспечана Воляй Трубач.

У пачатку 2000 года тут з’явiлася царква ў гонар беларускiх святых. Будавалі яе “ўсім светам” – за ахвяраваннi мясцовых жыхароў.

Каралеўцы раней называліся Іжай

Рухаемся далей. Адразу пераехаўшы мост праз раку Нарачанку, перад намі паўстае вёска. У вочы кідаецца памятны валун, усталяваны ў гонар першага ўспаміну Каралеўцаў у летапісах (1443 год). Але ў гэтым годзе яна называлася па-іншаму – Іжа. Менавіта гэты факт знайшоў краязнаўца і даследчык гісторыі беларускага Павілля Анатоль Рогач. 

Накіроўваючыся ў цэнтр, можна трапіць на рэшткі былога сельскага клуба, школы і бібліятэкі. Ад бібліятэкі захавалася толькі пабудова. Я знайшла там выпускі часопісаў “Наука и религия” за 1961 год, “Народная асвета” за чэрвень 1960 года. Яны ляжалі на падлозе.

Рачны слоўнік вёскі Іжа

Гатар – тартак.

Стаў – 1) плаціна,

2) сажалка, вадасховішча, пойма ракі са стаячай перад плацінай вадой.

Джыгаць, джгаць – скакаць у ваду нагамі ўніз.

Даваць нурца, нурцаваць – ныраць. Толькі галавой уніз!

Жылка – рыбацкая лёска.

Бродзень – браднік. Сетка на рыбу, з якой упраўляюцца трое мужчын.

Вангор (гэ выбухное) – вугор.

Капліца з Каралеўцаў пераехала пад Мінск

Найбольшай цікавасці заслугоўвае капліца ў Каралеўцах.  

Капліца ў Каралеўцах. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Капліца ў Каралеўцах. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Згодна з “Памятной книгой виленского генерал-губернатара за 1868 год”, яе пабудавалі ў 1802 годзе “тщанием крестьянина Александра Рогача”, а званіцу – у 1808 годзе.

Рамантавалі яе ў сярэдзіне 19 і першай палове 20 стагоддзя. Але да канца стагоддзя дах пачаў абвальвацца. А ў 1986 годзе ўсё, што засталося ад капліцы, перавезлі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, што ў Азярцы пад Мінскам. Неўзабаве пачалася рэстаўрацыя.

Паралельна супрацоўнікі музея аднаўлялі інтэр’ер храма. Ён змяніў як канфесійную прыналежнасць – яго будавалі як грэка-каталіцкі храм, а стаў праваслаўным, так і прызначэнне – ад могілкавай капліцы да прыходскай царквы.

У Каралеўцах жа на месцы былой капліцы ўзвялі новую ў гонар Мікалая Цудатворца (2008 год).

Калі ў вас ёсць жаданне пабачыць не новую капліцу на месцы старой, а старую, трэба ехаць у Азярцо.

Ужо згаданы Біты Лог знаходзіцца на ўскрайку Каралеўцаў. 5 чэрвеня 1863 года тут адбылася бітва паміж касінерамі на чале з Густавам Чаховічам і царскімі войскамі. Атрад Чаховіча быў разбіты, паўстанцаў пахавалі на ўзгорку каля Вутак. Пазней брацкую магілу знішчылі.

Любецкі валун можна ўбачыць у Вілейцы

Любецкі валун можна ўбачыць у Вілейцы. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Любецкі валун можна ўбачыць у Вілейцы. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Фота забяспечана Воляй Трубач.

Фота забяспечана Воляй Трубач.

Любецкі валун мае даўжыню 2 метры, шырыню 1,7 метра, вышыню 1,35 метра. Мае прасападобную форму, адшліфаваную паверхню і круглявыя бакі.

Адразу пасля калгаснай фермы пачынаецца вёска Любкі. Тое, дзеля чаго сюды варта было прыехаць, – любецкі валун з ямкамі па рашэнні Мінпрыроды перавезлі ў Вілейку.

Помнік адкрылі ў 1997 годзе Валеры Вінакураў і Аляксандр Зайцаў, з таго часу валун з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

З царквы зрабілі склад, потым музей

Наперадзе, за бярозавым гасцінцам, нас чакае Іжа. Першапачатковая назва – Іжа Кішчанская (Кішчанцы).

У Іжы ёсць царква Святога Іосіфа Абручніка (1929 года).

У Іжы ёсць царква Святога Іосіфа Абручніка. Фота забяспечана Воляй Трубач.

У Іжы ёсць царква Святога Іосіфа Абручніка. Фота забяспечана Воляй Трубач.

У 1963-1989 гадах у ёй месціўся склад, затым музей калгаса “Рассвет”. У 1990 годзе храм аддалі праваслаўным вернікам.

Ад першай паловы 20 стагоддзя на беразе Нарачанкі быў драўляны ва­дзяны млын.

У цэнтры вёскі ёсць мемарыяльны комплекс, прысвечаны памяці 128 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Ён пабудаваны ў 1967 годзе.

Фота забяспечана Воляй Трубач.

Фота забяспечана Воляй Трубач.

Апошні пункт маршруту – Слабада. Вёска, якая раней мела сваю царкву, аднак за саветамі страціла яе. Паблізу знаходзіцца прыгожае і шчодрае на рыбу возера – Слабадское.

На гэтым заканчваецца наша падарожжа. Магчыма, у вас ёсць, што дадаць да любанскага радыуса? Падзяліцеся!

Падчас квэста ўдзельнікі прайшлі месцамі Генадзя Каханоўскага (+Фота)

Пройдзе квэст, прысвечаны Генадзю Каханоўскагаму

Большасць удзельнікаў тутэйшага квэсту ў Смаргоні былі з Мінска (шмат фота)

Тутэйшыя квэсты ў Смаргоні: арганізатары ўвялі элемент анімацыі, заданні можна выконваць пешшу альбо на ровары

Ісландыя. Аўтаспынам па краіне вікінгаў

Аўтаспыншчыца: “Жыццё і ёсць дарога, стаяць на месцы – злачынства”

Гісторыя аўтаспыншчыка, які ўбачыў Індыю за 15 долараў

Воля Трубач пра газету: “У газеце “ўтульна” бачны чалавечы падыход пры расповедзе пра падзеі”

Убачыць касцёл, пабудаваны за залатую табакерку, і абняць адзін з самых вялікіх камянёў Вілейшчыны. Маршрут “Па даўгінаўскіх ваколіцах”

Турызм дапамагае адпачыць ад горада, вучыць разумець людзей

Як вандроўка змяніла жыццё смаргонца Аляксея Сабельнікава і маладзечанкі Іны Высоцкай

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце