weather 6° Маладзечна
weather 6° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 6° Ашмяны
weather 5° Валожын
weather 6° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4078
1 долар 2.0999
100 рас.руб. 3.215
03.07.2016 11:52 ,

«Ідзеш па вуліцы сярод гарачага попела. Збочыць няможна». Жыхар Краснага расказвае пра фота 1944 года з архіва Кангрэса ЗША

Фота: Аляксандра Манцэвіча.

Ураджэнец Краснага, а цяпер жыхар Нью-Ёрка Марк Хамічонак знайшоў у архівах Кангрэса ЗША здымкі, звязаныя з гісторыяй свайго роднага мястэчка. Адзін з іх зроблены нямецкім аэрафатографам 22 ліпеня 1944 года. У той час Краснае ўжо было вызваленае ад фашыстаў.

Мы размаўляем з адным нешматлікім жыхаром Краснага, які памятае мястэчка тых часоў.

Аляксандр Харытон сустракае нас у тым доме, дзе ён правёў сваё даваеннае дзяцінства, гады вайны і сёння жыве ў ім. Сядзіба Харытона спускаецца да берагоў пакручастай, але ціхай Ушы.

Аляксандр Харытон.

Аляксандр Харытон.

Тапаграфію Краснага старажыл ведае дасканала, да драбніц. Кожны паварот той самай Ушы ён пазнае на здымку. Таму і арыентуецца ў гэтым архіўным ваенным фота дакладна.

– Гэты дакумент мае для мяне вельмі страшную сілу, бо я ўбачыў сябе ў гэтым попеле, – гаворыць Аляксандр Харытон і паказвае на здымку месцы, дзе ўгадваюцца падмуркі спаленых дамоў. – Хто быў бяднейшы, будаваўся без фундаментаў, у таго і знаку ад дома магло не застацца.

Аэрафотаздымак Краснага, зроблены нямецкім разведчыкам 22 ліпеня 1944 года.

Аэрафотаздымак Краснага, зроблены нямецкім разведчыкам 22 ліпеня 1944 года.

1. Магілы савецкіх воінаў. 2. Канцлагер. 3. “Працоўны” лагер. 4. Спалены ток. Месца гібелі яўрэяў. 5. Брацкая магіла на яўрэйскіх могілках.

Мой суразмоўца кажа, што кожны з тых, хто перажыў вайну ў Красным, можа ўспомніць рознае. І Галакост, калі тут знішчылі каля трох тысяч яўрэяў, і 44-ы год, калі мястэчка было амаль цалкам спаленае.

– Немцы палілі, савецкія самалёты крыху дадалі. А мне, тады сямігадоваму хлапчуку, запомніўся гэты попел. Ідзеш па вуліцы, па цэментных ходніках, сярод гарачага попелу. Збочыць не можна. Горача, ды і на папялішчы засталіся цвікі, бітае шкло… І коміны. Наша хата ацалела, яшчэ некаторыя тут, з боку Маладзечна, а ў бок Мінска, па былой Радашкоўскай вуліцы, цяпер імя 17 Верасня, згарэла ўсё скрозь.

Трэба ўвекавечыць памяць

Аляксандр Харытон паказвае на архіўным здымку чатыры прамавугольнічкі на ўскрайку Краснага ў кірунку Маладзечна ля “Зялёнага моста”. Там былі баракі канцлагера, дзе ўтрымліваліся савецкія ваеннапалонныя. Непадалёк за лініяй агароджы ўгадваецца цёмная пляма.

Па словах Аляксандра Уладзіміравіча, там брацкая магіла нацысцкіх ахвяр з канцлагера.

Некалькі гадоў таму мы пісалі аб гісторыі ваеннапалонных. Спецыяльны пошукавы батальён рабіў раскопкі ў меркаваным месцы агульнай магілы, але нічога не знайшлі. Гэта месца да вайны было чыстым полем, сёння яно зарасло лесам і зарыентавацца дакладна па вусных аповедах старажылаў цяжка.

– Цяпер жа мы маем дакладны дакумент з дакладнымі каардынатамі, – кажа Харытон.

Большасць нашых чытачоў ведае, мабыць, месца стыхійнага базарчыку пры ўездзе з Маладзечна ў Краснае. Там прадаюць першыя духмяныя суніцы і чарнабокія з кіслінкай чарніцы. Ведайце, што ягады маглі расці на месцы расстрэлаў і безыменных незаўважных сёння магілах соцень, а можа і тысяч забітых чырвонаармейцаў.

– Адкуль, Аляксандр Уладзіміравіч, такая ўпэўненасць, што дзесьці там гэтыя магілы? – пытаюся я ў Харытона.

– Людзі з суседніх Канчанаў, якія ганялі кароў, вазілі сена, бачылі на свае вочы, як у 1942 годзе з канцлагера вазілі трупы на калёсах, – Харытон паказвае на манітор камп’ютара. Затым удакладняе: – І былі дзве ямы. Вось і тут на здымку адна больш ярка відаць, бо свежая, але праглядаецца і другая, ранейшая. Там ляжыць каля дзвюх з паловай тысяч, а можа і тры тысячы чалавек.

У такіх лічбах Аляксандр Харытон упэўнены, бо ў Канчанах пасля вайны жыў доктар з ваеннапалонных, які абслугоўваў гэтыя баракі. І такія лічбы ён называў.

Яшчэ адзін, так званы працоўны лагер, знахо­дзіўся на тэрыторыі сучаснай вайсковай часці. Абрысы яго ўгадваюцца на фотаздымку.

Менавіта з яго тысячы жыхароў Красненскага гета паехалі ў свой апошні шлях на месца сваёй страшнай пагібелі ў таку аднаго з местачкоўцаў. Гэта месца сёння можна знайсці, калі звярнуць з галоўнай вуліцы Краснага ля помніка-танка ў супрацьлеглы ад Чысці бок.

– Іх везлі паўз нашу хату, – успамінае Аляксандр Уладзіміравіч.

– Я гэту карцінку добра памятаю. Машына крытая, унутры белыя, распранутыя да сподняга, яўрэі, спераду матацыкл з аўтаматчыкам, такі ж ззаду…

Здымак, зроблены нямецкім авіяразведчыкам, дакладна паказвае яшчэ адно месца масавага пахавання яўрэяў у Красным, на старых закінутых яўрэйскіх могілках.

Месца масавай гібелі жыхароў красненскага гета.

Месца масавай гібелі жыхароў красненскага гета.

І толькі адну магілу з трох, пра якія мы гаварылі, сёння можна знайсці на памятным абеліску. На месцы спаленага току. Яго, па словах Харытона, паставілі стараннямі і на сродкі аднаго ўцалелага ў Галакосце красненца Сямёна Грынгаўза, які цяпер жыве ў Ізраілі. Грынгаўз са сваёй мамай выжылі ў віры вайны, а тут, у  Красным, у гэтым попеле ляжаць яго сястра і брат.

Аляксандр Уладзіміравіч Харытон упэўнены, што ўсе месцы знішчэння мірных жыхароў і ваеннапалонных у Красным павінны быць увекавечаныя. На маё пытанне, хто гэта павінны зрабіць: мясцовыя ўлады, самі жыхары, пусціўшы шапку па коле, ён адказвае: “Гэта павінна быць зроблена”.

– Для мяне, – кажа Харытон, – Дзень вызвалення Беларусі ў першую чаргу не свята, а горкія ўспаміны аб тым гарачым попеле сорак чацвертага.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце