weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 19° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 19° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
03.07.2016 12:18 ,

Мастакі рэгіёна хочуць стварыць свой клуб

На выставе Эдуарда Мацюшонка.

Пра гэта гавораць мастакі Маладзечна, Вілейкі, Смаргоні пасля публікацыі ў “Рэгіянальнай газеце” допісу мастака Эдуарда Мацюшонка. Якая канцэпцыя такога яднання можа быць?

Маладзечна з’яўляецца культурнай сталіцай краіны 2016 года. У рамках гэтай падзеі арганізоўваецца выстава мастакоў рэгіёна. Такія праекты маюць велізарнае значэнне для ўсталявання творчых сувязяў маладзечанскіх аўтараў і мастакоў з рэгіёнаў не толькі ў азнаямленчым плане, але і для развіцця адзінай культурнай прасторы, што вельмі важна для краіны ў цэлым.

Маладзечанскія майстры часта і з задавальненнем едуць у раней нязведаныя мястэчкі беларускай глыбінкі, дзе чэрпаюць натхненне ў выявах прыроды і архітэктуры, гэтак жа шчыра шукаюць творчых кантактаў са сваімі калегамі вілейскія, смаргонскія, валожынскія і іншыя мастакі.

Канцэпцыя выставы заключаецца ў тым, каб паказаць самабытнасць і непаўторнасць рэгіянальнага мастацтва, пераемнасць яго пакаленняў.

Выстава рэгіянальнага мастацкага праекта “Агульная прастора” ў рамках традыцыйнай акцыі “Культурная сталіца года” мае на ўвазе далейшую арганізацыю творча-асветніцкага Клуба рэгіянальных мастакоў, што будзе спрыяць інтэграцыі прасторы сучаснага беларускага мастацтва, актывізаваць культурнае рэгіянальнае жыццё.

Маладзечна – адзін з тых гарадоў Мінскай вобласці, які мае магчымасць атрымаць статус не толькі аднаго з культурных, але і перспектыўна-трывалых мастацкіх цэнтраў Беларусі. Тым больш, што ў перыяд 80-90-х гадоў дваццатага стагоддзя Маладзечна вылучалася на фоне многіх іншых раённых гарадоў краіны актыўнай мастацкай дзейнасцю.

Фота Міхася Куляша (з сайта vialejka.info).

Фота Міхася Куляша (з сайта vialejka.info).

Студыя, арганізаваная адной з найстарэйшых мастакоў горада Ядвігай Раздзялоўскай, у 1979 годзе атрымала званне “народная”, дала гораду і рэгіёну пляяду таленавітых майстроў, служыла стартавай пляцоўкай для далейшай прафесійнай адукацыі,

З’яўлялася цэнтрам мастацкага жыцця. Раздзялоў­ская адна з тых, чые імёны ўславілі Мала­дзечна. Клуб  з гонарам будзе насіць яе імя.

Пад патранажам “Рэгіянальнай газеты” клуб можа паслужыць камертонам для ўсіх рэгіянальных майстроў, цэнтрам для самавыяўлення маладых аўтараў, месцам засяроджвання мастацкага жыцця горада.

Мастакі маюць намер на грамадскіх добра­ахвотных пачатках дапамагаць культурнаму выхаванню жыхароў Маладзечаншчыны і спадзяюцца на грамадскую і дзяржаўную падтрымку ў наладжванні сваіх творча-асветніцкіх і культурна-выхаваўчых ініцыятыў.

Першым мерапрыемствам на шляху ажыццяўлення гэтай праграмы будзе Першая рэгіянальная выстава, якая здолее аб’яднаць усіх патэнцыйных членаў Клуба рэгіянальных мастакоў.

Выбар твораў для выставы будзе накіраваны на дэманстрацыю актуальных па тэматыцы, арыгінальных па напаўненні і форме наватарскіх мастацкіх твораў.

У экспазіцыі будуць адлюстраваныя як традыцыйныя, так і новыя тэндэнцыі сучаснага мастацтва. Важную ролю адыграе выкарыстанне інтэрактыўных формаў працы з гледачамі з удзелам сучасных аўдыявізуальных і інфармацыйных тэхналогій. У экспазіцыі выставы будуць створаныя інтэрактыўныя зоны для наведнікаў рознага ўзросту, сацыяльных катэгорый і інтарэсаў.

Запланаванае шырокае асвятленне выставы “Рэгіянальнай газетай”, на інтэрнэт-сайтах, у часопісах, таксама ў СМІ Маладзечна і іншых гарадоў рэгіёна, на ТБ і радыё.

Падчас выставы запланаваныя дні сустрэч з мастакамі і іх майстар-клас па жывапісе і графіцы, абмеркаванні выставы з гледачамі і выступленні маладзечанскіх і сталічных мастацтвазнаўцаў, канцэрты спевакоў і музыкантаў.

У гэты новым фармаце правядзенне выставы будзе значнай па­дзеяй, якая стане па­чаткам больш актыўнай ролі мастака ў жыцці рэгіёна. І самі мастакі, і нашы суайчыннікі ў рэгіёнах да гэтага ўжо аб’ектыўна падрыхтаваныя. Неабходна зрабіць першы наватарскі творчы крок.

Мэта праекта:

  • стымуляванне развіцця і папулярызацыі сучаснага мастацкага працэсу ў рэгіёне;
  • умацаванне міжрэгіянальных культурных сувязяў.

Асноўныя пытанні:

  • паказ важнасці такой з’явы ў чалавечым жыцці, як пераемнасць традыцый;
  • прэзентацыя дасягненняў традыцыйнага і сучаснага па формах мастацтва;
  • пашырэнне рэгіянальнага выставачнага кантэксту коштам прыцягнення твораў сучаснага мастацтва;
  • актывізацыя творчага камунікавання рэгіянальных мастакоў і мастацтвазнаўцаў;
  • далучэнне гледачоў да мастацтва і прыцягненне іх да наведвання  экспазіцый.

Для правядзення выставы патрабуецца мастацтвазнаўца-куратар, які арганізоўвае экспазіцыю выставы; наладжвае збор інфармацыі для падрыхтоўкі друкаванага каталога; адказвае за рэкламную кампанію. Мастацкае кіраўніцтва праектам ажыццяўляе куратар, які фарміруе мастацкую канцэпцыю і мастацкую планіроўку выставы; вызначае агульны экспазіцыйны развязак; узначальвае працоўную групу і з’яўляецца членам камісіі па адборы твораў.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце